Да падобнага меркавання схіляюцца Р. Платонаў і М. Сташкевіч, кажучы, што ўключэнне ў склад РСФСР Магілёўскай і Віцебскай губерняў, калі б іншыя тэрыторыі ССРБ захапіла Польшча, у перспектыве стала б асновай адраджэння беларускай дзяржаўнасці. У такім выпадку трэба было б пераўзысці плошчай БССР плошчу этнічнай беларускай тэрыторыі, што апынулася пад Польшчай. Сёння Рэспубліка Беларусь у выніку магла б мець нашмат больш тэрыторыі.
Зразумела, гэта ўсяго толькі разважанні з вобласці альтэрнатыўнай гісторыі. Аднак у дадзеным выпадку на іх фоне больш выразна ўсведамляецца рэальнасць гістарычнага развіцця Беларусі ў міжваенны перыяд.
Такім чынам, Беларуская Рэспубліка была спляжана молатам (бальшавіцкай Расіяй) на кавадле (Польскай Рэспубліцы), што і было замацавана 18 сакавіка 1921 г. Рыжскай дамовай. Савецкая Беларусь у складзе шасці паветаў, як адзначае беларускі даследчык Язэп Юхо, хоць і абвяшчалася незалежнай, фактычна і юрыдычна з’яўлялася аўтаномнай вобласцю ў складзе РСФСР. Аб гэтым сведчыць і пастанова ІІІ з’езда Кампартыі Беларусі (лістапад 1920 г.):
«Белоруссия, являясь Социалистической Советской Республикой, одновременно является составной частью РСФСР, и все органы в области общих мероприятий должны быть подчинены соответствующим комиссариатам РСФСР, однако они должны иметь определенную свободу в области разрешения вопросов местной жизни».
Праўда, падпісаўшы прэлімінарную дамову з Польшчай, Масква пайшла на фармальныя саступкі і, як ужо было сказана, 16 студзеня 1921 г. заключыла з савецкім Мінскам дамову, у якой прызнаваўся суверэнітэт Савецкай Беларусі, што было пацверджана пры стварэнні СССР.
У Рызе быў скончаны першапачатковы этап станаўлення новай беларускай дзяржаўнасці. Так атрымалася, што ў гэты перыяд найбольшымі «ворагамі беларушчыны» (так сказаў Янка Купала) праявілі сябе бальшавікі (напачатку зусім не хаваючы гэтага – як бы не апраўдвалі іх пасля палітыкі і гісторыкі). Але менавіта Масква была вымушана не толькі прызнаць нацыянальныя памкненні беларускага народа, але і арганізаваць яму намінальную суверэннасць, кіруючыся, натуральна, меркантыльнымі інтарэсамі – не выпусціць гэты народ са сваёй палітычнай арбіты. Як гаркава-іранічна сказаў Янка Купала:
А нам чужы статут
Паднёс пяць паветаў, —
Жыві і ўладай тут!
Ну, дзякуй за гэта!..
Варыянтаў рашэння «беларускага пытання» на пачатку 1920-х гг. існавала шмат. Беларускі гісторык Тацяна Процька выдзяліла шэсць мадэляў:
«антибелорусская модель автономных областей (через Облисполкомзап), национальная автономия (через Белнацком), независимая советская социалистическая республика (БССР, первое объявление), независимая социалистическая республика-буфер (ССРБ) и образцовая коммунистическая республика БССР».
Варта дадаць, што да гэтага часу дэактуалізаваліся такія мадэлі магчымага развіцця беларускай дзяржаўнасці, як пратэктарат Германіі або Польшчы, федэрацыя з апошняй, літоўска-беларуская дзяржава (па-савецку ЛітБел), пражэкт Вацлава Ластоўскага часоў Першай сусветнай вайны ў выглядзе адроджанага ВКЛ, а таксама задума Антона Луцкевіча стварэння Чарнаморска-Балтыйскай канфедэрацыі ў складзе Літвы, Беларусі, Украіны, Польшчы (як самастойнымі суб’ектамі) і – самае галоўнае – адсутнасць беларускай дзяржаўнасці ў якой бы там ні было форме. Такім чынам, добры тузін.
Сёння відавочна, што палітыка бальшавікоў у дачыненні да праблемы самавызначэння беларускага народа была яўным фарысействам з самага пачатку яе ўзнікнення – з часоў Першай сусветнай вайны. Сучасны беларускі гісторык Уладзімір Снапкоўскі адзначыў:
«міждзяржаўныя адносіны паміж РСФСР і ССРБ складваліся на падставе “рэвалюцыйнай мэтазгоднасці” і сацыялістычнага права. Дакладнага вызначэння гэтым тэрмінам не было».
Можна канстатаваць, што рашэнне беларускага пытання ў выглядзе ССРБ не адпавядала мэтам ні бальшавікоў, прасякнутых ідэяй сусветнай рэвалюцыі, ні пілсудскай Польшчы з яе ідэаламі межаў 1772 г., ні Польшчы эндэкаўцаў (якая, як паказаў час, усё адно не змагла «пераварыць» нацменшасці), ні, тым больш, незалежніцкім памкненням нацыянальных беларускіх сіл, згуртаваных вакол ідэі БНР. Як слушна заўважыў у свой час М. Сташкевіч:
«масштаб действия классовых и социальных сил, логика политической борьбы предопределили поражение тех, кто пытался реализовать идею БНР. В этом противостоянии и родилась белорусская государственность на советской основе».
Читать дальше