Цудоўна!..
А «Забыты нежныя лобзанья», а «Яблочко»? Оспадзі, ды ці мала ёсьць прыгожых сьпеваў, апрача «Коробушки»! Ня трэба быць такімі кансэрватарамі. Бо пры ўмелым выкарыстаньні гэткага, па праўдзе сказаць, даволі рэдкага «ўклону» сельсавету, як музычны, якіх дзялоў можна наварочаць. Гэта-ж пры ўдалым рэпэртуары з посьпехам можна на пленумах канцэрты задаваць.
А сяляне як паваляць на пленум пры такой яго арганізацыі! Бяда! А то яны ў апошні час нешта адбіліся ад сельсавету й ходзяць чуткі, што віной усяму «Коробушка».
— Што-ж, кажуць, гэта за сельсаветчыкі? Ім толькі «Коробушка» ў галаве, а больш нічога й ведаць ня хочуць.
І, як прыклад, прыводзяць шчырае жаданьне вёскі Півашы скінуць лішнюю гразь зь цела — жаданьне, якое ў самым сваім зародку было перасечана сельсаветчыкам…
Вёска хацела лазьню пабудаваць з быўшага магазыну, дык сябра с-савету П. Якубовіч не дапусьціў.
— Сьвіньня, — казаў ён, — ніколі ня мыецца, а хто скажа, што яна брудная. Вось і я ніколі ня мыюся, а я-ж нават начальства.
Ясна, вёска абурылася, але ня супраць Якубовіча, а іменна супраць «Коробушки».
— Знаем мы вашу чыстату, — гудзяць сяляне, — на «Каробачцы» хочуць перапяяць магазын, пжяніцы.
Вось, братцы, як справы павярнуцца могуць.
Біце адбой, пакуль ня позна. Мяняйце рэпэртуар.
На першы стрэл, пакуль яшчэ хваляваньне масаў не разьвінулася, я вам магу параіць сьпяваць «Чаму-ж нам ня пець».
Гэта песьня хоць і ня будзе адпавядаць запраўднасьці наконт таго, што «ў нашай хатачцы парадак ідзець», але яна мае перавагу ў тым, што блізкая сяляням. Пачуе вёска сваё роднае наконт «парадачку» й крыху супакоіцца. А тым часам вы пяройдзеце на «Звон бубенчиков» або на «Яблочко».
Толькі такім манэўрам можа й адратуеце лёс «Коробушки», а разам зь ёй можа й свае сельсавецкія крэслы. Кажу, можа, бо хто яго ведае.
У жыцьці ўсякае бывае…
Увогуле, беларусізацыя ідзе некаторым крокам. Але ў некаторых установах яна ідзе яўна не па НОТУ. Адзін з кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў казаў мне на пытаньне беларусізацыі:
«Мова — не волк, в лес не убежить с ней и подождать можно».
Ну і «ждут». Некаторыя з гэтых некаторых устаноў прапускалі па тры тэрміны так званага «канчатковага пераходу».
«Ждут…».
А тут пішуць:
Грошы дарма трацяцца: курсы адчыняюць, а іх не наведваюць! Не гавораць на мове абслугоўваемага грамадзянства! Больш увагі! І наогул, пішуць: трэба падцягнуцца.
З тэй прычыны, што цяпер, можна сказаць, зарэжымілі кругом, ня лішняе будзе, па-нашаму, увесьці рэжым эканоміі і ў справах беларусізацыі. Навошта сродкі марна гінуць?
Калі згадзіцца з гэтым, дык тут у першую чаргу патрэбен плян. Плян — і больш нічога.
Падагульніўшы працу па правядзеньні беларусізацыі за ранейшыя часы, я на грунце практыкі мінулага і апрацаваў прыблізна схэматычны плян найскарэйшага й найтанейшага правядзеньня беларусізацыі. Гэты плян павінен быць на бліжэйшыя гады настольнай кнігай для кіраўнікоў гэтых некаторых устаноў, якія кульгаюць у беларусізацыі…
Па майму пляну ўмацаваньне беларусізацыі пачынаецца так. Бярэцца чысты ліст паперы, і на ім кіраўнік установы піша цыркуляр або загад, у якім паведамляе сваіх падначаленых аб беларусізацыі.
Цыркуляр можна пісаць так:
«Для скорейшего проведения белоруссизации в N учреждении довожу до сведения и неуклонного исполнения всех служа щих, что с сей минуты предлагается в обязательном порядке постепенно переходить в канцеляриях на белорусский язык с тем, чтобы к осени текущего года окончательно перейти на бел. язык».
Калі цыркуляр пішацца ўвосень, дык тады трэба пісаць «с весны будущего года», калі зімой, дык «с лета будущего года» і г. д. Канчаць цыркуляр можна так: «мелкая переписка, написанная на русском языке, ни мной, ни моим помошником подписываться не будет».
Але гэта як хто хоча.
Увага : У гэтым пункце кіраўнік установы можа спаткаць значныя перашкоды. Можа стацца, што машыністка не захоча беларусізавацца й справа праваліцца ў самым сваім зародку. У такіх выпадках, як верны сродак, раіцца індывідуальны падыход да машыністкі.
Далей. Напісаны такім манерам цыркуляр можна вывесіць на сьцяну ў калідоры ўстановы, а то можна адразу аддаць у папку, якая спэцыяльна адводзіцца пад справу «Беларусізацыя» за № такім-та.
Гэтымі двума мерапрыемствамі фактычна й закладваецца фундамэнт беларусізацыі. Цяпер застаецца толькі, як кажуць, «вглубь» і «вширь». Для гэтага падшукваецца які-небудзь чалавек, ведаючы беларускую мову, які й залічваецца ва ўстанову на пасаду беларуса. Гэты чалавек і будзе паглыбляць беларусізацыю, вядучы «мелкую переписку с тем, чтобы с осени окончательно перейти…» і гэтак далей.
Читать дальше