Імгненнымі знічкамі ўспыхнулі мы на цёмным небе Беларусі і згарэлі, так і не паспеўшы асвяціць яе прасторы. А так хацелася сваёй ахвярнай барацьбой за нацыянальную ідэю і свабоду разбудзіць патрыятычную свядомасць народа, яго магутныя сілы. Хоць не многія змаглі заўважыць бляск нашых шчырых сэрцаў, пачуць наш кліч, але сталінская зграя зразумела, што Беларусь не скарона, што ў глыбіні яе самабытнасці выспяваюць сілы, здольныя парваць ланцугі няволі і годна ўзняць штандары Незалежнасці.
Наша барацьба была няроўнай. І мы ведалі, што ідзём на мукі і на смерць, але лёс і гонар Беларусі былі для нас святымі, і мы не маглі паводзіць сябе інакш.
Можа нехта сёння не зразумее нас, нашу ахвярнасць, бо для таго, каб разумець патрыётаў, трэба імі стаць, трэба любіць Беларусь — як любілі яе мы!”. [15] Супрун Васіль.Штрыхі з успамінаў.Слонім, 2003. С. 55-56
Моцна любілі Беларусь і чамяроўцы, але найбольш свой куточак, сваю вёску. Толькі абараніцца ад усіх войнаў і рэпрэсій ім было цяжка. Пасля вайны пачаліся новыя арышты, ліквідоўвалася прыватная гаспадарка, вяскоўцаў сілаю заганялі ў калгас, які арганізавалі ў Чамярах у 1949 годзе. Праўда, старшынёю калгаса вяскоўцы выбралі свайго хлопца — партызана і франтавіка Мікалая Хвясеню.
Вёска паціху пачала адбудоўвацца, дзеці пайшлі ў школу, а пасля школы — паступалі ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Дарэчы, некалі ў школе ў Чамярах быў краязнаўчы музей, які арганізаваў Аляксандр Жукоўскі. Музей займаў толькі два пакоі. Але ў ім былі цікавыя экспанаты, якія расказвалі пра гісторыю вёскі, а таксама партрэты знакамітых чамяроўцаў — вучоных, пісьменнікаў, мастакоў, вайскоўцаў, дактароў, работнікаў сельскай гаспадаркі, будаўнікоў. Напрыклад, чамяровец Яўген Багданчук за вытворчыя поспехі на будаўніцтве Лукомскай ДРЭС ў 1975 годзе атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён быў дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР у 1975-1980 гадах. А Андрэй Міско стаў кандыдатам сельскагаспадарчых навук, спецыялістам па сартавой агратэхніцы яравой і азімай пшаніцы і селекцыі азімай пшаніцы. У 1998 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі.
У Чамярах нарадзілася і шмат іншых знатных вяскоўцаў, якія заслугоўваюць не толькі асобных раздзелаў у кнізе і памяці сваіх землякоў, а цэлых манаграфій і помнікаў. Пра некаторых з іх — у наступным раздзеле кнігі.
МАКСІМ БУРСЕВІЧ
Знакаміты беларускі палітык, педагог і публіцыст Максім Бурсевіч нарадзіўся ў вёсцы Чамяры 9 жніўня 1890 года ў сялянскай сям’і беларусаў Тараса і Марыі. Сям’я была вялікая, таму адукацыю атрымаць удалося толькі яму і старэйшаму брату Андрэю, якія закончылі Слонімскае двухкласнае вучылішча і настаўніцкую семінарыю ў Жыровічах.
Пасля заканчэння семінарыі ў 1910 годзе Максім паехаў да брата ў Ваўкавыскі павет. Можа, хацеў пераняць педагагічны вопыт ці знайсці работу, але менавіта там сустрэў на хутары Тарасаўка дзяўчыну Апалінарыю Мацвееву, з якой ажаніўся. Да апошніх сваіх дзён яна была верным сябрам і памочнікам Максіма ў яго нялёгкім жыцці.
Адразу пасля вяселля пачалося іх вандроўнае жыццё. Спачатку ў 1911 годзе ён з сям’ёй жыве і настаўнічае на Кобрыншчыне, потым — на Украіне. А ў пачатку 1922 года вяртаецца ў родныя Чамяры, дзе стаяла яшчэ бацькава хата.
У 1925 годзе, з дапамогай сваіх землякоў, Максім Бурсевіч адкрывае ў вёсцы прыватную беларускую школу. Але хутка школу закрылі. А Бурсевічу не дазволілі займацца педагагічнай дзейнасцю. Тым не менш у сваіх Чамярах ён быў самым адукаваным чалавекам, таму прысвяціў сябе грамадскай дзейнасці. «Пераважна збіраў моладзь, чытаў ёй і тлумачыў навіны і артыкулы з беларускіх левіцовых газет. Толькі многа год потым стала вядома, што гэтыя газеты не адно прывозіў у вёску, але таксама пісаў у іх пад псеўданімам «Чупрыновіч». Словам ён быў адзіным у вёсцы чалавекам адукаваным, які карыстаўся вялікай пашанай у сваіх аднавяскоўцаў і то не толькі маладых — да яго голасу прыслухоўваліся ўважліва таксама старэйшыя людзі. Неаднойчы ён выступаў на нелегальных мітынгах, якія праводзілі ў вёсцы камуністы або камсамольцы. У Чамярах ён быў не толькі прапагандыстам, больш таго — быў духовым правадыром, і ён імкнуўся гэты ўплыў на сялян захаваць». [16] Бергман А. Максім Бурсевіч // Беларускі каляндар-1981. Беласток. С. 160
Давайце пагартаем віленскую газету “Беларуская справа” за 1926 год і пачытаем, што пісаў Чупрыновіч (Максім Бурсевіч) пра чамяроўскія справы. У інфармацыі “Самаўрады” ён паведамляе: “У Чамярах (Слонімшчына) яшчэ да 1919 года вёўся звычай мяняць штогод грамадзкага солтыса. Папярэднія солтысы, мясцовыя людзі, прыймалі абавязак, калі грамада яго ім давала, але ахвотна і ўступалі згодна з воляй сваіх выбаршчыкаў. Аднак, мусіць, няма ніводнага стада без паршывае гавечкі. Становішча солтыса ў 1924 годзе грамада Чамерская даручыла свайму гр.Аляксандру Дземяшэвічу. Спачатку ён быў солтыс нішто, пакуль не расьпіўся. Прыйшоў час новых выбараў. Адбыліся яны ў лістападзе 1925 году, і грамада аднагалосна выбрала солтысам Антона Хвесяню. Зрабілі пратакол, падпісаліся, адаслалі і чакаюць. Праз нейкіх месяцаў два пайшлі чуткі, што Слонімскі павятовы староста пан Пшэцішэвскі чамусьці не зацьвердзіў выбараў і даручыў войту гміны В.Корчыцу зрабіць перавыбары. Прыехаў войт. Грамада сабралася, як адзін, у хаце солтыса Д. Солтыс быў п’яны, як дым. Ня мог языком валадаць. Калі гаварыў штось дык ня можна было разабраць яго гутаркі. Грамада зноў аднагалосна выбрала свайго новага кандыдата Антона Хвясеню. Новага солтыса аднак ізноў не зацьвердзілі, а старому далі неагранічаныя паўнамоцтвы. Дземяшэвіч ад сябе назначыў сябе заступнікам Максіма Міску, і работа пайшла. Пасьля новай прысягі стары солтыс пачаў піць па-новаму. А, п’ючы, каб не падгадзіць і апраўдаць даверые начальству, пачаў душыць людзей і падаткамі, і фурманкамі, і дарогамі. Стогнам стогнуць людзі ад гвалтаў, а зьмяніць стаўленіка ўсемагутнага старосты не могуць. Мо хіба нашы паслы што зробяць? Вось якія ў нас самаўрады! 90 подпісаў ад 700 душ жыхароў нічога ня варты. Староста скідае, староста і назначае. Пікнуць ніхто не смее! Неяк каля 25 красавіка сёл.году наляцела на вёску Чамяры Слонімскага павета гміннае начальства: войт Чамерскай гміны Вандалін Корчыц, паліцыянт гміннага пастарунку п.Сініцкі, памочнік гміннага сэкрэтару, ды сам наш солтыс Чамерскай грамады Аляксандр Дземяшэвіч. Прыехаўшы на вёску, яны зажадалі, каб зараз жа ў адзін дзень усе жыхары вёскі заплацілі розныя зацягнуўшыеся падаткі за мінулыя гады. Сьмешна падумаць! Дзе возьме селянін грошай на падаткі за дзень, калі ён ня мог іх заплаціць за некалькі гадоў! Але “начальства” пачало па-свойму. Яно проста брала ў гаспадароў усё, што пападалася пад руку. Гэтак у беднага жыхара вёскі Чамяры Мікалая Багданчука забралі усё ягозбожжа: жыта каля 20 пудоў, грэчкі каля 5 пудоў, падоўжнюю пілу і папярэчнюю пілу і сякеры. Жыта і грэчку дзеткі Багданчука зарабілі, пасучы быдла сваіх суседзяў, а падожнюю пілу яны пазычылі ў Дзеравянчыцах, каб напілаваць дашок хоць на вокны ў хаце. І вось гэнае запрацованае цяжкай працай пастуха — забрана за падаткі. Бачучы пагражаючы сям’і голад, Багданчук уперш прасіў, каб яго калеку не нішчылі, каб не забіралі ў ягодзетак апошняга куска. Аднак дарма! І збожжа, і рэчы цяпер у гміне, а самога пакрыўджанага Багданчука цягаюць цяпер яшчэ за “абразу ўлады”. Ужо ад пракурора ёсць паперка, што Багданчука будзець судзіць Акружны Суд і прапануюць яму паставіць сьведкаў ад сябе і наняць адваката. Але беднаму сьляпому няма за што. Ён пачарнеў ад голаду, апусьціў рукі і без надзеі жджэ, каб хоць хутчэй крапіўка вырасла, а на розныя папяровыя “всказувкі” і тэрміны не зьвяртаець увагі. Хай будзе, што будзе!”. [17] Беларуская справа. 1926, № 16, 12 чэрвеня
Читать дальше