Неўзабаве Язон прыйшоў у Iолк i апынуўся на вялiкай гандлёвай плошчы, дзе было шмат народу.
Усе са здзiўленнем пазiралi на незнаёмага, маладога i прыгожага, з доўгiмi, як у дзяўчыны, валасамi юнака з плямiстай шкурай на плячах i ў адной сандалi.
Юнак пачаў распытваць, як яму знайсцi дом бацькi.
Раптам застукалi капыты, загрукаталi колы, i на плошчы ў прыгожай каляснiцы, запрэжанай цудоўнымi фесалiйскiмi коньмi, з'явiўся ўладар Iолка Пелiй. Натоўп расступiўся, i Язон застаўся адзiн перад каляснiцай цара. Пелiй увесь задрыжаў, калi ўбачыў перад сабой чалавека, адна нага ў якога была абута, а другая босая.
Цар спынiў коней i спытаў, нахмурыўшыся:
- Скажы, хто ты, адкуль ты родам i што табе трэба ў Iолку?
- Я не чужынец тут, - адказаў Язон, - я нарадзiўся ў Iолку. Я сын цара Эзона i прыйшоў вярнуць назад царства майго бацькi, якое ў яго адабралi сiлком. Пакажыце мне дом майго бацькi, я хачу хутчэй яго ўбачыць.
Загрукатала каляснiца i памчала перапалоханага Пелiя. А жыхары Iолка, якiя любiлi старога Эзона, вiталi юнака i правялi яго да дома бацькi.
Стары Эзон заплакаў ад радасцi, калi ўбачыў, якiм дужым i прыгожым стаў яго сын. Ён наладзiў вясёлы баль у сваiм доме, каб разам з усiмi роднымi i сябрамi адсвяткаваць вяртанне яго сына. Толькi аднаго Пелiя не было на гэтым свяце. Змрочны сядзеў ён у сваiм палацы, з трывогай чакаў прыходу Язона i думаў, як загубiць яго.
Язон прыйшоў да Пелiя разам з раднёй i сябрамi, i гэта яшчэ больш напалохала ўладара.
Язон сказаў Пелiю:
- Я не буду бiцца з табою. Мы не чужыя, мы адной з табой крывi: ты брат майго бацькi, ты мне радня. Я не хачу мячом вырашаць нашу спрэчку, хачу ўсё скончыць мiрам. Аддай мне па-добраму ўладу, якую ты захапiў сiлай, i я пакiну табе ўсе твае багаццi, усю зямлю, з якой ты збiраеш ураджай, i ўсе твае статкi i табуны коней, i тваю каляснiцу, i твой палац, i твае багатыя ўбраннi. Ты будзеш дажываць свой век у дастатку i спакоi, i я не крану нi цябе, нi тваiх дзяцей.
Але Пелiй так адказаў Язону:
- Твая праўда, сын Эзона, i я згодны аддаць табе тое, на што ты маеш права. Ды толькi цi справядлiва гэта, што ты хочаш атрымаць усё гэта дарэмна. Я ж дваццаць гадоў цараваў у Iолку i за гэтыя гады таксама набыў права на яго. А ты хочаш, каб я аддаў табе Iолк без усякай платы з твайго боку? Ты малады i дужы, Язон, ты мог бы зрабiць мне паслугу. Даўно ўжо каменем ляжыць на мне кроўная родавая крыўда, а ты ж сам сказаў: мы не чужыя...
- Загадвай! - усклiкнуў горда Язон. - Абяцаю зрабiць усё, што ты скажаш.
- Слухай! - сказаў Пелiй. - Цi ведаеш ты пра залатое руно? Цi ведаеш ты, што бацька Фрыкса i твой дзед былi браты, як твой бацька i я? Цi ведаеш ты, што сталася з Фрыксам у Калхiдзе?
I Пелiй расказаў Язону, што спачатку цар Ээт любiў Фрыкса, выдаў за яго старэйшую дачку Халкiопу i зрабiў яго сваiм наследнiкам. Але потым Ээт зноў сам ажанiўся, i новая жонка нарадзiла яму сына Апсiрта. Тады цар загадаў Фрыксу iсцi прэч з Калхiды. Фрыкс запатрабаваў, каб цар аддаў яму назад залатое руно. Пачуўшы пра гэта, Ээт раз'юшыўся i забiў свайго зяця.
- Цень Фрыкса не дае мне спакою, - з няшчырым сумам гаварыў Пелiй Язону, ён прыходзiць да мяне ўночы i просiць i патрабуе, каб я выправiўся ў Калхiду i адабраў у Ээта залатое руно. Але я стары, i няма ў мяне здароўя на такое далёкае падарожжа... Гэта павiнен зрабiць ты, Язон! Здабудзь залатое руно, i ты адпомсцiш за Фрыкса i твой родны край стане самым багатым на свеце, а я з радасцю аддам табе ўладу над Iолкам.
Так гаварыў Язону каварны Пелiй, а сам думаў:
"Iдзi шукаць сваю пагiбель! Дзе-небудзь ты знойдзеш яе - цi ў бурным моры, на чужым беразе, цi ў гасцях у каварнага Ээта - усё роўна ты загiнеш, сын Эзона. Не бачыць табе Iолка, як не здабыць i залатое руно!"
Язон пачаў збiрацца ў небяспечную i цяжкую дарогу.
Каб пераплыць тры моры i дабрацца да Калхiды, патрэбны быў вялiкi карабель, быстраходны i моцны, якога яшчэ не было ў Грэцыi. А каб зрабiць далёкае падарожжа на вялiкiм караблi i сiлаю або хiтрасцю здабыць залатое руно, Язону патрэбны былi адважныя i дужыя таварышы - маракi i воiны.
З гэтымi думкамi падаўся Язон у Пелiёнскi лес - шукаць дрэва, якое магло б стаць асновай для яго карабля. Неўзабаве каля падножжа гары знайшоў ён сасну i ўзяўся секчы яе. Раптам ён пачуў звонкi голас:
- Я памагу табе, Язон. У цябе будзе карабель, якога яшчэ не мелi людзi. Я дам табе ў таварышы найлепшых герояў Грэцыi i сама павяду вас скрозь буры i туманы, i ты здабудзеш залатое руно.
Язон пазнаў голас - голас старой, якая дзякавала яму, калi ён перанёс яе цераз раку.
Читать дальше