Гэта была сама багiня Гера, жонка вялiкага Зеўса, якая вырашыла памагчы Язону. Яна загадала яму даручыць пабудову карабля iолкскаму будаўнiку Аргу i папрасiла дачку Зеўса Афiну Паладу, заступнiцу i ахоўнiцу вучоных i рамеснiкаў, кiраваць работай.
А пакуль будаваўся карабель, Язон аб'ехаў усю Грэцыю, збiраючы сабе спадарожнiкаў для далёкага плавання.
Адплыццё
З вялiкай пелiёнскай сасны, што ссек Язон, зрабiлi аснову карабля. Прыладзiлi сасновыя рэбры, змацавалi iх тоўстымi бярвёнамi; на iх наслалi палубу. Абшылi карабель дошкамi; у борце прарэзалi круглыя адтулiны для вёслаў i абшылi iх скурай. Пасярэдзiне карабля паставiлi высокую тонкую сасну з перакладзiнамi i на iх умацавалi палатняныя ветразi. У карму карабля ўставiлi кавалак свяшчэннага дуба з Дадонскай дубровы. Гэты дуб быў чарадзейны: у шолаху яго лiстоў людзi маглi пачуць свой лёс. Будаўнiкi карабля спадзявалiся, што гэты кавалак дадонскага дуба падкажа мараплаўцам, што iм рабiць у цяжкую часiну. На носе карабля выразалi з дрэва прыгожую галаву багiнi Геры, заступнiцы адважных падарожнiкаў, i пазалацiлi яе: няхай ззяе i блiшчыць яна спераду карабля, няхай здалёку бачаць усе, што сама Гера вядзе карабель Язона.
Шмат часу мiнула, пакуль нарэшце быў пабудаваны карабель, прасмолены, аснашчаны i спушчаны на ваду.
I вось надышоў дзень, калi ў гаванi Iолка стаў каля прычала цуда-карабель, лёгкi на хаду, устойлiвы на хвалях, акрылены ветразямi, iмклiвы i прыгожы. Яго назвалi "Арго" - у гонар майстра, што пабудаваў яго.
Шумна i весела было ў Iолку. Пяцьдзесят самых лепшых грэчаскiх юнакоў, краса i сiла ўсёй Грэцыi, з'ехалiся сюды, каб на "Арго" плыць у далёкую Калхiду па залатое руно. Тут былi: магутны Геракл са сваiм юным сябрам Гiласам, браты-блiзняты Кастор i Палiдэўк, якiя нiколi не разлучалiся, браты Пелей i Тэламон з Фесалii, афiнскi цар Эгей, Лаэрт - цар выспы Iтакi, юны Адмет - сваяк Язона, сiлач Iдас i мудры Амфiярай, якi ўмеў адгадваць будучае; прыйшоў са сваёй кiфарай* славуты грэчаскi спявак Арфей; прыляцелi на магутных крылах два сыны бога ветру Барэя - Калаiд i Зет. I шмат iншых герояў сабралася ў прызначаны дзень у Iолку. Галоўным у паходзе быў Язон, рулявым карабля умелы i вопытны марак Тыфiс, яго памочнiкам - зоркi Лiнкей, якi бачыў усё, нават глыбока пад зямлёй. Размеркавалi месцы для весляроў, а на кармавое вясло прызначылi двух самых дужых - Геракла i Анкея. Пагрузiлi на "Арго" запасы харчоў, вiна i прэснай вады, каб у дарозе было ўволю што пiць i есцi.
* Кiфара - музычны струнны iнструмент.
Апошнюю ноч арганаўты - так называлi яны сябе - правялi на беразе мора, каля свайго карабля. Яны весялiлiся, слухалi расказы бывалых людзей i цудоўныя песнi Арфея i доўга не маглi заснуць.
На досвiтку Тыфiс пабудзiў усiх: пара было адплываць. Весляры селi за вёслы, рулявы стаў каля руля.
Язон налiў поўную чашу вiна.
- За шчаслiвае плаванне! - усклiкнуў ён i вылiў вiно ў мора - такi быў звычай маракоў перад адплыццём.
Весляры налеглi на вёслы, i "Арго" памчаўся па цiхiм залiве.
За Пелiёнскiм мысам, калi выйшлi ў адкрытае мора, арганаўты паставiлi ветразi. Дзьмуў спадарожны вецер, i лёгкi карабель шпарка паплыў уздоўж гарыстых берагоў Фесалii.
Вось конi Гелiёса вынеслi на неба сонечную каляснiцу - узышло сонца. Радаснымi воклiчамi вiталi арганаўты першы дзень свайго плавання. На небе не было нi хмурынкi, мора спакойнае. Сэрцы поўнiлiся чаканнем i надзеяй, вернымi спадарожнiкамi мараходаў.
Зазвiнелi залатыя струны, i моцны голас Арфея заглушыў плюскат хваляў за бортам карабля.
Пачуўшы песню Арфея, на паверхню мора выплылi дэльфiны i рыбы i паплылi за "Арго", нiбы статак, якi паслухмяна iдзе за пастухом.
На выспе Лемнас
Арганаўты доўга плылi ўздоўж берагоў Грэцыi, потым абагнулi апошнi выступ Халкiдскай паўвыспы i выйшлi ў адкрытае мора.
Аднойчы вечарам яны ўбачылi наперадзе ў моры вогненна-чырвоную выспу. Спачатку яны падумалi, што гэта сонца, якое якраз заходзiла, так афарбавала высокiя горы на выспе. Але надышла ноч, усё пацямнела навокал, а невядомая выспа нiбы палала у цемры перад iмi, i чым блiжэй падплываў да яе "Арго", тым ярчэйшае было зарава.
Раптам з вяршынi гары, што ўзвышалася над выспай, вырваўся слуп агню, узняўся высока ў неба i з шумам i трэскам, рассыпаючы мiльёны iскраў i распаленых камянёў, абрынуўся ў мора.
Арганаўты стоўпiлiся на палубе, любавалiся велiчным вiдовiшчам i пыталiся адзiн у аднаго, што азначае гэты пажар сярод мора.
Надышла ранiца, i агонь на выспе пагас, толькi густы дым iшоў з гары, як iдзе дым з комiна, калi ў доме паляць у печы.
Читать дальше