Пра існаванне культа продкаў сведчаць не толькі пахаванні, але i выявы людзей на кераміцы, статуэткі.
Займаючыся земляробствам, разводзячы свойскую жывёлу, чалавек меў большую магчымасць непасрэдна назіраць разнастайныя працэсы i з'явы, у прыватнасці рост i размнажэнне жывых істот i раслін. Відаць, асабліва цікавілі i ўзрушалі загадкавыя з'явы нараджэння i смерці. Вырастанне раслін з зярняці ўспрымалася як уваскрашэнне да новага жыцця. Пры тым была заўважана непарыўная сувязь развіцця жывёльнага i расліннага свету з нябеснымі з'явамі— кожную раніцу нараджалася i як бы памірала вечарам сонца — крыніца святла i цяпла, без якога не магло існаваць жывое; усё вышэй падымалася сонца i даўжэй яно затрымлівалася на небе — цяплела, таялі снягі, ажывала прырода, i наадварот, калі ўсё меншую дугу апісвала нябеснае свяціла — карацеў дзень, халадала, затым наступала зіма i як бы смерць прыроды. Такія ж сувязі шукалі першабытныя людзі паміж становішчам іншых нябесных свяцілаў — Месяца i сузор'яў — i з'явамі ў наваколлі.
З часам узнік культ Сонца як вярхоўнага боства, якому падуладна ўсё існае, у тым ліку i розныя меншыя боствы i духі. Ад культа Сонца быў неадрыўны i культ агню як зямнога ўвасаблення нябеснага свяціла. Відаць, важную ролю ў з'яўленні культу агню магло адыграць i выпальванне ўчасткаў лесу пад поле, калі было заўважана, як агонь, знішчаючы лес, быццам даваў жыццё зярнятам, кінутым у попел.
Сведчанні культа Сонца i агню мы сустракаем ледзь не ў кожным пахаванні. Гэта i падсыпка попелу на дно магіл, i звычай пасыпаць у некаторых выпадках нябожчыкаў охрай, i памінальныя вогнішчы над магіламі, i арыенціроўка значнай часткі нябожчыкаў галавой на заходзячае сонца або тварам да сонца, на гліняных вырабах часта сустракаюцца сімвалічныя выявы нябесных свяцілаў, асабліва Сонца,— так званыя салярныя знакі, сярод якіх найчасцей мы бачым кругі з крыжападобнымі фігурамі, радыяльнымі лініямі ад цэнтраў кругоў, свастыкі.
Шаманы вядомы былі нават сярод найбольш прымітыўных народаў свету. Яны, пэўна, існавалі i ледзь не праз увесь каменны век. Роля такіх светароў, якія служылі «звязваючым звяном» паміж чалавекам i светам звышнатуральных сіл, у бронзавым веку надзвычай вырасла. З'явіліся нават шаманскія пахаванні. Пра афармленне рэлігіі ў бронзавым веку як пра складаную сістэму паняццяў i рытуалаў сведчаць i знаходкі спецыяльных культавых збудаванняў.
З уяўленнем пра ачышчальную жыватворную сілу агню i сонца пэўна звязана i з'яўленне звычаю спальвання нябожчыкаў. Абрад трупаспальвання ўзнік яшчэ ў ІІІ тысячагоддзі да н. э. у Месапатаміі. Другім яго цэнтрам стала Індыя. З часам гэты звычай пранік i ў Еўропу. На тэрыторыі Беларусі ён стаў вядомы яшчэ ў канцы існавання сярэднедняпроўскай культуры, a ў сярэдняй бронзе гэты звычай распаўсюдзіўся сярод плямёнаў сосніцкай i тшцінецкай культуры.
Некаторыя вучоныя лічаць, што распаўсюджанне абраду трупаспальвання на такіх велізарных тэрыторыях сведчыць аб узнікненні першай сусветнай рэлігіі сонцапаклоннікаў.
У бронзавым веку працягвала існаваць i вера ў роднасную сувязь людзей з пэўнымі відамі жывёл i раслін, з прадметамі — татэмізм.
Шмат якім рэчам чалавек бронзавага веку надаваў звышнатуральныя ўласцівасці. Такімі фетышамі — абярогамі — пэўна былі каралі з зубоў жывёл, зубы мядзведзя, бурштынавыя вырабы і, магчыма, медныя аздабленні. Але адначасова ўсе медныя, касцяныя, бурштынавыя i металічныя ўпрыгожанні мусіць у першую чаргу ўсё ж служылі задавальненню эстэтычных запатрабаванняў першабытнага чалавека. Можна думаць, што ў бронзавым веку зараджаўся i культ баявой сякеры, якая амаль заўсёды клалася нябожчыку ў магілу, часам адмыслова аздаблялася, а некаторыя экземпляры маглі быць рытуальнымі прыладамі або жэзламі — адзнакамі военачальнікаў, старэйшын i, мабыць, светароў.
Бронзавы век на тэрыторыі Беларусі пачаўся з распаўсюджаннем тут розных культур шнуравой керамікі. У самым пачатку ІІ тысячагоддзя да н. э. шматлікія і, відаць, ваяўнічыя прышэльцы з'явіліся ў Палессі i на Падняпроўі. Некалькі пазней яны праніклі ў басейны Дзвіны i Немана. «Шнуравікі», як ix часам называюць археолагі, карысталіся баявымі каменнымі сякерамі, а свой посуд упрыгожвалі адбіткамі шнура. Іx паселішчы з наземнымі жыллёвымі збудаваннямі размяшчаліся на берегах вадаёмаў. Побач знаходзіліся грунтавыя i курганныя могільнікі.
«Шнуравікі» прыйшлі на тэрыторыі, спрадвеку заселеныя неалітычнымі плямёнамі. I, канечне, на пачатку такое суседства не магло быць мірным, бо ніхто не глядзеў спакойна, калі на яго землях з'яўляліся няпрошаныя чужынцы. I ўсё ж з цягам часу варожасць павінна была змяніцца «мірным суіснаваннем». Гэтаму спрыяла тое, што тубыльцы пераважна займаліся паляваннем, рыбацтвам i збіральніцтвам, а прышэльцы — жывёлагадоўляй i земляробствам. Як бачна, розныя групы насельніцтва цікавілі розныя мясціны на адных i тых жа тэрыторыях: нашчадкаў неалітычнага насельніцтва — лясы, балоты i рыбныя вадаёмы, «шнуравікоў»— паплавы i нізкія тэрасы з урадлівымі глебамі i травяністымі лугамі. Праз нейкі час пачаўся культурны ўзаемаўплыў, усталяваліся больш цесныя гаспадарчыя адносіны, людзі радніліся шляхам змешаных шлюбаў. I прыкладна да сярэдзіны II тысячагоддзя да н. э. адбылося канчатковае зліццё рознакультурных плямёнаў. Такім чынам сфарміраваліся сярэднебронзавыя культуры, i ў першую чаргу тшцінецкая i сосніцкая. Гэтаму працэсу спрыяла i тое, што ў XVI-XV стагоддзях да н. э. на паўднёвы ўсход сучаснай тэрыторыі рэспублікі пранікалі з поўдня носьбіты культуры шматвалікавай керамікі.
Читать дальше