Перад абедам кароль Жыгімонт мыў рукі, зняўшы свае пярсцёнкі, якія даў патрымаць двараніну, што абслугоўваў яго вялікасць падчас туалету. Разважаючы ў думках аб розных справах, кароль забыў пра тыя пярсцёнкі і ні ў гэты дзень, ні пазней не ўспамінаў пра іх. Дваранін зрабіў вывад, што Жыгімонт, відаць, зусім не памятае, дзе падзеліся яго каштоўнасці, а паколькі пры двары аціраецца столькі людзей, то і не трэба аб гэтым напамінаць.
Праз нейкі час той жа дваранін зноў прыслугоўваў каралю. Але Жыгімонт, на руках якога красаваліся ўжо іншыя пярсцёнкі, і не падумаў іх здымаць. А на разгублены погляд свайго «асістэнта» сказаў: «Для вас дастаткова тых, што вы ўзялі раней, а гэтыя могуць спатрэбіцца каму іншаму».
Па старым звычаі кароль і вялікі князь Жыгімонт час ад часу наведваў Літву, дзе цешыў сябе паляваннем. Асабліва ён любіў назіраць за тым, як сабакі змагаюцца з мядзведзем. Аднойчы падчас такой сцэны пан Халецкі, староста чаркаскі, што стаяў каля яго вялікасці, здзівіўся, што сабакі чамусьці без асаблівага жадання ідуць на звера.
– Відаць, іх занадта абкармілі перад гэтым, – выказаў меркаванне кароль, – таму і не бяруць яго.
– Тады, найяснейшы пане, – параіў староста, – пусці на мядзведзя сваіх пісараў, бо як яны ні аб’ядаюцца, а ўсё бяруць і бяруць.
З якой прычыны Жыгімонт I, сын Казіміра Ягайлавіча, стаў называцца «Стары»? Мо таму, што жыў 81 год? Але дзеду яго Ягайлу пераваліла аж за 83, і ніхто не дадумаўся ў дапаўненне да імя ахрысціць таго яшчэ і «Старым». А можа, што доўга насіў карону і велікакняжацкую мітру? I зноў жа не, бо дзед быў польскім каралём ажно 48 гадоў! А ўнук аддаў «манаршыя шапкі» свайму сыну, якому ледзь споўнілася 10 гадоў. Каралеўскі стаж Жыгімонта-сеньёра налічваў у той момант у два разы менш гадоў у параўнанні з дзедаўскім. Праўда, яму ўжо стукнула шэсцьдзесят тры, і, відаць, у гэтым салідным узросце ён палічыў, што такія цацкі, як карона ці мітра, больш падабаюць яго дзіцяці, Жыгімонту-юніёру. А каб не блытаць, па прапанове каралевы Боны, апошняму надалі яшчэ адно імя – «Аўгуст». Можа, пад уплывам Рэнесансу? Пра ўплыў Боны Сфорцы мы яшчэ паразважаем, але да матэматычных разлікаў больш вяртацца не будзем, прынамсі на гэтай старонцы, каб не змарыць адных чытачоў і не адбіць ахвоту ў другіх. Скажам толькі па сакрэту, што ў нейкай невядомай яшчэ хроніцы ўпамінаецца мімаходзь, як каралева звярталася да свайго мужа-караля: «Паслухай, стары!». Здаецца, тут усё зразумела. А што тычыцца этычнага боку гэтай формы звароту, то нагадаем, што каралева была маладзей за яго… усяго на 27 гадоў. Не, хопіць, хопіць! Пара вярнуцца на наш гуманістычна-гумарыстычны шлях.
У сярэднявеччы і ў пазнейшыя часы ў многіх каранаваных асоб і іх каранаваных палавін была мода на блазнаў. Не мінуў такога атрыбуту і жыгімонтаўскі двор. Гэты цуд уседазволенасці і трапнасці ў словах, што адрасаваліся налева і направа, а нярэдка і наверх, называўся Станчык. Некаторыя даследчыкі сцвярджаюць з запалам, што ён паходзіў са Станькава, якое знаходзіцца паблізу Крутагор’я, ці Койданава. Пакінем падобныя біяграфічныя даследаванні да лепшых часоў і паслухаем самога Станчыка.
Неўзабаве пасля таго, як у каралеўскім замку ўладкавалася маладая каралева Бона, ад якой Жыгімонт Стары спадзяваўся дачакацца нашчадка-Ягайлавіча, у яе гонар было арганізавана вялікае паляванне. Ды яшчэ з нагоды таго, што з Італіі даставілі зграю добрых медэлянаў – гончых сабак. Праўда, вялікім яно называлася больш у дэкаратыўным сэнсе, хаця б таму, што ловы адбываліся ў бліжэйшым гаі пад Кракавам. Але затое з сапраўдным, прывезеным з беларускіх бароў вялізным мядзведзем.
Як толькі мядзведзь выбраўся са скрыні, яго тут жа апанавалі медэляны. Гэтае знаёмства для іх скончылася вельмі дрэнна, і раз’юшанага звера стрымаць стала немагчыма. Разагнаўшы паляўнічых і шляхціцаў, што хацелі бліснуць перад каралевай сваёй адвагай, ён панёсся да іх вялікасцей, якія разам са світай сядзелі на конях. Тыя кінуліся наўцёкі. Перапалоханыя коні паскідалі многіх наезнікаў. Звалілася і каралева, з-за чаго тут жа датэрмінова разрадзілася, але з адмоўным вынікам.
Станчык таксама перакуліўся разам з канём. Кароль не прамінуў заўважыць, што гэта доказ не шляхетнасці, а дурасці блазна. «Яшчэ большы той дурань, – адгукнуўся Станчык, – хто, трымаючы мядзведзя ў скрыні, выпускае яго назло сабе».
Як і іншыя каралі і каралевы, Бона мела фаварытаў. Адным з іх быў біскуп Гамрат. Ён ужо даўно марыў аб высокай пасадзе пры двары і, калі адкрылася вакансія на месца вялікага кароннага канцлера, звярнуўся да сваёй высокапастаўленай апякуншы. Бона звычайна ўплывала ў падобных справах на свайго мужа, і ў ход пайшлі неабходныя словы. Станчык, які знаходзіўся непадалёк, усё гэта чуў. Блазан добра ведаў пра дэкамеронаўскі стыль жыцця біскупа, таму, калі Жыгімонт застаўся адзін, прамовіў:
Читать дальше