Спадар В.Н.Карбавец з Віцебска параіў мне: (цытую даслоўна) "содитесь и ликвидируйте лигбес". Вы ведаеце, я з задавальненнем зраблю так, хоць мяркую, што і Вам не пашкодзіла б заняцца лікбезам. Гэтым я займаюся, між іншым, кожны дзень, вечар, а бывае, і ноч. Займацца палітычнай дзейнасцю, адначасна спалучаючы гэта з выкладчыцкай і навуковай працай – вельмі вялікая нагрузка. Я не маю, фактычна, выхадных дзён і наогул таго, што завецца вольным часам. І свой крыж я павінен несці, пакуль гэта патрэбна людзям. Складаней адказаць на пытанне: навошта гэта патрэбна мне? Часткова адказ я ўжо даў ў эпіграфе да ўсёй кнігі перад артыкулам "Ад аўтара".
Але вярнуся да галоўнага. Да найбольш набалелай праблемы – мовы. Ёсць розныя думкі. Найбольш агрэсіўныя, напрыклад, пішуць аб дыктатуры беларускіх расістаў. Я думаю, што гэта не сур'ёзна. Распаўсюджаная думка – найбольш талерантная да іншых нацый менавіта беларуская нацыя. Хаця наконт талерантнасці беларусаў у мяне асобныя аднасіны [ 2 2 Гл. артыкул кнігі "Міф аб талерантнасці беларусаў".
].
Ці вось яшчэ праблема. Часта сустракаецца фраза "рускамоўны беларус". Добра гэта, ці дрэнна? Што ён за чалавек, які нібыта і беларус, прынамсі, па савецкаму пашпарту, але гаворыць па-руску? І не дзе-небудзь у Расіі, а ў сябе на Радзіме – у Беларусі. Нешта тут не тое. Хіба можа быць, скажам, "рускамоўны француз" у Францыі? Тэарэтычна, пэўна, можа, але калі да таго ж ён не з'яўляецца французкамоўным, тады з французам яўна нешта не ў парадку. Гэта Вам скажа любы "нармальны" француз. Забыцца сваю родную мову і не імкнуцца да яе засваення – гэта вельмі дрэнна. Бо адсутнасць мовы – "крыві народа" – вядзе да знікнення усяго народа.
Я вярнуся да пытання аб мове трохі пазней, даўшы спачатку невялічкі агляд гісторыі нашай Радзімы, бо менавіта ў ёй хаваецца наша бяда – наш пракляты нацыянальны нігілізм.
Ідэялагічны аддзел КПБ-КПСС гадамі апрацоўваў беларусаў у патрэбным рэчышчы шавіністычнай тэорыі "вялікага рускага старэйшага брата", і трэба сказаць, – небеспаспяхова. Асабліва "папрацавалі" ў напісанні скажонай гісторыі Беларусі вучоныя начале з прафесарам Абэцадарскім. У якасці гісторыі Беларусі мы вывучалі іх опусы наскрозь прасякнутыя хлуснёй і прапагандай гераізму і вялікасці рускіх. Вось некалькі прыкладаў палітыкі, што праводзілі расійскія шавіністы і якая пасля стала асновай канцэпцыі памянутых беларускіх гісторыкаў. Так, захопніцкія войны Масквы з Вялікім княствам Літоўскім – а Беларусь у ім складала аснову дзяржавы – прадстаўляліся як нацыянальна-вызваленчыя войны. Анексія Беларусі ў канцы ХVIII стагоддзя ў склад Расійскай імперыі прадстаўлялася як уз'яднанне з Вялікай Расіяй. А, між тым, вялікі для Расіі палкаводзец А.Сувораў у адносінах да беларусаў быў агрэсарам і акупантам. З яго дапамогай тысячы сялян з Кобрынскага і іншых заходнебеларускіх уездаў у канцы XVIII ст. былі вывезены ў якасці прыгонных у розныя губерні Расіі.
Гісторыя нашая вялікая і гераічная. Нам ёсць чым ганарыцца. Незалежнасць нашых земляў прайшла тысячагадовую адзнаку. З 980 г. узгадваецца незалежнае ад Кіеўскай Русі Полацкае княства, вакол якога гуртаваліся беларускія землі [ 3 3 Падрабязней у раздзеле "Міфы гісторыі".
]. Затым узнікла Вялікае княства Літоўскае, ядро якога складалі беларусы. Яны называліся тады ліцьвінамі, а ў некаторых выпадках таксама русінамі. ВКЛ было моцнай Еўрапейскай дзяржавай з багатай культурай і нашмат пераўзыходзіла Маскоўскае княства як па ўзроўню тэхнічнага і навуковага развіцця, так і па культуры і мастацтву. З Вялікага княства Літоўскага бярэ пачатак усходнеславянскае кнігадрукаванне Францыскам Скарынам, які пачаў друкарскую справу "славянскім языком" на 50 год раней рускага першадрукара Івана Фёдарава. Тут нараджаецца чароўны і непаўторны архітэктурны стыль – віленскае барока... І калі ў XVII стагоддзі пачало ўзвышацца Маскоўскае княства, менавіта беларускія ўмельцы па запрашэнню цара прыехалі ў Маскву і цалкам яе адбудавалі – сваіх спецыялістаў тады Масква не мела.
Нават пазней, калі ВКЛ увайшло на канфедэратыўнай аснове ў склад Рэчы Паспалітай, на нашай тэрыторыі працягваў дзейнічаць Статут Вялікага Княства Літоўскага, які, як вядома, быў напісаны на беларускай мове. Статут прыпыніў сваю дзейнасць толькі тады, калі Беларусь у выніку анексіі аказалася калоніяй Расійскай імперыі. З гэтага часу і пачаўся заняпад беларускага народа.
Аднак, вернемся зноў да моўнай праблемы. Ліст Косціна Леаніда Сяргеевіча "Его не было и нет (маецца на ўвазе беларуская мова – А.А.) и есть мешанина трёх языков: русского, украинского и польского...". З такога пункту гледжання можна сцвярджаць, што, напрыклад, галандскай мовы няма, а ёсць мешаніна нямецкай і англійскай, і больш таго – самой рускай мовы няма, а ёсць мешаніна стараславянскай з татарскай і фінскай.
Читать дальше