Выгляд маёнтка вядомы па акварэлях У. Дмахоўскага (1861) і Н. Орды (1876), а таксама па фотаздымках Яна Булгака, Т. Барэцці і К. Карповіча (пачатак XX ст.). Гэта сціплая шляхецкая сядзіба з рысамі архітэктуры позняга класіцызму. Жылы дом («мураванка»), ад якога ацалеў падмурак, быў кампактнай драўлянай пабудовай у адзін паверх, падведзенай пад высокі паўвальмавы дах. Цэнтр атынкаванага франтальнага фасада ў чатыры апраўленыя ў простакутныя панелі акны вылучаўся мансардай, перад якой выступала чатырохслуповая тэраса з балюстраднай агароджай. Ва ўзнятым ганку з бакавымі прыступкамі знаходзіўся нізкі ўваход у падвальны склеп. Пазней да тарца дома далучылася бесстылёвая зрубная прыбудова. Размешчаны непадалёку флігель, таксама кампактны простакутны ў плане аднанавярховы будынак, меў на галоўным фасадзе працяглую веранду з трохкутным франтонам і паўкруглай люкарнай на ім.
Сядзібныя будынкі хаваліся ў пейзажным англійскім парку плошчай каля 8 га, ад якога засталіся асобныя групы старых дрэў. Аднак парадзелы парк і сёння захоўвае прыгажосць і велічнасць, гістарычна-патрыярхальную аўру. Да жылых будынкаў з боку вёскі Карчова вяла шырокая ўязная таполевая алея. Паркавы масіў у асноўным складаўся з маляўніча арганізаваных пасадак ясеня, граба, клёна, каштана, вярбы, дуба, ліпы, елкі. Асаблівую цікавасць уяўляла «альтанка Міцкевіча» ў выглядзе высаджаных па кругу стогадовых раскідзістых ліп. «Калыскай кахання» называў паэт альтанку з шасці аграмадных ліп. На зялёным партэры перад домам і флігелем імкнуліся ўвышыню пірамідальныя таполі. На поўдні парку знаходзіўся пладовы сад з ліпавымі шпалерамі па перыметры. У паўднёва-ўсходняй частцы мелася дзве сажалкі. На адным з узгоркаў узвышалася капліца з фамільнымі пахаваннямі ўладальнікаў маёнтка. Гэты кампактны простакутны ў плане драўляны будынак пад двухсхільным дахам меў гранёную апсіду, а на галоўным фасадзе — чатырохкалонныя «падчэні» і, як усе будынкі сядзібы, адносіўся да познекласіцыстычнага стылю. Культавую прыналежнасць пабудовы адзначае толькі каталіцкі крыж на вільчыку даха. У 1860-ых гг. капліца пераасвячона на Крыжаўзвіжанскую царкву.
На другім пагорку стаяла мураваная альтанка ў выглядзе шасціграннай шатровай вежы. Непадалёку ад парка ў глыбокім яры ляжыць валун — «камень філарэтаў» (сяброў дабрачыннасці), ля якога збіраліся ўдзельнікі віленскага студэнцкага тайнага таварыства патрыятычна настроенай моладзі. У парку размяшчалася выдатная аранжарэя. Простакутны ў плане аднапавярховы будынак з дахам, схаваным за парапетам, вылучаўся рэпрэзентацыйным характарам архітэктуры: фасады рытмічна чляніліся высокімі арачнымі вокнамі, а цэнтр франтальнага фасада вылучаў чатырохвосевы рызаліт з поясам ляпных гірлянд і атыкам у завершы. Гаспадарчы двор змяшчаўся з заходняга боку сядзібы. У 1931 г. парк як гісторыка-культурны помнік па прапанове Міцкевічаўскага камітэту быў узяты пад ахову дзяржавы; праведзены работы па яго ўпарадкаванню, высаджаны елкі, створаны брама і агароджа, пастаўлена памятная калона ля «альтанкі Міцкевіча».
З сярэдзіны XVII ст. маёнтак Ухвішча (Полацкі р-н Віцебскай вобл.) належаў роду Кубіцкіх, першым вядомым грамадскім дзеячам якога быў полацкі пасол Пётр Кубіцкі (1667). У сярэдзіне XIX ст. сядзібу набыў Мацей Любенскі (1818–1856), потым яна перайшла ў спадчыну да сына Аркадзя, які памёр бяздзетным каля 1883 г. Ухвішча застаецца ў валоданні яго сясцёр, з якіх Леанціна (1846–1939) з'яўлялася да канца першай сусветнай вайны апошняй уладальніцай маёнтка плошчай у 7000 дзесяцін.
Ухвішчанская сядзіба, пабудаваная ў пачатку XIX ст., - твор архітэктуры класіцызму. Помнік знішчаны ад маланкі ў міжваенны перыяд. Простакутны ў плане драўляны дом стаяў на высокім падмурку пад высокім вальмавым гонтавым дахам з парамі лучковых люкарн. Па баках галоўнага фасада памяшчаліся два мураваныя чатырохкалонныя порцікі з трохкутнымі франтонамі, белізна якіх кантрасна вылучалася на фоне шэрай шалёўкі сцен. Белізной эфектна падкрэсліваліся і ліштвы простакутных вокнаў і дзвярэй, а таксама шырокі падваконны пояс. Уваход цераз правы порцік вёў у службовую палову дома, цераз левы — у жылыя і парадныя памяшканні. На тыльным фасадзе выступала невялікая тэраса. У другой палове XIX ст. да левага тарца дома прыбудавана кухня.
Планіроўка дома была анфіладнай двухраднай. Сярэдзіну франтальнага рада займала вялізная бальная зала ў тры акны. Такую ж велічыню меў далучаны да бальнай залы з паркавага боку салон з двума вокнамі і шклянымі дзвярамі, якія вялі на тэрасу. Невялікі квадратны пакой злева ад бальнай залы служыў бібліятэкай, справа — сталовай. Далей па левым баку ад залы размяшчаўся двухаконны пакой, названы «партрэтнай», па правым — квадратны жылы пакой. Правае крыло дома заканчвалася чатырма малымі гасцінымі, левае — крэдэнсам, канцылярыяй і службовым пакоем. Парадныя апартаменты аднолькава апрацаваны: гладкія сцены і столь, паркетная ўзорыстая падлога, кафляныя печы і каміны, хрустальныя люстры. Абсталяванне інтэр'ераў уключала разнастылевую мэблю, люстры на кансолях у багатых разных рамах барочнага стылю. Сядзібны дом упрыгожвалі мноства твораў мастацтва: у «партрэтнай» вісела 10 партрэтаў роду Любенскіх, меліся дзве кітайскія вазы і фарфор XVIII ст., сеўрскія фарфоравыя сервізы, калекцыя зброі, бібліятэка ў 2000 тамоў.
Читать дальше