Далей у кнізе «Быццё» распавядаецца пра першапродкаў яўрэйскага народа: Аўраама, яго сына Ісака, унука Іакава. Асабліва кранае расказ пра сына Іакава — Іосіфа Прыгожага. Гэта выдатна распрацаваны сюжэт пра няшчасці, пакуты, прыгоды чалавека, у рэшце рэшт узнагароджанага за праведнае жыццё. Лёс Іосіфа — парадыгма чалавечага лёсу ўвогуле.
Бацька з усіх сыноў найбольш любіў сына ад любімай жонкі — прыгожага, добрага, разумнага Іосіфа. Зайздроснікі-браты прадаюць Іосіфа ў рабства. Ён трапляе ў Егіпет і служыць у доме, дзе жонка гаспадара заляцаецца да яго, а пасля сваёй няўдачы яго ж і абвінавачвае ў згвалтаванні (сітуацыя, паўтораная пазнейшымі творамі — егіпецкай «Казкай пра двух братоў» і «Іпалітам» Эўрыпіда). Іосіфа кідаюць у засценак. У турме ён разгадвае сны іншых вязняў, якія спраўджваюцца. Праз некаторы час фараону сніцца незвычайны сон пра сем тлустых і сем худых кароў. Ніхто не можа растлумачыць сон, акрамя Іосіфа. Ён прадказвае надыход сямі ўраджайных гадоў і сямі галодных, дае парады, як падрыхтавацца. Узрадаваны фараон робіць Іосіфа сваім першым міністрам. Калі сапраўды надышоў голад і суседнія народы пацягнуліся ў багаты Егіпет, Іосіф дараваў сваім братам і пакінуў іх каля сябе, бо ён не хацеў памятаць благое. На ім ляжала місія: у цяжкі момант выратаваць свой народ. Расказ пра Іосіфа адпавядаў патрэбам простага чалавека, які заўсёды прагнуў справядлівасці. Гэта сапраўды надзвычай абаяльны, жывы персанаж: прыгожы, мудры, практычны і добры. Нездарма ён з таго часу — адзін з самых папулярных вобразаў сусветнай літаратуры.
Праходзіў час. У Егіпце ўлады пачалі дрэнна ставіцца да яўрэяў. Іх імкнуліся ператварыць у рабоў, знішчалі ўсіх немаўлят-хлопчыкаў. Аднак Бог паслаў збавіцеля — Маісея.Расповяд пра цудоўнае выратаванне дзіцяці Маісея — таксама адна з самых яркіх мясцін Бібліі. Ужо сталым чалавекам Маісей вывеў яўрэяў з Егіпта. З гэтага моманту пачынаецца ўласна гісторыя яўрэйскага народа. З другога боку, тут таксама алегорыя. Яўрэі прайшлі праз пакуты, страты, сумненні (сорак гадоў вандравалі па Сінайскай пустыні), але атрымалі ўрэшце зямлю запаветную. Так і кожны чалавек праз сумненні і страты прыходзіць да ісціны.
На гары Сінай Бог дараваў Маісею каменныя скрыжалі, на якіх былі запісаны дзесяць маральных запаветаў для людзей (Дэкалог). Дзякуючы іх глыбіні, сапраўднасці, даходліва выкладзенай форме яны засталіся асноўным маральным кодэксам чалавецтва.
Тора распавядае пра блуканні яўрэяў, пра тыя цяжкасці, з якімі сутыкнуўся Маісей. імкнучыся ўнушыць людзям веру ў адзінага Бога. Якраз асноўная місія Маісея — сцвердзіць сярод яўрэяў монатэізм.
У другім цыкле Старога Запавету — Прароках — ёсць некалькі твораў, прысвечаных гісторьіі яўрэяў ад прыходу іх у Палесціну прыкладна ў XIII ст. да н. э. і да падзення Ізраіля і Іудзеі ў VI ст. да н. э. у выніку наступаў вавілонскіх і асірыйскіх войскаў. Тут варта адзначыць «Кнігу Ісуса Навіна», ваенную аповесць пра тое, як яўрэі заваёўвалі Палесціну, бралі ханаанскія гарады. Тут жа — цудоўная ўстаўка пра волата Самсона. У добрага, але наіўнага асілка была схільнасць да жанчыны варожага народа. Ён даверыў ёй сакрэт сваёй сілы — яна была ў валасах. Даліла, калі Самсон спаў, абстрыгла яму валасы. Безабароннага волата ўзялі ў палон. Аднак у турме яго валасы адрастаюць, і вяртаецца сіла. Ворагі клічуць яго на баляванне, каб паздзекавацца, аднак ён рушыць будынак на сябе і на філісцімлян. Самсон — сімвал героя-патрыёта, вернага сваёй радзіме.
Другі цыкл Бібліі ўключае і 16 кніг прарокаў. Прарокамі лічацца людзі, вуснамі якіх гаворыць сам Бог. Галоўны пафас іх твораў — папрокі свайму народу і прадказанні бедстваў Ізраілю за тое, што яўрэі адступіліся ад Бога, не выконвалі яго запаветаў, спакушаліся вераю ў іншых, язычніцкіх багоў. Праўда, адначасова кнігі прарокаў прасякнуты надзеяй на прыход Месіі-Выратавальніка, пасланага Богам. Хоць вобраз Месіі ахутаны таямнічым арэолам, усё ж ясна, што ён будзе чалавекам, больш за тое, — з царскага роду Давіда. Прыход Выратавальніка — найвышэйшы пункт развіцця чалавецтва, апафеоз гісторыі.
Трэці цыкл Старога Запавету — Пісанне — уключае розныя па характару тэксты: лірычныя, дыдактычныя, гістарычныя; гэта Псалтыр, «Песня песняў», «Эклезіяст», «Кніга Руф», «Кніга Эсфір», «Кніга Іова».
У Псалтыр уваходзіць 150 гімнаў, якія называюцца Псалмамі Давіда і прыпісваюцца цару Давіду(XI — Х стст. да н. э.), стваральніку Ізраіля і заснавальніку яго сталіцы — Ерусаліма. Некаторыя псалмы нагадваюць егіпецкія гімны да сонца, але Бог у іх — не касмічная сіла, а хутчэй лепшы дарадчык чалавека, той, каму можна выказаць свае пакуты і надзеі. Псалмы аказалі вялікі ўплыў на хрысціянскую гімнаграфію, асабліва ў Візантыі. На еўрапейскія мовы іх перакладалі многія вялікія паэты. Сваю выдавецкую дзейнасць з «Псалтыры» пачалі Францыск Скарынаі Сімяон Полацкі.
Читать дальше