― А што цяперачы з той капейкі? Вось бальшавікі йшлі — кабана рэквізавалі, паперчыну пакінулі, каб грошы за яго атрымалі. І дзе ж іх шукаць? Гэта ў старыя часы агенты купцоў-свінабояў хадзілі й адкормленых кабаноў «абзадачвалі» — толькі ж задатак напачатку выплочвалі! А тут і палякі кабылку павялі з абозам. Сунуліся ў воласць: ваенны час, пачакайце… — Янка Пашкевіч сумна пачухаў густую брывіну і змоўк.
― Ну а што выкладаеце? — Алесь то пазіраў на гаспадара, то разгледжваў невялікую этажэрку з кнігамі.
― Пісьмо, чытанне і матэматыку. Падручнікаў вось толькі німа, дык, бывае, і па газэтах…
― А па-руску ці па-беларуску вучыце?
― І так, і так. Часцей усё ж па-беларуску — так дзецям лягчэй. Толькі кніг беларускіх мала.
Падмацаваўшыся адваранкай са смятанай, госці паабяцалі дапамагчы з падручнікамі, «пенсіяй» і падаліся далей. Наведалі школкі ў Красным і Амговічах — і завярнулі назад.
Назаўтра Лістапад перадаў Алесю ліст-справаздачу да Рак-Міхайлоўскага:
«Паважаны Пане Старшыня! Я даведаўся, што з адзінаццаці вясковых школ Слуцкай воласці адчынена толькі адна школа расейская. Што датычыць школ беларускіх, то ні адзін настаўнік пра іх нічога ня ведаў (за выключэньнем прыватных), а прыгаворы падаюць, каб адчыніць хоць адну школу.
Я пабываў на бацькоўскіх сходах і вытлумачыў ім добра пра школьную справу, дык настаўнікі, усе як адзін, згадзіліся адчыняць беларускую школу. На сходах было больш як 100 душ бацькоў. Толькі напісалі ў прыгаворы такую згоду, што пачнуць вучыць па-беларуску тады, калі будуць прысланы ім беларускія падручнікі…
Яшчэ, Пане старшыня, дабаўлю. У мяне надта шмат знаёмых настаўнікаў вясковых школ. Яны даведаліся, што я прыехаў з Менска, чалавек па дзесяць прыходзілі даведацца пра школы. Ім я растлумачыў, як належыць быць, і ні адзін з іх ні мае нічога проціў і кожны згаджаецца ўвесьці ў сваёй школе беларускую мову. Толькі яны просяць, каб атрымаць адкуль-небудзь беларускіх падручнікаў і рады пабываць на курсах Беларусазнаўства..
Працаўнікоў-беларусаў у нас натта мала. Людзі добрыя і спрыяючыя Беларусі, гэта Асьвяцімскі, старшыня Беларускага гуртка Бараноўскі, Яцкевіч, якім і перадаю гэты ліст, і некаторыя іншыя, а на Абрамовіча яны тэж ні маюць ніякае надзеі. Што будзе зроблена мною потым, дык я напішу, і як адчыняцца беларускія школы, тэ напішу дзе і колькі іх будзе.
Юрка Лістапад».
* * *
…Аб'явілі, што самалёт праз паўгадзіны зробіць пасадку ў Франкфурце. Значыць, яшчэ дзве гадзіны лёту — і Менск!.. І Алесь Хведаравіч зніякавеў — хоць, зразумела, і чакаў, ды адчуў нечакана, упершыню за пяцьдзесят гадоў апынуўся гэтак блізка да Беларусі! У небе ж пачуваўся зусім па-іншаму, неба — яно для ўсіх неба ды і — па-праўдзе — дагэтуль яшчэ не даваў веры, што выбраўся на Беларусь, адкрываў вочы і баяўся, што і самалёт, і ціхія суседзі-пасажыры, і ветлівая сцюардэса знікнуць — як пасля сну-набрыдзі…
У хваляванні доўга не мог аднавіць перарваных успамінаў. Так…. Яго запрасілі ў Менск… Перад ад'ездам пазнаёміўся з Лістападам… Потым, назаўтра, калі Лістапад перадаваў яму ліст, развітацца прыйшла Люда!..
Яны сустрэліся перад дзвярыма гімназіі — і на хвілю знерухомелі.
― Такі едзеш… — першай вымавіла яна і зірнула рашуча, неспадзявана. І яго апаліў гэты позірк, і ён адчуў, што вось зараз і павінна разбіцца тая надакучлівая сцяна фанабэрыстасці, акцёрства, адчуў, але ўсё ж штось здрадліва стрымлівала яго: ці то яшчэ свежая крыўда за нядаўнюю абразу (адмовілася, каб праводзіў яе пасля вечарынкі, ― пайшла з малодшым Асьвяцімскім), ці то яшчэ дзедаўскі нораў (ніколі не «гнуцца» перад дзяўчынай). Але калі яна рушыла да лаўкі — страпянуўся, пасунуўся ўслед. І калі былі пад голай кронай старэчай вярбы, Люда раптам павярнулася, запаволена адхінула з брыва спружыністы кудзярок, зазірнула ў вочы і апякла:
― Я кахаю цябе, Алесь…
І яму тады нечакана ўбачылася — ён выразна памятаў! — як з вечаровага неба пасыпаліся на ажывелыя голькі вярбы пераспелыя зоркі…
* * *
Алесь Хведаравіч шчодра разлічыўся з таксістам і доўга верачы і не верачы, што — у Менску-Мінску, што яго яшчэ не ссадзілі з трапа і не адвезлі ў турму на Валадарскага — «Амерыканку» (ну і празвалі ж!), здзіўлена азіраўся наўкол. Напачатку думаў, што таксіст ці памыліўся, ці знарок спяшыў зусім не да Траецкага — такое ўсё было незнаёмае, нават чужое. Зрэшты, толькі гэтае месца і змог назваць-узгадаць таксісту…
Читать дальше