Унутры будынак меў люстэркава-сіметрычнае размяшчэнне апартаментаў. Да памяшканняў «першага парадка» адносіліся квадратная бальная зала, вестыбюль і парадная двухбаковая лесвіца.
Зала і вестыбюль асвятляліся двума ярусамі вокнаў. Месца размяшчэння парадных памяшканняў на другім паверсе абумовіла падзел фасадаў на цокальны, парадны і верхні паўпаверх, аб'яднаных агульным ордэрам. У палацы меліся археалагічны кабінет-музей і аграмадная бібліятэка са сваім уласным экслібрысам, выкананым мастаком Францішкам Бальцэвічам. Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай гэта інтэлектуальнае багацце засталося ў суседнім палацы Сапегаў у Дзярэчыне (Зэльвенскі р-н Гарадзенскай вобл.). Пісьменнік Ю. Нямцэвіч у 1814 г. знайшоў у адным з пакояў палаца толькі вартыя жалю рэшткі бібліятэкі. Яна разам з архівам у 1832 г. была канфіскавана расейскім урадам і перавезена да Горадні, а ў 1858 г. перададзена ў Віленскую археалагічную камісію. Адзін з пакояў дома выконваў ролю дамавой капліцы.
Адначасова з перабудовай цэнтральнага будынка фармуецца вялікі палацавы ансамбль з некалькіх, сіметрычна згрупаваных вакол параднага замкнутага двара карпусоў з уключэннем у яго рэгулярнага парка, сада, аранжарэі. Працяглыя, простакутныя ў плане двухпавярховыя бакавыя карпусы размяшчаліся перпендыкулярна да палаца і аб'ядноўваліся з ім паўцыркульнымі, шырока разгорнутымі аркадамі. Спараныя тасканскія калоны перакрывалі дубовыя бэлькі сегментнага малюнка, на якіх цягнуўся фрыз з дарычнымі трыгліфамі. Выкананыя з дуба кранштэйны таксама неслі завяршальны карніз. Ва ўпрыгожанні фасадаў палацавых будынкаў выкарыстоўваліся руставаныя пілястры, гірлянды, скульптура, разнастайнае пластыка-арнаментальнае абрамленне.
Усходні корпус, падзелены параднай лесвіцай на дзве роўныя часткі, складаўся з тэатра і манежа. Тэатр лічыўся адным з буйнейшых у Беларусі, у яго архітэктуры сумяшчаліся рысы італьянскай сцэны і новыя павевы французскіх дойлідаў XVIII ст. У 1784 г. кароль Станіслаў Аўгуст Панятоўскі стаў гледачом балета «Літасцівасць Ціта», пастаўленага балетмайстрам М. Прэнчынскім, і музычнай камедыі Маліне «Чарадзейнае дрэва». Запраектаваная ў тэатры глыбокая сцэна з сямю планамі куліс дазваляла тройчы змяняць афармленне ў час спектакля. Да сцэны далучаліся невялікія гардэробы-артыстычныя. Падковападобная ў плане двух'ярусная зала змяшчала ў першым ярусе 14 ізаляваных ложаў, у другім — 15 з каралеўскай ложай у цэнтры. Архітэктурны дэкор залы меў рысы ранняга класіцызму: ажурныя балюстрады, калоны карынфскага ордэра. Тут магнаты ўчынялі святкаванні каралям Рэчы Паспалітай, ушаноўваючы іх з неапісальнай раскошай. І асноўным элементам гэтых святкаванняў з'яўлялася прыдворная тэатральная трупа Сапегаў, складзеная з выхаванцаў прыватнай школы прыгонных акцёраў. У рэпертуар тэатра ўваходзілі французскія і польскія сцэнічныя творы.
Заходні корпус прызначаўся для карціннай галерэі. Па восі палаца была ўзведзена ўязная брама ў выглядзе трохпралётнай трыумфальнай аркі з разнымі геральдычнымі картушамі з моранага дуба, антычнымі скульптурнымі барэльефамі, рустоўрай. Браму фланкіравалі два двухпавярховыя службовыя флігелі, фармуючы франтальна разгорнутую кампазіцыю параднага ўезда. Трыумфальная брама з'яўлялася вартым пачаткам рэпрэзентацыйнага палацавага комплексу. Уваходзячы ў арку, першапачаткова бачылася толькі цэнтральная, найбольш пластычная частка палаца з порцікам, а пасля прахода праз яе палацавы комплекс раскрываўся ва ўсёй сваёй прыгажосці. Двухпілонныя ўезды меліся і паміж флігелямі і бакавымі карпусамі палаца.
Я. Бекер праектуе і рэгулярны праменісты парк з каналамі, вадаёмамі, стрыжанымі шпалерамі. Парк спыняў паралельны палацу вадаём на рацэ Зяльвянцы. Перспектыва кожнай са стрыжаных ліпавых алей замыкалася павільёнам. Да пейзажнай зоны далучаўся звярынец у выглядзе прабітага прасекамі ляснога масіва. З прыстасаваннем палаца пад фабрыку да 1834 г. парк фактычна перастаў існаваць.
Вёска Пескі вядома з XVI ст., калі Аляксандар Ягелончык перадаў яе Дзмітрыю Кіяніну. Яго нашчадак Пётр пакінуў уладанне сваёй дачцэ Сухадольскай. Затым сядзіба дастаецца яе дочкам Сыруцавай, Рагінскай і Альшэўскай. Дачка Сыруцавай Барбара выйшла замуж за Якуба Пуслоўскага, які з часам выкупіў долю Песак у Рагінскай. А бяздзетны Альшэўскі сваю частку маёнтка запісаў за Барбарай. Так усё ўладанне апынулася ў руках графаў Пуслоўскіх і належала ім аж да 1939 г. Казімір Міхаіл Пуслоўскі становіцца заснавальнікам выдатнай сядзібнай рэзідэнцыі. Сын Казіміра — Францішак Пуслоўскі, камергер караля Станіслава Аўгуста, таксама з'яўляўся фундатарам палаца, які згарэў у 1843 г. У 1819 г. маёнтак наведваў вядомы пісьменнік Ю. Нямцэвіч, які пакінуў аб ім успаміны. З 1950 па 1956 г. у сядзібе існавала школа брыгадзіраў, потым да 1982 г. — бальніца, з 1982 г. — турбаза працоўнага лагера Белазёрскай школы № 2.
Читать дальше