Між тым, не чакаючы афіцыйнага дазволу, Я. Тышкевіч раз-пораз едзе ў гэты горад, у свой арандаваны двухпавярховы «палацык». Сюды ён прывозіць некаторыя свае калекцыі з Лагойска, асабліва дарагую падборку прадметаў антыкварыяту і іншыя каштоўнасці з розных месцаў Беларусі, імкнучыся тым самым звярнуць увагу віленчукоў на падрыхтоўчы працэс па стварэнні музея. Знаходзячыся сярод дарагіх яму рэліквій, вучоны-энтузіяст часам забываў папалуднаваць ці павячэраць.
Яго сучасніца пісьменніца і мастачка Габрыэля Пузына (1815–1869) пісала, што Я. Тышкевіч «вёз з сабой усе памяткі даўніны як сваіх дарагіх крэўных, як Энэй сваіх багоў» {15} 15 Gabriela z Güntherów Puzynina. W Wilnie i w dworach litewskich. Wilna, 1929. S. 264.
. Паводле яе слоў, археолаг ехаў у Вільню без упэўненасці, што ўлады калі-небудзь дадуць месца для яго скарбаў пад дахам універсітэцкага будынка, на які ён разлічваў. Завіхаўся чалавек, сам раскладваў свае археалагічныя знаходкі, па некалькі разоў іх перастаўляючы з месца на месца, каб кожны экспанат заняў адпаведную «ячэйку» паводле знакамітай «тэорыі трох эпох». Асцярожна браў у рукі посуд, старажытныя бярдышы, разглядаў медалі, пячаткі, сыгнеты, чытаў дакументы на пергаментах… Усё апісваў, рэгістраваў, нумараваў… Па словах той жа Г. Пузыны, у чорным фраку на фоне сваіх рэліквій ён нагадваў «індыйскага бажка», якога Гётэ «выбраў бы для свайго Фаўста».
У лісце да названай Г. Пузыны Я. Тышкевіч дзяліўся сваімі светлымі намерамі, каб гэтыя зборы пашыраліся і перараслі ў музей, вось бы толькі ніхто не перашкодзіў і дапамаглі б сябры-віленчукі, а што будзе залежаць ад яго, то ён гатоў на ўсё, каб толькі для ўсіх была агульная карысць.
Віленскі музей старажытнасцей
Пасля таго як дазвол на адкрыццё Віленскага музея старажытнасцей быў атрыманы, Я. Тышкевіч праводзіць сход актывістаў і прыхільнікаў краязнаўча-музейнай справы. На ім выбіраюцца кіраўнічыя органы, правадзейныя і ганаровыя сябры Віленскай археалагічнай камісіі, якія павінны былі ўзяць на сябе вялікі аб'ём работы ў падрыхтоўцы музея да адкрыцця. Пад музей была аддадзена старадаўняя ўніверсітэцкая зала Аўла, сама архітэктура якой адпавядала яе новаму прызначэнню. Дадатковым памяшканнем для захавання фондаў музея заставаўся і ранейшы дом, арандаваны ў Рафала Тышкевіча.
Браты Тышкевічы ўзяліся за справу: перавозілі з Лагойска свае археалагічныя калекцыі, кніжныя фаліянты, нумізматычныя зборы і інш. Спісваліся з сябрамі, агітавалі іх ахвяроўваць свае зборы музею. Абодва яны рабілі прыкідку будучай экспазіцыі, складалі яе план. Заўважыўшы, што фрэскі мастака Ф. Смуглевіча ў зале не будуць пасаваць па тэматыцы, запрасілі новых мастакоў, якія здымалі ранейшыя роспісы і рабілі новыя. У адпаведнасці з запланаванай экспазіцыяй на месцы майстраваліся подыумы і іншая мэбліроўка. Для яе выканання запрасілі выдатных сталяроў з-пад Менска. Перад уваходам у музей умацоўваліся гербы чатырох губерняў: Віленскай, Менскай, Гарадзенскай і Ковенскай — Вільня з'яўлялася цэнтрам генерал-губернатарства ўсёй гэтай тэрыторыі.
Археалагічная камісія, якая працавала пры музеі, спрыяла падрыхтоўцы адкрыцця першай экспазіцыі. Амаль кожны з вучоных і актывістаў-краязнаўцаў лічыў за гонар дапамагчы сваім калегам у адказны момант нараджэння музея. Усіх іх гуртавала і аб'ядноўвала творчая і самаахвярная натура Я. Тышкевіча. Менавіта ён быў абраны старшынёй Віленскага музея старажытнасцей і Віленскай археалагічнай камісіі. Віцэ-старшынёй адзінагалосна зацвярджаюцца М. Балінскі, а вучоным сакратаром — М. Круповіч [4] Правадзейнымі сябрамі сталі Т. Нарбут, І.Крашэўскі, І.Ходзька, П. Кукальнік, А.Кіркор, М. Гусеў, А. Здановіч, І.Ярашэвіч, М. Гамаліцкі, дабрачынцамі музея — К. Тышкевіч, М. Тышкевіч, Р. Тышкевіч, Р. Тызенгаўз, М. Чапскі, А. Слізень, К. Вайніловіч, А. Скірмунт, К. Незабытоўскі і інш. Ганаровымі сябрамі абралі К. Снітку, А. Тышынскага, К.Цівінскага і інш., а сябрамі-супрацоўнікамі сталі І.Кулакоўскі, Т.Ліпінскі, А. Завадскі, А. Адамовіч і інш. Спіс гэты пазней папаўняўся. Кожнаму з іх выдаваўся дакумент сябра Археалагічнай камісіі, што дазваляла ім весці навукова-даследчыцкую працу, выязджаць у экспедыцыі, наведваць бібліятэкі і весці пошукі ў архівах.
.
У склад супрацоўнікаў будучага музея старажытнасцей запрашаліся кампетэнтныя людзі з веданнем мясцовай гісторыі, археалогіі, фальклору, архітэктуры, этнаграфіі, археаграфіі, літаратуры, мастацтва. На пасяджэннях камісіі Я. Тышкевіч вёў сябе даволі дэмакратычна, даючы слова ўсім, хто пажадае выступіць, цярпліва выслухоўваў усе крытычныя заўвагі. Ва ўсіх справах музея і камісіі ў яго першым дарадчыкам быў старэйшы брат Канстанцін. Апошні дапамагаў яму і грашыма, калі выдаткі на ўтрыманне музея ўзрасталі, асабліва на правядзенне экспедыцый.
Читать дальше