Лукаш Длускі, канюшы.
Пан Імануэль Бжастоўскі.
Пан Ян Княжэвіч.
Пан Ян Дабашынскі.
Пан Траян Вайніловіч.
Пан Леў Дзюканіцкі.
Пан Аляксандр Пашкоўскі, шафар.
Пан Ежы Ятолд, станоўнічы.
Пан Ольбрыхт Празмоўскі.
Пан Габрыэль Піскун, кухмістр.
Пан Ян Вілканец.
Пан Казімір Казёл.
Пан Станіслаў Дзевялтоўскі.
Пан Мікалай Яновіч.
Пан Ян Станіслаў Станскі.
Пан Самуэль Яцыніч.
Пан Ян Раецкі.
Пан Ян Кошчыц.
Пан Пётр Рудаміна.
Пан Дамеры Француз.
Пан Стафан Дэмбінскі.
Пан Якуб Май.
Мелі пахолікаў: Канстанты Гратоўскі, Фрыдрых Ролехаус Шварц.
Піўнічы — Ян Колышка.
Мужыкоў — 4.
Халопаў у іх — 4.
Пяхоты — 60.
Сталовыя — 2.
Трубачы — 2.
Кравец і чэлядзь у яго — 2.
Кухоннай чэлядзі — 14.
Стаеннай чэлядзі — 33.
Кожнаму з маладых людзей на пару коней выдаваўся аброк, хаця іншыя і таго меней мелі. І на аднаго чалядніка выдавалася страва.
19 у панядзелак. Неўзабаве, як паны паслы наогул сышлі, прыставы прынеслі ад думных баяр грамату. Падчас уручэння граматы яны патлумачылі прычыны ўласных паводзінаў. Прыставы яшчэ раз паведамілі, што цар у тыя дні, напачатку посту, выконвае звычай сваіх продкаў. Ён прытрымліваецца царкоўных правілаў і не займаецца ані публічнымі, ані прыватнымі справамі. Ён цэлыя дні праводзіць у царкве, моліцца Богу са слязамі на вачах. Не апранае нават аздобленых сукняў, ходзіць у простым адзенні. Цалкам пакладаецца на Бога, таму нават ніводнаму чалавеку з думных баяраў, апрача спальнічых і акольнічых, да яго не дазволена хадзіць.
Яго міласць пан камянецкі мовіў да прыставаў:
— Скажыце думным баярам, няхай яны ад сябе цару б’юць чалом, каб нас неадкладна да цалавання сваёй рукі дапусціў.
Гарыхвостаў адказаў:
— Ніякай затрымкі з тэрмінамі і аніякага іх перагляду не будзе. Не адменіцца тое, у чым вашы вялікія паслы і нашы ў Палянаўцы крыж цалавалі. Калі цар завяршыць багамолле, ён выканае ўсё неабходнае і сваёй душой замацуе.
Сказаў яго міласць пан Камянецкі:
— Мы, паслы, нібы мяхі, што ў нас пакладзена, тое і нясём. Таму, канечне, патрабуем, каб папярэднія запісы былі выкананы неаспрэчна. Вашым голым словам пра тое, што цар абяцае праз думных баяр выканаць усё своечасова, верыць небяспечна. Вы маеце камісарскую прысягу і запісы. Нельга ўсё адкладаць на прызначаны дзень прысягі, бо перад гэтым належыць яшчэ абгаварыць некаторыя артыкулы. Мы павінны ўжо раніцай быць у вашага цара. Калі ад яго асабіста пачуем, што з-за набажэнства зараз не можа ўсё неабходнае здзейсніцца і будзе адкладзена на пэўны час, мы будзем давяраць царскім словам і будзем мець цвёрдае пацвярджэнне добрага пачатку.
Масква была нібы замерзлая і не ўспрымала тыя цвёрдыя аргументы, якія часта паўтараліся.
Сказаў яго міласць ваяводзіч віленскі:
— Учарашні дзень стравілі і сённяшні дзень марнуеце, сеўшы на беспадстаўныя і смеху вартыя показкі. Нічога новага нам не прынеслі, толькі з тым набажэнствам на пляц выязджаеце, аб чым вам яшчэ ўчора дастаткова запярэчылі. Лепей будзьце з намі шчырымі. Каб скончыць пустыя спрэчкі, коратка і зразумела скажыце нам: «Не можа быць ніяк, як толькі царскай вялікасці будзе воля».
Затым запатрабавалі ад баяр канкрэтнага вуснага адказу ці пісьмовай граматы і з тым адышлі.
Іх міласці паны паслы дамовіліся міжсобку, калі ім дадуць адказ, вусны або пісьмовы, праз грамату, то яны на іх таксама будуць пісьмова адказваць. Спыніліся на тым, што і аб чым будуць пісаць у адказ.
Грамата думных баяраў да іх міласці паноў паслоў.
Вялікага валадара цара і вялікага князя Міхаіла Фёдаравіча, усяе Русі самадзержца і многіх дзяржаў гаспадара і ўладальніка, яго царскай вялікасці баяры, думныя людзі загадалі нам гаварыць.
Загадвалі раней вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, нам, баярам, думным людзям, каб вам быць у яго царскай вялікасці для завяршэння пасольства ва ўстаноўлены тэрмін —10 лютага. У той дзень вялікі васпан наш, яго царская вялікасць планаваў вечны мір замацаваць сваёй валадарскай душою, граматай і пячаткай.
І мы, царскай вялікасці баяры, думныя людзі, вам, вялікім паслам, тое аб’яўляем, што вялікі валадар наш, яго царская вялікасць, з братам сваім, з вялікім гаспадаром вашым, Уладзіславам, каралём польскім і вялікім князем літоўскім, братэрства, сяброўства і шагаванне будзе мець. І вечны мір сваёй гасударавай душой, граматай і пячаткай зацвердзіць паводле таго, як ободва вялікія паслы дамовіліся. І перагляду пасольскіх дамоў з яго, царскай вялікасці, боку ні ў чым не будзе.
Читать дальше