У наступным допісе Максім Бурсевіч паведамляў аб тым, што “25 сьнежня 1925 г. звольнены з вастрогу жыхар вёскі Чамяры Слонімскага павету Якаў Пракапчук — 60 гадоў. Ён прасядзеў у вастрозе ажно тры месяцы і звольнены без ніякага акту абвінавачаньня і без залогу. Пры “баданьнях” не знайшлі ніякай віны, якая была б падставай для абвінавачаньня. Ці ж гэта ня зьдзекі над беларускай люднасьцяй?!”. [18] Беларуская справа. 1926, № 9, 3 лютага
З пачатку 1920-х гадоў Максім Бурсевіч падтрымліваў сувязь з беларускімі арганізацыямі ў Вільні. А праз пэўны час яго кандыдатура была вылучана Беларускім цэнтральным выбарчым камітэтам на пасла ў польскі сейм. У чэрвені 1925 года ён увайшоў у 1-ы актыў Беларускага пасольскага клуба, а праз год быў залічаны ў склад ЦК Беларускай сялянска-работніцкай Грамады (БСРГ) і выбраны кіраўніком яе Цэнтральнага Сакратарыята.
Максім Бурсевіч загадваў фінансавымі сродкамі БСРГ, ствараў яе мясцовыя камітэты, наладжваў іх работу. У яго рукі аддалі ўсе фінансавыя сродкі — не інакш, мелі да яго бязмежны давер, як да чалавека сумленнага. Высока ацэньвалі яго здольнасці і прадбачылі, што ён адолее ўсё. Хоць гэта і быў для Бурсевіча незвычайны скок: з вёскі ў горад і адразу за руль вялікай і ўвесь час растучай арганізацыі. І справіўся ён дастойна. Аб гэтым сведчыць і рашэнне апеляцыйнага суда, які ўсім паслам з 12 гадоў зняволення зменшыў тэрмін напалову, а Максіму Бурсевічу зменшыў толькі на 2 гады.
Пакаранне наш зямляк адбываў у турмах Лукішкі, Вронкі, Каранова. У 1931 годзе, у выніку абмену палітычнымі зняволенымі, ён трапіў у БССР. Жыў у Мінску. Працаваў членам прэзідыума і выконваў абавязкі кіраўніка аддзела культуры і навукі Дзяржплана БССР. Удзельнічаў у рабоце камісіі па вывучэнні Заходняй Беларусі пры АН БССР.
У другой палавіне 1933 года Максім Бурсевіч быў беспадстаўна абвінавачаны ў так званым нацыянал-дэмакратызме, арганізацыі антысавецкага цэнтра, “заснаванага для аддзялення Беларусі ад СССР на карысць Польшчы”. А 9 студзеня 1934 года яго асудзілі да вышэйшай меры пакарання, якая была заменена 10 гадамі зняволення. Пакаранне Максім Бурсевіч адбываў на Салаўках і на будаўніцтве Беламорска-Балтыйскага канала.
9 кастрычніка 1937 года тройкай УНКУС па Ленінградскай вобласці наш зямляк быў асуджаны да вышэйшай меры пакарання. Яго расстралялі 3 лістапада 1937 года. І толькі ў 1956 годзе ён быў пасмяротна рэабілітаваны па абодвух прысудах.
Максім Бурсевіч — не менш значная постаць ў гісторыі Беларусі, як Браніслаў Тарашкевіч і Сымон Рак-Міхайлоўскі. І калі пра іх напісаны кнігі, выдадзены іх творы і выступленні, адкрыты мемарыяльныя шыльды, дык Максім Бурсевіч зусім забыты. Няма ні помніка, ні шыльды, не напісана пра яго манаграфія, ні выдадзены яго выступленні і літаратурныя творы (пісаў гумарэскі, фельетоны, байкі, інфармацыі, друкаваўся ў «Беларускай долі», «Змаганьні», «Сялянскай праўдзе», «Беларускай ніве», «Беларускай справе», «Загоне», «Савецкай Беларусі») і, наогул, пра яго мала хто ведае. Хіба толькі гісторыкі...
АНДРЭЙ І ІЛЛЯ ПРАКАПЧУКІ
Да славутых чамяроўцаў належыць і доктар медыцынскіх навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі нашай рэспублікі Андрэй Якаўлевіч Пракапчук.
Нарадзіўся Андрэй Пракапчук у 1896 годзе ў вёсцы Чамяры. Тут прайшло яго дзяцінства, тут скончыў Слонімскае гарадское вучылішча, пасля настаўніцкія курсы, якія знаходзіліся ў мястэчку Свянцяны Віленскай губерні.
Час на курсах прайшоў хутка і неўзабаве Андрэй Пракапчук апынуўся ў Жыкморах Трокскага павета, дзе ўладкаваўся працаваць настаўнікам. У Жыкморскай школе было пяцігадовае навучанне, таму дасталіся яму пачатковыя класы. Школа была нішто сабе, і настаўнікі — людзі неблагія, акрамя загадчыка школы Лабанава. Гэта быў чарнасоценец, член "Саюза рускага народу", выпісваў чарнасоценную газету "Земшчына". Аднак працаваць Андрэю Пракапчуку ён не вельмі перашкаджаў, і клас яго быў не з горшых: калі школу правяраў інспектар народных вучылішчаў, ён звярнуў на яго ўвагу і нават запрасіў да сябе ў Трокі. У Троках, калі яны пазнаёміліся бліжэй, інспектар сказаў, што будзе рэкамендаваць Андрэя ў Пецярбург на Фрэбелеўскія курсы. Ён, вядома, узрадаваўся, але на курсы не паехаў, бо пачалася першая сусветная вайна.
У жніўні 1914 года Андрэя Пракапчука прызвалі ў войска. Служыў салдатам у першай роце лейб-гвардыі Пецярбургскага палка, дакладней — яго запаснога батальёна. Неяк выпадкова вывіхнуў нагу і трапіў у шпіталь. А ў шпіталі сустрэў свайго земляка з Жыровіч Аляксандра Станкевіча, які быў тут фельчарам. Менавіта Станкевіч і павярнуў лёс Пракапчука да яго будучай прафесіі. Ён уладкаваў Андрэя ў шпіталь, а пасля параіў паступаць на курсы ротных фельчараў. Што было і зроблена.
Читать дальше