Беларуская мова – раўнапраўны член моўнай сям'і ўсяго зямнога шара. Пры гэтым характэрна, што яна значна менш рускай мовы падверглася ўздзеянню чужых моў і захавала шматлікія стражытныя рысы. У 1853 годзе вядомы даследчык Беларусі Павел Шпілеўскі ў сваіх "Путешествиях по Полесью и Белорусскому краю" пісаў: "Язык белоруссов сохранился неприкосновенным в течение 18 веков и в настоящее время является таким, каким был, т.е. древнеславянским, или, впоследствии, белорусским". Атрымліваецца, што ні рускія цары, ні польскія каралі не змаглі знішчыць беларускую мову, а бальшавікі змаглі. І зноў крыўдна, што, праіснаваўшы столькі часу, беларуская мова цяпер памірае на вачах.
І нельга так безадказна адносіцца да таго, што многія з нас забыліся, ці дрэнна ведаюць сваю родную мову – мову продкаў. Не будзе беларускай мовы – не будзе беларускага народа і беларускай нацыі. У сусветнай гісторыі няма такіх аналагаў, каб мова карэннага народа замянялася на мову суседняй дзяржавы. Рана ці позна перад вамі і вашымі нашчадкамі паўстане пытаннне, – калі вы беларус, тады якія атрыбуты нацыі вам уласцівыя? Я сумняваюся, што гэта вам лёгка будзе паказаць, стоячы на пазіцыі нацыянальнага нігілізму. Ёсць і іншы варыянт: калі я валодаю толькі рускай мовай,а беларускую лічу вымершай, ці "выдуманай вучонымі", то можна залічыць сябе да рускай нацыі. У гэтым, як здаецца, цалкам натуральным кроку, хаваецца вельмі непрыемная для вас перспектыва – для карэнных рускіх вы заўжды будзеце другасортным чалавекам, а магчыма, і здраднікам.
Чалавека, які не ганарыцца сваёй нацыяй, сваім народам, не паважаюць ува ўсім свеце. Такі чалавек лёгка пойдзе на здраду і не толькі свайму бліжняму, але і Радзіме. І не трэба паўтараць бальшавіцкіх лозунгаў аб маёй Радзіме – СССР. Гэта хлусня. Не Сібір – мая Радзіма, і не Туркестан. Мая Радзіма тут. І мой народ – беларускі, і мова мая – беларуская. І гісторыя мая – гісторыя Беларусі. Не разумець гэтага, не жыць у адпаведнасці з гэтым правілам – значыць, здраджваць свайму народу. А здраднікаў нідзе не любяць. Такая ж змрочная перспектыва чакае і ўсю Беларусь у выпадку перамогі праціўнікаў дзяржаўнасці рэспублікі. Увайшоўшы ў склад Расіі, як, напрыклад, Паўночна-Заходні край, ці тэрыторыя двух заходніх рускіх губерняў (па Жырыноўскаму), мы асуджаны на жабрацкае, галоднае існаванне. Бо ні для каго не сакрэт, што яшчэ зусім не так даўно ўзровень жыцця ў нас быў вышэй, чым у Расіі. Са знікненнем межаў прасцей зрабіць выраўніванне ў бок ніжэйшага (і гэта ўжо даўно пачалося), адбудзецца спусташэнне ворных зямель, раскраданне прыродных багаццяў, – бо з пункту гледжання Расіі, нашыя землі больш прывабныя. Мы, па сутнасці, у гэтым выпадку з'явіліся б калоніяй Расіі, і, зразумела, зноў жа другасортнымі людзьмі.
Аднак, будзем спадзявацца, што такое шэрае жыццё нас усё ж не чакае і Рэспубліка Беларусь стане цывілізаванай дзяржавай, у якой жыхары зберагаюць і паважаюць сваю мову, гісторыю, традыцыі і звычаі.
(Артыкул у скарочаным варыянце быў надрукаваны ў газеце "Советская Белоруссия" за 11 жніўня 1992 г.)
Раздзел 2. Заняволеныя народы Расійскай Імперыі скідваюць каланіяльнае ярмо
З распадам Савецкага Саюза ўзнік моцны радыяльна накіраваны рух па ўтварэнню новых незалежных нацыянальных дзяржаў. І цяпер кожная з былых рэспублік СССР уяўляе сабой дзяржаву.
Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць, што ў Расійскай імперыі не было прыгнёту малых нацый, яны імкнуцца выставіць царскі ўрад ледзь не дабрадзеемі для нярускіх, адсталых нацый. Але факты гавораць аб іншым. К пачатку ХХ -га стагоддзя Расійская імперыя істотна адрознівалася ад існуючых на той час імперый – брытанскай, аўстрыйскай і іншых. Галоўнае адрозненне – у амаль поўнай адсутнаці ў Расіі традыцый дэмакратыі, уласцівых заходнім дзяржавам. Гэта тычылася дэмакратыі як у дзяржаўным будаўніцтве, так і ў дэмакратызацыі жыцця людзей.
Расійскі самадзяржаўны стыль жыцця быў уласцівы толькі Расіі і ніякай іншай краіне Захаду. З другога боку, у краінах Усходу – Кітаі, Японіі, Карэі, краінах Бліжняга Усходу – Персіі, Туркестане і і ншых, аўтарытарны рэжым – традыцыйны стыль кіравання дзяржавай.
У чым жа прычына таго, што адзіная нацыя з усіх еўрапейскіх – руская сфармавалася з, фактычна, мангалоідным менталітэтам? Я мяркую, што прычына тут даволі простая і даволі празрыстая. Як ні адзін народ, насельнікі Маскоўскага і суседніх яму княстваў былі на працягу стагоддзяў у самых шчыльных узаемадачыненнях з шматлікімі татарскімі плямёнамі. Вякамі Масква плаціла даніну татарскім ханам. Яны жылі настолькі блізкім жыццём, што іхняе шматбаковае партнёрства перарасло ў новую якасць, даўшы свету рускі народ і магутную Расійскую імперыю. Руская нацыя, па-сутнасці, ёсць вынік асіміляцыі славянскіх плямёнаў з татарамі. Дарэчы, гэтую акалічнасць любяць падкрэсліваць самі расіяне.
Читать дальше