На могільніках сярэднедняпроўскіх плямёнаў археолагамі раскапаны цэлыя сямейныя ўсыпальні.
Ca з'яўленнем i ўмацаваннем прыватнай уласнасці ўзнікае i маёмасная няроўнасць — беднасць i багацце, якія суседнічаюць унутры саміх родаў. Апрача таго, унутры племені мы бачым i роды з вялікай маёмасцю. Яны займаюць урадлівейшыя землі ці радовішчы крамянёвай сыравіны або жывуць ля важных менавых шляхоў.
З'яўленне маёмаснай няроўнасці добра прыкметна з пахавальнага інвентару. Звычайныя знаходкі ў пахаваннях — адзін ці два гаршкі, пара крамянёвых прыладаў. Іншы раз i без рэчаў. У той жа час некаторыя магілы налічваюць дзесяткі знаходак, сярод якіх сустракаюцца нават каштоўныя медныя i бронзавыя вырабы, бурштын.
Абмен існаваў і ў неалітычную эпоху. Яго прадметамі былі: крэмень, охра, розныя ракавіны, з якіх выраблялі ўпрыгожанні. Але такія формы першабытнага абмену, відаць, насілі выпадковы характар, паколькі ў кожнай мясцовасці горшы або лепшы крэмень меўся, a калі яго траплялася зусім мала, то прылады працы выраблялі з іншых парод каменю або з poг i костак. Охру ў крайнім выпадку можна было для рытуальных мэт замяніць хоць бы нават балотнай рудой: крыху падобная па колеру. Без экзатычных ракавін таксама можна было жыць. А вось ca з'яўленнем металічных вырабаў пачынаецца абмен больш рэгулярны, таму што кожнае племя старалася набыць рэчы, асабліва зброю, з медзі i бронзы. Адначасова, відаць, з'явіліся i людзі, якія разносілі металічныя рэчы на далёкія адлегласці — вандроўныя гандляры. Занятак гэты быў, мусіць, прыбытковы, але i рызыкоўны, улічваючы мноства небяспечных звяроў у пушчах, адсутнасць дарог, частыя сутыкненні паміж плямёнамі. Пра існаванне гандлю ў гэты час могуць сведчыць i скарбы металічных вырабаў, якія найбольш часта сустракаюцца менавіта ўздоўж старажытных гандлёвых шляхоў.
Бурштын яшчэ з неаліту паўсюдна лічыўся адмысловым матэрыялам для вырабу ўпрыгожанняў. Значна шырэй ён распаўсюдзіўся ў бронзавым веку. Але, як вядома, бурштын сустракаецца яшчэ радзей, чым медная i алавяная руда. Таму i ён стаў важным аб'ектам абмену. Напрыклад, балтыйскі бурштын у сярэдзіне II тысячагоддзя да н. э. трапляў ажно ў Італію, Грэцыю i на далёкі Крыт.
Нарыхтоўкі сякераў з атрыманай у крэмнездабываючых шахтах сыравіны таксама шляхам абмену распаўсюджваліся на суседнія тэрыторыі, асабліва на тыя, якія былі бедныя ўласнай высакаякаснай сыравінай. У той жа час на тэрыторыю Беларусі трапляў крэмень з іншых мясцовасцей, калі ён меў нейкія асаблівасці, не характэрныя для ўласнай сыравіны. Так, у вёсцы Кубельнікі Бераставіцкага раёна знойдзена сякера, змайстраваная з надзвычай прыгожага паскаванага крэменю, які здабываўся на тэрыторыі Польшчы ў верхнім Павісленні. На Падняпроўе, дзе меўся пераважна мясцовы кропчаты крэмень, трапляў i шэра-блакітны крэмень з Панямоння i Заходняга Палесся, які, пэўна, прыносілі з сабою плямёны культураў шнуравой керамікі. Жыхары бронзавага веку Падзвіння, дзе мясцовыя крамянёвыя запасы практычна адсутнічалі, вымушаны былі выменьваць яго ў сваіх суседзяў — з басейна Віліі, з Падняпроўя i нават з Валдайскага ўзвышша.
Існавалі ў бронзавым веку i іншыя аб'екты абмену. Напрыклад, міжземнаморскія фаянсавыя пацеркі траплялі нават у Англію i Паўднёвую Беларусь. З далёкай i туманнай Ірландыі золата прывозілася на Крыт.
* * *
Ужо з часоў палеаліту i мезаліту вядомы пахаванні людзей, забітых дзідамі або стрэламі, — ix крамянёвыя наканечнікі ляжалі паміж костак шкілетаў. Цэлыя батальныя сцэны перадаюць i тагачасныя малюнкі. На стаянках i ў пахаваннях каменнага веку часта сустракаюцца крамянёвыя i касцяныя нажы i кінжалы, наканечнікі стрэлаў i дзідаў. Усе гэтыя рэчы маглі ўжывацца не толькi на паляванні. У неалітычны час у Еўропе з'явіліся i першыя ўмацаваныя паселішчы. Такім чынам, узброеныя сутыкненні паміж асобнымі чалавечымі калектывамі здараліся яшчэ ў глыбокай старажытнасці. Асноўнай ix прычынай быў захоп суседніх паляўнічых i рыбалоўных тэрыторый.
У бронзавым веку ўзброеныя сутыкненні сталі часцейшымі і, відаць, больш крывавымі. Цяпер, апрача багатых дзічынай лясоў i балот, рыбных вадаёмаў, імкнуліся захапіць i ўрадлівейшыя землі, i больш травяністыя лугі, i багатыя выкапнёвай крамянёвай, бурштынавай i меднай сыравінай радовішчы. Імкнуліся завалодаць i суседскай маёмасцю — металічнымі вырабамі, статкамі жывёлы, запасамі збожжа. Часам не міналі i саміх суседзяў, каб ператварыць ix у рабоў, якія б дапамагалі пасвіць жывёлу, апрацоўваць палі, здабываць у шахтах сыравіну.
Читать дальше