Панямоньскі сядзібна-паркавы ансамбль узведзены на высокім берагавым плато, абмежаваным з паўднёвага боку ракой, а з усходняга і паўночнага — глыбокім ярам. Сядзібны дом і раскрыты перад ім партэр размяшчаліся ў глыбіні пейзажнага парку, каля абрывістага берага, які ўмацоўвалі шэраг тэрас і падпорныя сценкі. Каля ўезда стаяла капліца ў рэтраспектыўна-гатычным стылі, пабудаваная ў сярэдзіне XIX ст. З заходняга боку панскага дома знаходзіліся ўсе гаспадарчыя і службовыя будынкі.
Сядзібны дом (значна разбураны і амаль поўнасцю перабудаваны) уяўляў сабой характэрны для апошняй стадыі архітэктуры барока мураваны аднапавярховы будынак з плаўнымі вуглавымі алькежамі. Сцены мелі дэкаратыўную апрацоўку: вытанчаная і складаная прафіліроўка карнізаў і абрамленняў, крапоўка падвойнымі пілястрамі з ажурнымі капітэлямі, гарызантальная рустоўка. Галоўны і дваравы фасады атрымалі ў XIX ст. асіметрычна пастаўленыя высокія чатырохкалонныя порцікі. Перапад рэльефу з тыльнага боку будынка забяспечыў адкрыццё цокальнага паверха. Яго скляпеністыя памяшканні прызначаліся на гаспадарчыя мэты і непасрэдна звязваліся з памяшканнямі першага паверха. Планіроўка дома мела характэрную для барока анфіладу з выхадам у цэнтральную парадную залу. Будынак з'яўляўся помнікам архітэктуры позняга барока, а ў парку ўвасобіліся рысы пейзажнага стылю.
Ад сядзібы захавалася капліца. На галоўным фасадзе простакутнага ў плане збудавання ўзвышаецца шатровая васьмігранная званіца. Уваход вырашаны вялікім стральчатым парталам, бакавыя фасады чляняцца такой жа формы вокнамі.
Адным з буйнейшых палацавых комплексаў Беларусі XVII–XVIII стст. з'яўлялася магнацкая рэзідэнцыя ў Ружанах (Пружанскі р-н Берасцейскай вобл.), рэшткі якой бачны на высокім узгорку ў паўднёва-ўсходняй частцы сучаснага гарадскога пасёлка і быццам лунаюць над яго забудовай. Ружанамі валодалі Сапегі — багацейшыя на Рэчы Паспалітай магнаты. У 1598 г. Барташ Брухальскі прадаў канцлеру Льву Сапегу свой маёнтак Ружаны, а той у пачатку XVII ст. узвёў палац і ўжо ў 1617 г. ушаноўваў у ім каралевіча Ўладзіслава. У 1644 г. Уладзіслаў IV зноў гасцяваў у Казіміра Льва Сапегі. У гонар гэтай падзеі ў сцяне адной з залаў была ўмуравана памятная пліта. У час Паўночнай вайны тут захоўваліся рэліквіі святога Казіміра з Віленскага катэдральнага касцёла; з'явілася яшчэ адна мемарыяльная пліта.
Палац пацярпеў ад шведаў, знішчаўся войскамі канфедэратаў у 1698 г., якія разбурылі гняздо нігілістычнага магната, не прызнаўшага ўлады ні караля Рэчы Паспалітай, ні расейскіх цароў, ні мясцовай шляхты. Аднак багатыя ўладальнікі за некалькі дзесяцігоддзяў першай паловы XVIII ст. аднавілі палац. У 1784 г. канцлер Вялікага Княства Літоўскага Аляксандар Сапега ўжо прымаў у ім прыбыўшага на Гарадзенскі сойм караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага з той жа раскошай, што і продкі. Аднак у 1786 г. па іроніі лёсу манументальна-рэпрэзентацыйны палацавы ансамбль выкарыстоўваецца пад суконную фабрыку. Аляксандар Сапега пад уплывам факта падзелу Рэчы Паспалітай аддаў палац у арэнду жыдоўскаму прадпрымальніку Пінасу. Але разгорнутая там ткацкая вытворчасць праз 30 гадоў занепадае і ператвараецца ў сціплую прадзільню воўны. Палацавы комплекс згарэў у 1914 г., часткова рэстаўрыраваны ў 1930 г., у 1944 г. разбураны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Захаваліся рэшткі асноўных будынкаў (галоўнага і ўсходняга карпусоў), аркады, уязная брама і флігелі па яе баках. І зараз фрагменты аграмаднага палацавага ансамбля выклікаюць незабыўнае ўражанне, горда і велічна ўзнімаюцца над паселішчам, якое распасціраецца каля падножжа палацавага дзядзінца.
Першапачаткова палац меў абарончы характар — двухпавярховы крыжападобны ў плане мураваны аб'ём дапаўнялі тры чатырохгранныя вежы. У цэнтральнай частцы палаца знаходзіліся парадная зала і вестыбюль з двухбаковай лесвіцай, у бакавых частках — жылыя пакоі, кабінет, бібліятэка. Анфілада памяшканняў на першым паверсе пакрывалася скляпеністымі, а на друтім — бэлечнымі перакрыццямі. Пад будынкам у вялізных скляпеністых падвалах захоўваліся арсенал, архіў, харчаванне.
У 1784–1788 гг. прыдворны архітэктар Сапегаў Ян Самуэль Бекер перабудоўвае старажытны палац-замак. Адначасова дойлід узводзіць у нізіне перад палацам парафіяльны касцёл і кляштар базыльян, а таксама могілкавую капліцу і заезны двор. За сваю таленавітую творчасць Бекер атрымаў ад Сапегаў пажыццёвую пенсію ў 2160 злотых. Аб стылі архітэктуры палаца ў мастацтвазнаўцаў існуюць розныя меркаванні. Вядомыя расейскія гісторыкі мастацтва Лукомскія памылкова характарызуюць яго як ампірны, польскія даследнікі — як будынак «у французскім гусце». Разам з тым, верагодна, што архітэктура палаца з'явілася натуральным і аб'ектыўным сімбіёзам адыходзячага барока і класіцызму, які нараджаўся. Больш таго, у элементах субархітэктуры і ў дэкоры сустракаюцца элементы стылю ракако (картушы, ракайлі-завіткі, люкарны даху, руставаныя лапаткі, вазы і інш.). Дзве вежы старажытнага палаца былі разабраны, а заходняя ўключана ў агульны аб'ём новага будынка, які стаў сіметрычным па кампазіцыі. Галоўны корпус набыў выгляд кампактнага двухпавярховага простакутнага ў плане будынка пад высокім мансардавым «французскім» дахам. Галоўны фасад у трынаццаць вокнаў у цэнтральнай частцы вылучаўся ўзнятым на другі паверх прысценным порцікам з двух пар калон і пілястр, завершанных высокім трохкутным франтонам, запоўненых скульптурным барэльефам і ўвянчаным па вуглах гратэскнай скульптурай. На тыльным фасадзе порціку адпавядала шырокая дзесяцікалонная тэраса, на якую выходзілі вокны-дзверы бальнай залы. Высокія, у барочна-ракайльным прафілявяным абрамленні вокны верхняга паверха сведчаць аб яго парадным прызначэнні.
Читать дальше