Зь першага фэльетону, якім пачыналася адзіная кніга Л. Савёнка, з «Чароўнай іголкі» (1929 г.), выразна выяўляецца мастацкі мэтад пісьменьніка — фантастычны рэалізм, калі апісанае ім здарэньне, у найвышэйшай ступені неверагоднае, здараецца ці ня штодзень: улада шукае ў коміне чароўную іголку, што быццам дапамагае выйграваць судовыя працэсыь судзяць каня за тое, што сьледчы трапіў ня ў тую вёску, напіўся ды й згубіў «вельмі важныя справы» («У абарону Буланага»). І не за такое маглі асудзіць, і ня толькі каня. Сутнасьць мэтаду ў паказе рэальнай жыцьцёвай паўсядзённай зьявы ў нечаканым, фантасмагарычным ракурсе. Прытым, фантастычнасьць літаральна пранізваецца рэальнымі побытавымі дэталямі. Так, праз прызму фантастыкі, ствараецца новы пагляд на добра знаёмую ўсім рэчаіснасьць. Падсавецкае жыцьцё было настолькі абсурднае, настолькі неверагоднае, што мэтад адлюстраваньня яго ў літаратуры мог быць адно фантасмагарычным. А што рэчаіснасьць была сапраўды такая, добра сьведчыцца ўсёй практыкай савецкай дзяржавы — стварэньнем уяўных «шкодніцкіх» арганізацый, шматлікімі іррэальнымі судовымі працэсамі, фантастычнасьцю фармулёвак прысудаў і г. д. І таму ў гэтых фантасмагорыях Лявона Савёнка рэалістычнасьць, факталягічная дакладнасьць большая за тагачасныя (ды й значна пазьнейшыя), так званыя, рэалістычныя творы.
І я шчасьлівы, бо заўсёды
Шчасьлівы той — хто бальшавік.
А. Александровіч. Песьня бальшавіка.
Ну яго к чорту,
Паказваць пачуцьцяў мастацтва,
Лепей вучыцца
Валодаць нажом.
М. Бацюшкаў. На бой! На бой!
Адрынуты ўпадніцтва, хістаньні й узьлёты.
І паўшы шлях усьцелен прастатой.
Мы прагнем чорнаю работай
Нагнаць гісторыі прастой.
Прыбытак Лад. Пралетарскай інтэлігенцыі.
І нездарма адзін з герояў Савёнка, аўтар першай, мабыць, «гастранамічнай гісторыі» Беларусі («Васеньнія настроі») ня верыць самой савецкай рэчаіснасьці — настолькі яна фантастычная — і штогод паўтарае сам сабе: «Дзе гэта калі хто бачыў? Ды нічога з гэтага ня будзе». Такога, сапраўды, яшчэ ніхто ў сьвеце ня бачыў, але такое сталася. І што з гэтага выйшла, спазнала на сабе не адно пакаленьне беларусаў.
У вайну сытуацыя на Беларусі зьмянілася, а зь ёю зьмяніўся ці, хутчэй, набыў новыя адценьні творчы мэтад пісьменьніка, зьмяніліся і акцэнты.
Сёньня, калі «Дзёньнік Чужанінава» ўпяршыню (з 1942 году) перачытваецца, і ўпяршыню — як самастойны твор, а ня нізка асобных фэльетонаў, бачна, наколькі ён «кладзецца» ў нашую літаратуру, ды дзіўна, што да гэтага часу яго быццам-бы ня было ня толькі для шырокага чытача, але й для крытыкаў, гісторыкаў, палітыкаў — для ўсіх нас, настолькі ён арганічны для нашага існаваньня. «Дзёньнік» ствараўся ў 1942 г., але ў тэксьце ня знойдзем ані высьпяткаў уладзе былой, ані лісьлівасьці перад уладай новай. Нават болей, часам міжволі думаецца: а куды глядзелі тагачасныя цэнзары? Выглядае, аўтара цікавяць ня столькі ўмовы, колькі чалавек у гэтых умовах, якія — будзе дарэчы тут зазначыць — з твора паўстаюць адрознымі ад нашых трывалых уяўленьняў і тым самым набываюць ці не гістарычную вартасьць, пра што й піша аўтар ва ўступе «Ад перакладніка». Сапраўды, так пра жыцьцё ў акупаваным Менску ня пісаў ніхто.
Разам з тым «Дзёньнік Чужанінава» — гэта й нашыя надзённыя «праклятыя пытаньні». Прыкладам, герой кажа: «У беларусаў нічога ня будзе», і праз колькі дзён-старонак разважае з суседзямі пра намаганьні гэбраяў адрадзіць уласную дзяржавуь сьмяецца зь іхнай неваяўнічасьці, хоць «калі й зайца біць, то й ён запалкі будзе паліць». Але мы, сёньняшнія чытачы, ведаем, хто меў рацыю ў тэй спрэчцы, ведаем, што такая дзяржава існуе.
Іван Іванавіч Чужанінаў пісаў запіскі, як Самсон Самасуй свае скруткі. Але на гэтым іхнае падабенства бадай што заканчваецца — пры ўсёй спакусе паралелі. Калі Мрыеўскі герой — «самавысуванец», дык Савёнкаўскі — зусім наадварот, ён хутчэй «самазасуванец». Аднак значна больш істотнае, што твор Мрыя (а яшчэ можам згадаць «Крывічоў» Міхася Зарэцкага ды «Тутэйшых» Янкі Купалы — няхай не бянтэжыць відавочнае непадабенства твораў), гэта пагляд бы знутры, тады як твор Л. Савёнка — гэта пагляд збоку. Вось гэтага пагляду збоку, характэрнага для твораў Савёнка ад пачатку ягонай творчасьці, нам сапраўды не хапала. Пагляду няхай староньняга, але не варожага, мо гіранічнага, але не саркастычнага, пагляду, дзе была-б прынамсі спроба, жаданьне зразумець, а не сьвядома сфальсыфікаваць, як адбылося, прыкладам, у Зьмітрака Бядулі, былога калегі Лявона Савёнка па працы ў «Савецкай Беларусі», у другой кнізе раману «Язэпа Крушынскага». Пісьменьнік, блізкі ў свой час да Рады БНР, ад імя аўтара, а не свайго героя шаржыравана малюе Шчылу (М. Шылу), Гамоньку (Мамоньку), Саколіча (Смоліча), Гарунову (П. Бадунову), Кахарку (В. Захарку), «лейб-крытыка» Максіма Гайдача (М. Гарэцкага), «худую, сінявокую, юрлівую» княгіню Радзівіл. Л. Зайца, сябра рады Першага Ўсебеларускага кангрэсу, дзяржаўнага кантралёра ва Ўрадзе БНР, гэбрая па нацыянальнасьці, ахарактарызаваў вуснамі пані Марыі: «А Лявончыка ведаеце? Спрытненькі, чорненькі, у маршчынках». Аўтар «Язэпа Крушынскага» гэтак стараўся адпавядаць часу ў 30-я гады, што ў 50-я, калі выдаваўся чатырохтамовы збор твораў З. Бядулі, рэдакцыйная калегія нават мусіла зазначыць: «Пісьменьнік імкнуўся як мага дакладней выкрыць злачынствы зусім канкрэтных ворагаў. Адсюль наяўнасьць у кнізе публіцыстычных мясьцін, якія мелі цікавасьць на той момант, калі адбывалася само выкрыцьцё таго ці іншага нацыяналістычнага дзеяча, злоўленага з палічным. Такая публіцыстычнасьць не магла доўга жыць у мастацкім творы… Рэдакцыйная калегія палічыла неабходным апусьціць некаторыя месцы з падобнай публіцыстыкай, са спасылкамі на творы й дакуманты, якія на сёньняшні дзень не прадстаўляюць ніякай цікавасьці чытачам і будуць толькі псаваць уражаньне ад мастацкага твору».
Читать дальше