Маскавіты, як народ паняволены, нічога на тое не сказалі. Яны толькі паабяцалі пра ўсе нашы клопаты перадаць думным баярам, а таксама прынесці іх міласці паслам адказ ад іх. Яны ад’ехалі і адразу накіраваліся да замка.
Увечары прыйшлі прыставы да яго міласці пана камянецкага з адказам. Яго міласці пана ваяводзіча віленскага там не было. Прыставы там крыху пасядзелі і, не зрабіўшы адказу, пайшлі.
18 у нядзелю. Пасля малебна сышліся іх міласці ў ізбе пана камянецкага. Туды прыставы прынеслі ім адказ ад думных баяр на ўчарашнія іх прапановы.
Думныя баяры адказалі: «Нельга вам, вялікім паслам, у тую пару, як вы хочаце, быць у царскай вялікасці. У гэтыя дні царская вялікасць занятыя набажэнствамі і духоўнымі справамі. А тое, што вы казалі аб варце, што стральцы вас і вашых людзей аберагаюць у двары і не выпускаюць з двара, дык гэта ў нас так заведзена. Пакуль паслы не ўбачаць годных царскіх вачэй, да таго часу будзеце пад вартай. Толькі потым, пасля аўдыенцыі, зможаце свабодна выходзіць з двара ў горад».
Выслухаўшы адказ, яго міласць пан ваяводзіч віленскі, прамовіў: «Дзівуемся з вычварэнстваў вашага народа. Вашы старэйшыя і вы ўсе чыніце перашкоды гэтакай добрай і Божай справе. Бо ёсць жа за што Пана Бога хваліць, які спыніў праліцццё крыві паміж хрысціянамі. А вы не ўдзячныя дабрачыннасці Божай і ласцы яго міласці караля нашага. Вашы паслы каля рэчкі Палянаўкі ўчынілі даканчальныя запісы і цалаваннем крыжа пацвердзілі агавораныя дні. Або яны не мелі з сабой святароў і календароў, каб усё дакладна выверыць? Калі ў тыя дні нешта перашкаджала, маглі б перанесці прысягу на іншы час. Але чаму б нам у гэтыя святыя дні не здзейсніць гэтую вялікую, прыемную Богу і мілую добрым людзям справу! Мы ад імя яго міласці нашага караля прыехалі ў прызначаны час і рыхтуемся належным чынам завяршыць распачатую справу. Таму патрабуем, каб папярэдне да цара наведаліся».
Яго міласць пан Вяжэвіч ва ўнісон яму гэтаксама прамовіў: «Спадзяюся, вы зразумелі, што сказаў яго міласць. Таго ж і я патрабую».
Яго міласць пан камянецкі потым дадаў: «Я не хачу страціць маёй дуты з-за таго, што прысягнуў на тыя даканчальныя запісы. Няхай не загінуць і вашы душы, што перашкаджаеце, а таксама вашых вялікіх паслоў, а па-нашаму камісараў, якія прысягнулі ў тым, што 10 лютага, паводле вашага календара, павінен быць вечны мір паміж нашымі гаспадарамі і гаспадарствамі, пацверджаны царскай прысягай. Дарэмна тады нас марынуеце. Бо калі захочаце далей затрымліваць, давядзецца нам атрымліваць новыя інструкцыі ад яго міласці нашага караля. Потым будзе вам вядомы іх вынік, калі дойдзе да таго. Таму давайце мы сядзем на нашых коней і паедзем да цара. Знойдзем спосаб прыйсці да яго. Той, хто пачне перашкаджаць, не зазнае радасці. Увесь свет будзе ведаць, што разарванне распачатай справы адбудзецца не па віне яго міласці нашага караля і не па нашай, яго паслоў, віне. Меч царскі, а шыі нашы. Мы гатовы за годнасць караля яго міласці галовы нашы скласці, каб не толькі Богу, які ведае пра ўсе, але і ўсяму свету была вядомая наша праўда і вашае вычварэнства. За яго непазбежна Божая помста вісіць над вамі. Таму хочам быць у вашага гаспадара і выконваць цалкам загад яго міласці нашага караля».
На тое Гарыхвостаў адказаў: «Немагчыма вам, вялікім паслам, у бліжэйшыя дні быць у царскай вялікасці. На наступным тыдні дапусціць вас да сваіх годных вачэй. А калі хацелі хутчэй быць у нашага гаспадара, чаму не прыехалі крыху раней?»
Яго міласць пан ваяводзіч віленскі зазначыў: «Калі б мы і раней прыехалі, хоць мы і цяпер не спазніліся, усё адно давялося б чакаць прызначанага дня. Нават, калі вы і кажаце пра ранейшую сустрэчу з вашым гаспадаром, яе належыць праводзіць акурат у той дзень, які пазначаны ў заключных запісах, за які і вашы паслы цалавалі крыж. Чаму вы займаецеся ашуканствам, спасылаецеся на набажэнства, не зважаючы на тое, што мы прыехалі раней за вызначаны час? Апрача таго, паводле нашых разлікаў і нашай язды, мы былі б тут у вас яшчэ раней на некалькі дзён. Але ваш Філон затрымаў нас у Вязьме прынамсі на тры дні. Мы нават хацелі насуперак яму ўзяць нашы вазы, усе рэчы і самастойна ехаць у сталіцу. Гэтаксама пасля Вязьмы нас наўмысна прымушалі далёка збочваць на частыя начлегі, каб нас і надалей даўжэй затрымаць у дарозе».
Прыставы адказалі: «Філон сцвярджае, што вас прыспешваў, але вы, вялікія паслы, ехалі павольна».
Прамовіў пан Вяжэвіч: «Ён бы засароміўся з-за сваёй хлусні, каб тут знаходзіўся».
Читать дальше