Шмат было планаў у Яна Кароля Хадкевіча. Слаў шпегаў у Эстонію, рыхтаваўся да наступу на землі, якія былі ва ўладанні заморскай кароны яшчэ ад Жыгімонта Аўгуста. Хацеў скінуць праціўніка ў Фінскую затоку i канчаткова ачысціць ад яго Прыбалтыку. Але зноў тая ж праблема: нястача грошай. У неаплочаным войску скончылася апошняе цярпенне — хто вярнуўся ў Беларусь, а хто (такіх было найбольш) накіраваўся ваяваць у Маскоўшчыну. Хадкевічу не было чаго больш рабіць у Інфлянтах. Пакінуўшы дробныя залогі ў гарадах i замках, ён таксама вярнуўся на Бацькаўшчыну, змучаны фінансавым клопатам, спакутаваны хваробаю нырак, ад якой часам быў на мяжы смерці. Увесь 1610 год магнат правёў у сваіх уладаннях у Беларусі i Летуве, парадкаваў гаспадарку, клапаціўся пра ўмацаванне Ляхавіцкага замка i будаўніцтва царквы для мясцовых жыхароў. Вярнуўся ж вялікі гетман у Прыбалтыку ў наступным годзе, каб падпісаць мір. Час на гэта прыспеў — памёр Карл IX, дый сама шведская дзяржава была звязаная распачатай вайной з Даніяй. Але не да міру было Хадкевічу.
Войны маскоўскага цара Івана Жахлівага супраць суседзяў, вынішчэнне псіхічна хворым валадаром усяго найлепшага ў сваім народзе давялі Масковію да катастрафічнага стану. Вялізная дзяржава, што прасцерлася ад Ледавітага акіяна да Каспія, курчылася ў сацыяльных i палітычных канвульсіях. Царскія пераемнікі i абяскроўленае дваранства не маглі ажывіць гаспадарства. Змовы, забойствы, пошасці i голад, агульны разлад i непарадкі ахапілі край. Запалалі паўстанні сялян i гараджан, падтрыманыя казакамі. Не прымусілі сябе доўга чакаць i суседзі. Паўднёвыя ўскраіны пачалі вынішчаць крымскія татары. Швецыя праявіла зацікаўленасць да Ноўгарадчыны. Але галоўная небяспека краю ішла ад беларускай мяжы.
Беларускія i часткова ўкраінскія феадалы наважыліся выкарыстаць аслабленне ўсходняга суседа для рэваншу, для вяртання земляў, захопленых Масквой яшчэ на пачатку XVI стагоддзя. Да гэтых інтарэсаў далучыліся польскія, i з'явілася задума як мага болей падпарадкаваць свайму ўплыву вялізнае ўсходняе гаспадарства. Такія памкненні актыўна падтрымала каталіцкая царква, якая намервалася ўзалежніць праваслаўе папу рымскаму, a ў перспектыве i скасаваць царквуўсходняга абраду. Ну а каралю Жыгімонту рупіў усё той жа клопат — не толькі аслабіць Маскву як шведскага хаўрусніка, але i з дапамогай яе сілаў зрабіць новы рывок за мора па бацькоўскі пасад. Як бачым, планы былі занадта маштабныя. Але цікава, штопры разважлівым падыходзе значная частка ix магла быць зрэалізаваная!
Для адкрытага ўмяшання ў справы на ўсходзе існавала фармальная перашкода — мір паміж Рэчай Паспалітай i Маскоўшчынай, падпісаны ў 1601 годзе. Таму спачатку былі выкарыстаны падстаўныя фігуры авантурыстаў, што выдавалі сябе за сына Івана Жахлівага i вакол якіх гуртаваўся ўвесь незадаволены расейскі люд, казацтва, а таксама розныя ахвотнікі прыгодаў i нажывы з Беларусі, Украіны i Польшчы. Аднак першы Зміцер Самазванец, які вырушыў па царскую карону ў 1604 годзе, пратрымаўся ў Крамлі меней за год. Другі ж, па адной з версіяў — шкаляр са Шклова, безнадзейна засеў пад Масквой у Тушынскім лагеры. Убачыўшы бясплённасць намаганняў самазванцаў, панавальныя колы Рэчы Паспалітай адважыліся на адкрытыя збройныя дзеянні. Увосень 1609 года Жыгімонт Ваза пачаў аблогу Смаленска, а праз год польска-беларускія войскі, у якіх многія з мясцовага баярства напачатку бачылі абаронцаў ад паўсталых сялян i казацтва, занялі без бою сталіцу.
Яшчэ напярэдадні выступу на Смаленск кароль прапанаваў Яну Хадкевічу, як найбольш дасведчанаму палкаводцу, узначаліць войскі. Але напачатку гетман адмовіўся. I на гэта былі прычыны. Ягоны ад'езд з Інфлянтаў на доўгі час значна аслабіў бы беларускія пазіцыі ў Прыбалтыцы, дзе было пражыта некалькі гадоў, праведзена столькі пераможных бітваў. Да таго ж існаваў i маёмасны інтарэс — у паўднёвай Эстоніі магнат меў вялікія зямельныя ўладанні. Да вайны ж на ўсходзе Хадкевіч, як i ягоная радня, ставіўся з вялікім сумневам. Ведаў, што ў далёкім i такім разлеглым краі для перамогі запатрабуюцца велізарныя сродкі, а менавіта ix у сама адказны час i не знойдзецца ў дзяржаўнай скарбніцы.
Адмова выклікала пагаршэнне дачыненняў з манархам. А тут яшчэ выявілася, што Жыгімонт можа пайсці на збліжэннез Янушам Радзівілам i даручыць яму кіраваць усходняй кампаніяй. Хадкевіч не мог дапусціць узвышэння свайго праціўніка i ўрэшце пагадзіўся з прапановай караля.
Читать дальше