А калі пачалася вайны — для жыхароў вёскі Чамяры наступілі новыя выпрабаванні. 26 чэрвеня 1941 года Слонім і Чамяры былі ўжо акупіраваны немцамі. У першыя яе дні многіх мужчын і юнакоў забралі на фронт, якія адтуль ужо не вярнуліся. Гэта Мікалай Агееў, Іван, Сямён, Уладзімір, Міхаіл і Фёдар Багданчукі, Мікалай Дземяшэвіч, Леанід Чыгрын, Іван Бурсевіч, Іван, Мікалай, Сцяпан, Уладзімір Дземяшэвічы, Ілья Кавальчук, Іван Ляменка, Міхаіл Саванец, Сцяпан Рэдзька, Яфім Сушко, Андрэй Ціханчук, Іван Хвесяня і дзесяткі іншых чамяроўцаў. Падчас вайны слонімская вёска страціла 126 сваіх жыхароў, згарэлі 32 хаты. У Калдычэўскім лагеры смерці загінулі Дарафей Міско і Вера Міско — бацька і жонка паэта Анатоля Іверса, у Асвенцыме — Міхаіл Міско і Міхал Багданчук, у Германіі — Ніна Клімовіч.
Некаторыя чамяроўцы, якія падчас акупацыі знаходзіліся ў роднай вёсцы, пайшлі ў партызаны — адны ў савецкія, другія — у беларускую народную партызанку (БНП). Феакціст Міско за ўдзел у беларускім нацыянальным руху і ў абвінавачванні ў забойстве правакатара дванаццаць гадоў правёў у турмах Польшчы. Калі пачалася вайны, ўцёк з турмы ў Грудзёндзку і дабраўся да родных Чамяроў. Тут арганізаваў антыфашысцкае супраціўленне, карыстаўся вялікім аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў і сярод слонімскай моладзі. У канцы 1943 года савецкім партызанскім рухам на Слонімшчыне кіраваў сакратар падпольнага райкама кампартыі, упаўнаважаны ЦК КПБ і Беларускага штаба партызанскага руху Міхаіл Анішчык, які вярнуўся з фронта з дзвюмя радысткамі. Таварыш Анішчык падпарадкаваў сабе і антыфашысцкае падполле. Як расказваў мне паэт Анатоль Іверс (Іван Дарафеевіч Міско), у лютым 1944 года ў брыгаднай зямлянцы Міхаіл Анішчын праводзіў сход. Сярод прысутных былі Феакціст і Іван Міско. Хлопцы стаялі недалёка ад акенца каля дзвярэй. Раптам за дзвярыма раздаўся выстрал і Феакціст пачаў падаць. Іван падхапіў яго на рукі, але праз пару хвілін зямляк быў ужо мёртвы. Пасля стала вядома, што з пісталета страляла радыстка Анішчыка Яўгенія Валахановіч (падпольная клічка Вольга). Партызаны адразу хацелі яе застрэліць, але перашкодзіў Анішчык, які гэтага не дазволіў зрабіць. Ён сказаў, што гэта быў “выпадковы” выстрал. Валахановіч з групаю партызан адправілі кудысьці на захад, дзе нібыта яна загінула. Так рукамі сваёй радысткі камуніст Анішчык знішчыў Феакціста Міско — аднаго з самых папулярных чамяроўцаў на Слонімшчыне ў 30-х — 40-х гадах мінулага стагоддзя. Былыя партызаны і сёння прыгадваюць Феакціста Міско. Кажуць, што Анішчык яго знішчыў дзеля таго, каб пасля вайны Феакціст не стварыў яму канкурэнцыі на пасадзе партыйнага кіраўніка раёна.
Дэфензіва і турмы Польшчы з’явіліся выпрабаваннем на сталасць і далі загартоўку яшчэ аднаму чамяроўцу Мікалаю Бурсевічу. Да вайны ён працаваў настаўнікам. У 1943 годзе стварыў падпольную друкарню і рэдакцыю падпольнай раённай газеты “Вольная праца”, дзе быў яе рэдактарам. Рэдакцыя і друкарня знаходзіліся ў лесе. Усяго было выпушчана 16 нумароў, кожны тыражом ад 350 да 500 паасобнікаў. Выдаваў Мікалай Бурсевіч са сваімі сябрамі і розныя заклікі, пракламацыі, звароты.
Пасля вайны Мікалай Бурсевіч пэўны час быў рэдактарам Слонімскай раённай газеты…
Вайна ў Чамярах закончылася не 10 ліпеня 1944 года, калі вёску пакінулі немцы і прыйшлі савецкія войскі, а напрыканцы 1948 года. Многія чамяроўцы баяліся, што пры саветах зноў пачнуцца рэпрэсіі і адукаваныя вяскоўцы апынуцца далёка ад Беларусі. Таму яны ішлі ў атрады БНП. Самым найбольшым і моцным атрадам у ваколіцах Чамяроў быў атрад “Хваля”, які праіснаваў да сярэдзіны 1948 года. Супольна з ім дзейнічалі невялікія партызанскія атрады пад кіраўніцтвам Хаванскага і Зярнова.
У траўні 1946 года чамяровец Міхась Чыгрын разам з Міхасём Ракевічам і Васілём Супруном стварылі ў Слоніме моладзевае беларускае патрыятычнае падполле з кансперацыйнаю назваю “Чайка”. Дарэчы, Міхась Чыгрын вучыўся ў Чамяроўскай школе і ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі. А ў 1945 годзе стаў навучэнцам Жыровіцкага сельскагаспадарчага тэхнікума, дзе стварыў сярод навучэнцаў патрыятычную групу “Чайкі”. У чэрвені 1947 года яго арыштавалі органы МГБ. Быў асуджаны на 10 гадоў зняволення і 3 гадоў пазбаўлення правоў. Пакаранне адбываў у турмах Оршы і Баранавічаў і канцлагерах Інты. У Беларусь вярнуўся ў канцы 1980-х гадоў. Жыве ў Салігорску.
“Чайка” на Слонімшчыне не планавала займацца нейкім тэрорам, а ставіла задачу будзіць свядомасць беларусаў, змагацца за нацыянальныя правы і годнасць свайго народу, яго культуру, мову, гісторыю, за свабоду і незалежнасць Беларусі. Адзін з арганізатараў “Чайкі” Васіль Супрун, які жыве ў Слоніме і сёлета адзначыў сваё 80-годдзе, успамінае: “За год існавання патрыятычнае падполле з лакальнай слонімскай “Чайкі” перарасло ў даволі шырокі нацыянальны рух, які кіраваўся яго Цэнтрам і меў свае падпольныя групы ў былых Баранавіцкай, Брэсцкай, Маладзечанскай і Пінскай абласцях. Як ужо адзначалася, па прычыне канспірацыі я не мог ведаць аб жыцці і дзеяннях падпольных груп. І толькі значна пазней мне стала вядома, што Антон Кабак даручэнне Цэнтра выканаў належна. Ім на тэрыторыі Ільянскага раёна Маладзечанскай вобласці недзе ў траўні 1947 года была заснавана падпольная патрыятычная групка пад кіраўніцтвам настаўніка Сяргея Яноўскага, якому і былі перададзены Загад і Інструкцыя Цэнтра. Аналагічныя дакументы былі перададзены і кіраўніку падполля па Пінскай вобласці Мікалаю Ляскаўцу. Незалежна ад нашага патрыятычнага падполля, у 1946 годзе (як выявілася) існавалі і нашыя арганізацыі антыбальшавіцкага супраціўлення на тэрыторыі Заходняй Беларусі. Гэта Саюз беларускіх патрыётаў (СПБ) у Глыбоцкім і Пастаўскім педвучылішчах і іншыя.
Читать дальше