Пяцігадовую высылку Л. Савёнак адбываў спачатку ў Паўдзённым Сібіры, а потым у Алтайскім Краі. Працаваў на будоўлях, дзе цесна сышоўся з сыяністамі зь Менску, якіх было даволі шмат, моцна згрупаваных, з добрымі кантактамі, як казалі, ажно ў Швайцарыі. Яны добра паставіліся да беларускага нацыяналіста й прапанавалі нават сваю дапамогу, сувязі. Л. Савёнак пачаў абжядноўваць вакол сябе беларусаў, але нехта данёс — і сыяністаў раскідалі па розных лягерох, а самога Савёнка перавялі ў штрафныя калёны.
Ужо на эміграцыі, у ЗША, ён будзе сьведчыць перад Камісіяй Керстана аб Савецкіх канцлягерох.
У 1939 годзе, калі тэрмін пакараньня скончыўся, Л. Савёнак вярнуўся на Беларусь і настаўнічаў у вёсцы каля Крычава, а пасьля ў ваколіцах Менску, бо ў самім горадзе жыць яму было забаронена.
Улетку 1941 году, пасьля акупацыі Менску немцамі, Савёнак быў інтэрнаваны, як і ўсё мужчынскае насельніцтва гораду, і некалькі тыдняў праседзеў на Камароўскіх балотах пад Менскам. А калі пачалася «другая беларусізацыя», працаваў журналістам у «Беларускай газэце». Антон Шукелойц успамінае:
«Я пазнаёміўся з Лявонам Савёнкам, прыйшоўшы ў Менск і добра адпачыўшы пасьля пабояў у турме. Гэта быў 1941 год, думаю, кастрычнік месяц, хутка пасьля прыходу немцаў.
Я прыйшоў ва Ўправу гораду, каб сустрэцца зь Вітаўтам Тумашам, старшынём Управы. Тумаш — мой калега па ўнівэрсітэту, і я вырашыў у яго знайсьці эвэнтуальна нейкую параду. І вось я зайшоў да Тумаша, пагутарыў зь ім.
Тумаш быў вельмі заняты й адправіў мяне да Антона Адамовіча. Адамовіч кажа:
— Заставайся тут са мною, тут сягоньня будзе першая палітычная нелегальная нарада. Трэба разгледзець сытуацыю, якая да гэтага часу была, і што маем далей рабіць.
І вот я ў яго застаўся, ён канчаў сваю работу. Ягоная канцылярыя была даволі вялікая. Пачалі зьбірацца людзі на нараду. Прыйшоў Усевалад Родзька, які й быў ініцыятарам гэтае нарады, тады падышлі Савёнак, Алесь Матусэвіч, Сінькевіч, Гуцька. Словам, было там чалавек, можа, з дваццаць. Тумаша ня было. Але Тумаш аб гэтай нарадзе ведаў, таму што, калі нарада скончылася, ня помню хто, сказаў:
— Цяпер, хлопцы, ідзём да Тумаша на абед. Вы ўсе запрошаныя.
Ну вось, там я пазнаёміўся з Савёнкам. Як ён выглядаў? Моцна сіваваты, меў доўгія валасы, такія характэрныя, як казалі, даўней эсэры насілі. Такі бадзёры, вельмі бадзёры.
Аб гэтай нарадзе я ўжо многа разоў гаварыў. Нарада была ў справе разгляду сытуацыі. Ужо ішлі нямецкія пагромы. І мы прынялі некалькі пастаноў: беларусізацыю устаноў гораду, школьніцтва, тэатру, адміністрацыі, цэркваў. І галоўнае было пастаноўленьне — арганізаваць Беларускую Незалежніцкую Партыю. Так што гэтая нарада й была пачаткам Беларускай Незалежніцкай Партыі, тыя людзі яшчэ далей праводзілі такія апытаньні, і першы сход яе адбыўся ў канцы 1942 году ў памяшканьні Саковіча. Саковіч быў начальнікам паліцыі, але ў гэтым самым руху Беларускай Незалежніцкай Партыі быў ад самага пачатку й зьяўляўся адным зь ініцыятараў. Таксама, як Вітушка і Касмовіч.
Пасьля мы пайшлі да Тумаша на абед. Тумаш, ягоны заступнік Вітушка й начальнік тады паліцыі Касмовіч жылі ў адным вельмі цікавым доме быўшага генэрала Паўлава, камандуючага Беларускай ваеннай акругі, якога потым бальшавікі расстралялі за нядбаласьць: ён не дагледзеў напад немцаў на Савецкі Саюз. Быў расстраляны ён і ягоныя заступнікі, па-мойму, цэлы штаб.
Жылі яны ў гэтым доме, які вельмі добра ахоўваўся. Гэтая вуліца паралельная да галоўнай, ці цяперашняга прасьпекту Скарыны. Па-мойму, Кірава яна была. Гэты дом яны занялі таму, што ён вельмі добра ахоўваўся. Яны жылі на першым паверсе. Ды й сам дом, здаецца, быў аднапавярховы мураваны з моцнымі сталёвымі акяніцамі, што закрывалі вокны.
Вось пры абедзе я там найбліжэй пазнаў Савёнка. Пры абедзе нас было чалавек таксама, можа, дваццаць. Стаяў доўгі стол, і там Савёнак дэманстраваў гэтую кнігу, вынесеную з КГБ, тады НКВД, кнігу абвінавачваньняў, ці прысудаў Беларускаму Нацыянальнаму Цэнтру. Зьвярніце ўвагу, вельмі многа ёсьць памылак, што да гэтай кнігі, яе інакш называюць і розна гавораць, дзе яна падзелася. Артыкул Савёнка — найлепшы артыкул пра Беларускі Нацыянальны Цэнтар. І пра гэтую кнігу ён там успамінае. У кнізе гэтай сьпіс усіх, ці, можа, калі ня ўсіх, то бальшыні пакараных тады ў Менску дзеячаў Беларускага Нацыянальнага Цэнтру.
У асноўным гэта былі дзеячы Заходняй Беларусі: Рак-Міхайлоўскі, Мятла, Валынец, Дварчанін, Кахановіч і іншыя. Пасьля былі далучаныя й усходнебеларускія дзеячы. Дарэчы, Савёнак быў у ліку тых дзеячаў (іх было нямнога, некалькі чалавек, па-мойму, магчыма на пальцах адной рукі палічыць), што ня прызналіся да віны. А там усе прызналіся, хаця такога Беларускага Нацыянальнага Цэнтру ня было. Была гэта выдумка Масквы. Чарговая, як і той у часы нацдэмаўшчыны, у 1930 годзе, Саюз Вызваленьня Беларусі.
Читать дальше