― Ну, вайна, дзядзька Дарафей, не вечная, ды і не такі ўжо далёкі свет Менск! — абараніўся Ігнатоўскі.
― А што ж ён у тым Менску рабіцьме? — не да яды было і Алесеваму бацьку.
― Летам пры Беларускім Нацыянальным Камітэце ўтворана Беларуская школьная рада Меншчыны. Работы шмат, а работнікаў… ― Ігнатоўскі развёў рукамі, ― мала.
― Ды відно, што сам люд вымелеў. Вось раней, — дзед, былы запарожскі казак, ад казацтва ў якога ў васьмідзесяцігадовым узросце засталіся толькі заліхвацкі чуб ды ўспаміны, тыцнуў пальцам некуды ў столь, цмокнуў бяззубым ротам, — раней, братка, мы і палякам маглі нос падцерці… кулаком! Як за тым Хмяльніцкім. Нашых хлопцаў сабраў тады Антон Нябаба. Да яго далучыліся і атаманы Хвэська, Галавацкі, Няпаліч. Сіла на той час — угу! Ажно трыццаць тышчаў!.. Усё Папрыпяцце ўзнялося. Простае сялянства казакоў харчам падтрымлівала… Па вёсках хадакі пайшлі — у войска заклікаць. Мужыкі сякеры бралі, косы, сахары й ішлі ў лясы. Польшча выправіла супраць іх войска… гэтага, як яго… Януша…
― Радзівіла? — спытаў-падтрымаў Ігнатоўскі.
― Во-во, Раздзявіла… — дзед кашлянуў. — Дык некалькі гадоў тузаліся, а не перамаглі. Паўстаў тады і наш Слуцак, і Бабруйск, і Мазыр… У-у!!! Лепш пра гэта наш іканапісец Вярхоўскі расказаць можа… Во-то памяць у чалавека! Усё ведае! — дзед пабарабаніў сухімі пальцамі па стале. — А цяпер? Адно балбатоніць навучыліся…
Праводзіць Ігнатоўскага выйшлі ўсе. Ажывіўся фурман — ужо зачакаўся.
Цароўка, як і заўсёды напрыканцы восені, прыціхла, нават сабакі паспакайнелі. Сонна сноўдалі па надворкам качкі — з доўгімі шыямі, шышакамі на галовах. Іх звалі ў вёсцы японкамі (надзіва ручныя, японкі маглі абыходзіцца без сажалак, неслі многа яек і амаль не «гергеталі» — не ў прыклад звычайным). Шырокая вуліца — са «шчарбінаю» на ўскрайку (яшчэ пры наступу немцаў згарэлі дзве хаты)… Скрай Цароўкі — магілкі з напаўсухімі бярозамі, а праз вярсту за імі віднеўся і Слуцак… Аблыселыя сады, пры дарозе — аграмадныя вязы з тоўстымі дыванамі апалага лісця пад кронамі. Задымлены хутар — так звалі не чыёсьці паселішча, а другую вулку, што няроўна ўцякала ў цэнтральную. Там — Глінішчы (гліну ўжо даўно не капалі), дзе летам у жоўтай вадзе пялёскалася цароўская дзятва, а зімою — гойсала па лёдзе. За агародамі — невялікія сенажаці, праз паўвярсты за імі — балота. У гэты лістападаўскі дзень яно рыхтавалася да маразоў…
Юрка Лістапад, «рэзідэнт» Беларускай школьнай рады, у першы дзень прыезду ў Слуцак паспеў наведаць начальніка павета і школьнага інспектара. Атрымаўшы ў канцылярыі «ахоўную грамату» — як жартаваў, ― якая дазваляла дзейнічаць «легітымна», Лістапад накіраваўся ў свае Варкавічы — адведаць бацькоў.
Ажно не верылася, што — у мінулым і Першыя менскія педагагічныя курсы, і студыйныя сходкі — так неўпрыкметку праляцеў час!
Дома не адседжваўся, дапамог тое-сёе па небагатай гаспадарцы, і праз тры дні зноў быў у Слуцку.
Пачынаўся лістапад — «ягоны» месяц. Хоць не ў лістападзе з'явіўся Юрка на свет, але любіў гэтую часіну — найболей. Любіў апалае залаціста-апечанае лісце, з якім шчодра развітваліся старыя каштаны на гарадскіх вуліцах (гультаяватыя дворнікі, знявераныя няпэўнасцю, прыграбалі іх толькі да краю тратуарчыкаў), любіў каралі доўгай павуты на голых гольках, любіў аціхлыя — пакрыўджаныя ветрам — восеньскія дрэвы, як, зрэшты, і саму старую і мудрую восень…
У двары павятовай канцылярыі, вымеценым чыста і прысыпаным жоўтым пяском, сустрэў Абрамовіча, слуцака, колішняга знаёмага па Менску. Пасля вясновага наступу палякаў Абрамовіча адкамандзіравалі на Случчыну — «збіраць беларускае школьніцтва», але ніякіх чутак ад яго ў Менску так і не атрымалі.
Абрамовіч уладкаваўся канцылярскім сакратаром. Зніякавеў, разгубіўся, пазнаўшы Юрку. Буркнуўшы на прывітанне, правёў у «габінэт» — невялічкі, але абстаўлены прыгожа, з вялікімі вокнамі, новым сталом, тэлефонам, сейфам. На сейфе — фотакартка Пілсудскага ў картонавай рамцы-падстаўцы.
Сеў, запрасіўшы да стала і Юрку, дастаў насоўку, выцер, марудзячы, лоб і лысіну — яе заўсёды, нават летам, на вуліцы хаваў шапкай. Выглядаў Абрамовіч, як ні вышляхечваўся, старым і стомленым, хоць насамрэч толькі-толькі размяняў чацвёрты дзесятак — і ўсё праз сваё нявецтва: яшчэ падлеткам гарэў у хаце, а вяскоўцы — ужо беспрытомнага — вынеслі з полымя. Апечыны на спіне і жываце нябячныя, а вось галава… Верх яе пакрывала грубая — як чарапашына — цёмна-ружовая скура, на якой так і не адраслі валасы.
Читать дальше