Свет гарманічны і прыгожы, бо створаны Богам. Чалавека ж Бог стварае падобным да сябе. Што маецца на ўвазе? Можа, тое, што Бог — уладар Сусвету, а чалавек — Зямлі? Але хутчэй за ўсё чалавек падобны да Бога сваім творчым патэнцыялам, чалавек па сутнасці сваёй — творца. Акрамя таго, яму даравана свабода выбару, ён свабодны, як і Бог, і гэтым адрозніваецца нават ад анёлаў. Але прырода чалавека дваістая, бо цела яго — матэрыяльнае, ён створаны з зямлі (Адам па-яўрэйску «чырвоная зямля»). Адам заключае ў сабе каласальную магутнасць Універсуму, тут Мікракосмас ставіцца ўпоравень з Макракосмасам. Першачалавека Адама сімвалічна неабходна разглядаць як увасабленне ўсяго чалавецтва. Жонка яго Ева — сімвал матэрыяльнага аспекту жыцця, яна маці ўсяго Існага. 3 духоўнага пункту гледжання Ева — антыпод Дзевы Марыі, духоўнай Маці ўсіх людзей.
Бог пасяліў першую чалавечую шлюбную пару ў садзе Эдэм (у старажытнаславянскай мове перакладзена як Рай), каб чалавек даглядаў яго і ахоўваў, дазволіўшы Адаму і Еве есці любую садавіну з дрэў сада, акрамя плода з Дрэва пазнання дабра і зла. Змей спакушае Еву парушыць забарону. Змей у хрысціянскай традыцыі лічыцца ўвасабленнем зла, спакушальнікам, д’яблам. Бог праклінае змея і выганяе першалюдзей з Эдэма. 3 таго часу наканаванне Адама — у поце здабываць хлеб свой, а Евы — у пакутах нараджаць дзяцей.
Сюжэт пра грэхападзенне, нягледзячы на знешнюю займальнасць, надзвычай складаны ў філасофскім сэнсе, і яго неабходна разумець сімвалічна. У чым грэх першалюдзей? Яны зрабілі ўчынак паводле волі, супрацьлеглай волі Бога, таму выйшлі са сферы Закону, пакладзенага Богам у аснову свету, як бы выпалі з адзінства свету і пачалі ставіцца да яго быццам збоку. Так, чалавек пачаў усведамляць сябе, але ўсведамляць скажона, бо ён разбурыў спрадвечную сваю адзінасутнасць з Прыродай, парушыў сусветную гармонію. У чалавека з’явілася функцыя пазнання, функцыя розуму, які, аднак, не ўсемагутны. А вось калі б першалюдзі не парушылі Божаскіх Законаў, яны бы разумелі сутнасць рэчаў гэтаксама, як і Бог, як бы схоплівалі любую з’яву цалкам, дасягаючы яе сутнасці.
Першародны грэх сказіў сапраўднасць чалавека, створанага нявінным, бязгрэшным. Выратаванне яго — хрысціянскае хрышчэнне: яно як бы адкрывае ў чалавеку яго сутнасць, яго душу, сумленне — тое, што закладзена Богам, далучае хрышчонага да Хрыста («новага Адама»), які сваёй смерцю выкупіў грэх першага Адама.
Трагічны вынік раздзялення людзей — варожасць адзін да аднаго, што праявілася ў другім страшнейшым граху чалавецтва — братазабойстве дзяцей Адама і Евы: Каінзабіў брата свайго Авеля. 3 таго часу пачаліся ўсе злачынствы, няшчасці, гвалт, тэрарызм, войны ў свеце.
Біблейскае паданне пра Адама і Еву, іх сыноў пакінула значны след у сусветным фальклоры. Вельмі шырока прадстаўлены матыў грэхападзення і выгнання людзей з Эдэма ў сусветным выяўленчым мастацтве.
Дрэнныя нашчадкі Каіна былі пакараны сусветным патопам. У Бібліі гэта алегарычная карціна пагібелі цывілізацыі, разбурэння культуры — вялікае папярэджанне чалавецтву, сёння — як ніколі актуальнае. Ідэя ў тым, што ўсё сапраўды каштоўнае выратоўваецца ў Каўчэгу. Тут Біблія гаворыць пра абавязковасць пераемнасці ў культуры. Алегорыя мае і іншае значэнне, якое тычыцца асобнага чалавека. Патоп — непазбежная смерць. Але чалавек можа пабудаваць унутры сябе «каўчэг» і сабраць у ім усе каштоўныя, уласцівыя роду чалавечаму якасці — толькі ў гэтым надзея на выратаванне, на бессмяротнасць.
Ад выратаванага ў каўчэгу бязгрэшнага нашчадка трэцяга сына Адама і Евы — Сіфа — Ноя і яго сыноў — Сіма, Хама, Яфета — пайшлі ўсе расы чалавечыя. У прыватнасці белая раса — ад Яфета. Часам індаеўрапейскія мовы называюць яфетычнымі. У Бібліі згадваюцца ўнукі Яфета — Рош(сь), Мешэх, Фувал, Гамер і інш. Ад Роша, магчыма, паходзіць народ «рос», апісаны ў многіх старажытных помніках.
Яшчэ адзін важнейшы матыў у першай кнізе Бібліі — пра Вавілонскую вежу. Гэта варыянт міфа пра патоп. Але калі той распавядае пра выратаванне, то гэты — пра пагібель. Вежа — сімвал Цывілізацыі. Людзі вераць у інтэлектуальныя метады, у тэхнічныя сродкі, у фармальныя ўстановы, вераць у прагрэс, які якраз і сімвалізуе Вавілонская вежа. Але непазбежна прыходзіць момант, калі людзі настолькі раздзяляюцца, што перастаюць разумець адзін аднаго (у сюжэце гэта выказана праз матыў аб змяшэнні моў). Вежа рушыцца. Бог пакараў людзей за тое, што іх намаганні, імкненні былі накіраваны на знешняе — на будаўніцтва цывілізацыі замест таго, каб будаваць вежу ў душы сваёй, інакш кажучы, узвышацца духоўна.
Читать дальше