У ЗША Л. Савёнак пераехаў у 1950 г. Гэта быў час, калі ў Радзе БНР, сябрам якое ён быў ад 1947 году, адбыўся раскол (1952-54 гг.). Прычынай расколу было стаўленьне да палітыкі «Амэрыканскага Камітэту Вызваленьня ад бальшавізму» (першапачатковая назва — «Камітэт Вызваленьня Народаў Расеі»). Справа ў тым, што з пачаткам «халоднае вайны» ў Вашынгтоне паўсталі як-бы дзьве плыні — два пагляды на дачыненьні з СССР. Пэнтагон уважаў, што ў тагачасных умовах адзінай гарантыяй міру можа быць нарошчваньне ўзбраеньня. Палітыкі з Кангрэсу лічылі, што прапаганда, вывучэньне СССР маюць ня меншае значэньне. У выніку іхнай актыўнай дзейнасьці паўстаў Інстытут вывучэньня СССР, Радыё «Вызваленьне» (пазьнейшая «Свабода»). Афіцыйна амэрыканскі ўрад заявіў: ён змагаецца з камунізмам у СССР і ў гэтай барацьбе падтрымоўвае ўсе народы — беларусаў, летувісаў, украінцаў. Але ён не вырашае далейшы лёс земляў, што знаходзяцца зараз пад расейскай акупацыяй. На бок гэтай афіцыйнай палітыкі, палітыкі так званага «непрадрашэнства», стала частка сяброў Рады БНР разам з прэзыдэнтам М. Абрамчыкам. Яны прытрымліваліся думкі, што сёньня неабходна максымальна атрымаць дапамогу ад афіцыйнага Вашынгтону, а ўжо потым уздымаць пытаньне пра незалежнасьць Беларусі. Другая, даволі значная частка сяброў Рады БНР, не пагадзілася з гэтым і стварыла фракцыю «Асьцярожнага Супрацоўніцтва з Амэрыканскім Камітэтам», у якую ўваходзіў і Л. Савёнак. Гэтая фракцыя заявіла, што незалежнасьць Беларусі была абвешчана яшчэ ў 1918 годзе й на пазыцыях непрадрашэнства Рада БНР з «Амэрыканскім Камітэтам Вызваленьня ад бальшавізму» супрацоўнічаць ня можа. Быў створаны мэханізм для перавыбараў Прэзыдыюму й прэзыдэнта. Старшынём камісіі па падрыхтоўцы рэфэрэндуму быў абраны Л. Савёнак.
У выніку перамагла група М. Абрамчыка. Тыя сябры Рады, што не пагадзіліся з палітыкай «непрадрашэнства», паступова адышлі ад актыўнай палітычнай дзейнасьці ў Прэзыдыюме, а А. Каханоўскі нават выйшаў з Рады.
Разам з тым, неабходна зазначыць, што палітыка «непрадрашэнства» засталася такой пераважна на афіцыйных паперах, бо і ў друку, і на радыё нацыянальная прапаганда вялася з адназначна дзяржаўніцкага пункту гледжаньня.
Палітычная й грамадзка-культурніцкая дзейнасьць Лявона Савёнка на эміграцыі — тэма асобнай, грунтоўнай размовы: адзін з ініцыятараў стварэньня Камітэту Незалежнай Беларусі (разам з Л. Галяком, Ю. Сабалеўскім, А. Плескачэўскім), сябра Цэнтральнага Камітэту Абжяднаньня Беларускіх Нацыянал-Дэмакратаў (старшыня А. Каханоўскі), рэдагаваў газэту «Беларус», уваходзіў у дарадную камісію па перакладу Бібліі, які ажыцьцяўлялі Янка Станкевіч ды пастар Масей Гітлін. Як журналіст, што добра ведаў савецкую прэсу, апрацоўваў манаграфію аб прэсе БССР (нажаль, яна не захавалася), а таксама даваў шмат інфармацыі ў заходнія даведнікі аб падсавецкім друку на Беларусі (La Presse Derrière le Ridean de Fer. Paris, 1948; The Free Press of the Supressed Nations. Augusburg, 1950).
Адным зь ягоных блізкіх сябраў быў Мікола Равенскі, зь якім лучыла спачатку частая рыбалка на Дунаі, а потым, калі Равенскі пераехаў у Бэльгію, — ліставаньне. У ЗША былі блізкія дачыненьні зь Міколам Паньковым, Аўгенам Каханоўскім, Антонам Шукелойцам, Антонам Адамовічам, Віталем Кажанам, Ізыдарам Плашчынскім, Гіпалітам Паланевічам, сямжёю Васіля Стомы (Сініцы), земляка з Глыбоччыны. Даўгагадовым і блізкім сябрам быў доктар Станіслаў Грынкевіч, семжі Аляксея Грушы, Міколы Гарошкі, Івана ды Вольгі Канарчукоў.
Памёр Лявон Савёнак 21 лютага 1974 г. Пахаваны на беларускіх могілках у Іст-Брансьуіку.
Творчая спадчына Лявона Савёнка невялікая, але шматгранная: гэта й даваенныя фэльетоныь фэльетоны, надрукаваныя ў часы Другой сусьветнай вайны, на эміграцыі, шматлікія артыкулы, пераважна на палітычныя і эканамічныя тэмы. І, натуральна, «Дзёньнік Чужанінава».
Сатырычныя творы Савёнка, прысьвечаныя барацьбе за беларускую дзяржаўную мову, і сёньня, амаль празь 70 гадоў, на вялікі жаль, ня страцілі сваёй актуальнасьці й вастрыні. Назва цыклю сатырычных апавяданьняў «Беларусізацыя пад №…» сталася назвай гэтай кнігі. У ёй, першай пасьля 1929 году кніжцы пісьменьніка, зьмешчана толькі частка ягонай творчай спадчыны.
Новы зборнік твораў Лявона Савёнка знаёміць чытача з найбольш цікавымі ўзорамі розных этапаў творчасьці і дазваляе прыйсьці да наступнай высновы: сатыра Савёнка ад пачатку была ня столькі антысавецкай, антырасейскай, антыкамуністычнай (хоць гэта ўсё, бязумоўна, ёсьць), колькі пра-беларускай. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе твораў эміграцыйнага пэрыяду, калі абжектам сатыры становяцца «зарубежнікі» й «крывічы» («Ліст у рэдакцыю пра кансалідацыю») або захопленасьць месьцічаў лягероў ДП утварэньнем «урадаў» («Што рабіць?») — адным словам, усё, што замінала, перашкаджала нармальнаму беларускаму жыцьцю.
Читать дальше