Натуральна, што і ў Віртуальную эру біялагічны лёс я-чалавека застаецца тым самым, як і ва ўсе астатнія часы (нарадзіўся, апладніўся ды знік у невараці), але сітуацыя адбывання тэрміну быцця выглядае інакш, чым раней. Яна нечым нагадвае тую, што была ў эру Татэму – гэта значыць, сітуацыя чалавека без чалавека.
Я-чалавек – гэта ўсяго толькі міф пра чалавека. Дарэчы, склаўся гэты міф не ў эру Міфу (у тую пару я-чалавек сам сябе не вельмі цікавіў), а ў эру Тэксту. Тады ж я-чалавек быў сакралізаваны праз лучнасць са Словабогам. На гэтым сакралізаваным міфе дасюль трымаецца вера (апошнімі часамі, праўда, не зусім пэўная) у я-чалавека як у нешта большае ды іншае, чым ён ёсць са сваёй сапраўднасці.
Дэсакралізацыя Тэксту і, адпаведна, Словабога лагічна запатрабавала і дэсакралізацыі я-чалавека, што неўнікова паклікала і ягоную дэміфалагізацыю. Апранаха вялікага міфу пакрысе спадае з я-чалавека, і мы пачынаем бачыць яго тым, што ён ёсць (што яго няма). Ён сябе таксама пачынае бачыць такім, і яму робіцца няўтульна і ў значэнні раба Божага, і ў значэнні цара Прыроды, і нават у значэнні звышчалавека тэхнакратычнай цывілізацыі.
Час чалавека сканчаецца – у самых розных сэнсах. І ў сэнсе часу, дарэчы, таксама.
Прычына і мера часу, як добра вядома, я-чалавек. Без я-чалавека, без таго, што мае ўласную гісторыю бытнавання, вымкнутую з каляндарнага кругазвароту быцця, лінейны час ні для чаго не прыдатны і нікому не патрэбны (нават калі ён насампраўдзе ёсць як нейкая «матэрыяльная» якасць). Але паколькі ў Віртуальную эру на месца чалавека заступае «тэхна», гэта значыць тое, што знаходзіцца адно ў прасторы, дык мера часу зноў губляе сваю актуальнасць, як тое было, скажам, у пару Татэму.
«Тэхна» не ведае часу ў тых значэннях, якія надаў яму я-чалавек. І хаця аб’екты «тэхна» таксама некалі паміраюць («смерць» – базавая ўмова для існавання катэгорыі часу ў дыскурсе чалавека), аднак у адрозненне ад біялагічных аб’ектаў «смерць тэхнікі» залежыць не ад меры вітальнасці, а ад колькасці руху, закладзенага ў меру іх тэхнічных характарыстык. Таму не час (працягласць) дзейнасці, а колькасць ды якасць дзейнасці кладуцца ў парадыгму параметраў Віртуальнай эры. Але не тут, не ў гэтым асноўная прычына сыходу падзеі часу са стратэгіяў быцця на ягоную ўзбочыну.
Як ужо казалася, раней я-чалавек належыў двум часавым вымярэнням (было і ёсць). І хаця Тэкст вынайшаў і замацаваў трэці складнік часу – будзе, але наяўнасць будучыні заўсёды заставалася гіпатэтычнай. Гіпотэза пра будзе высноўвалася з эмпірычнага досведу я-чалавека, ёсць якога несупынна адсоўваецца ў было і на гэтае мейсца наступае новае ёсць. Калі безліч ёсць перасунулася ў было, дык натуральна меркаваць, што ёсць будзе і надалей, гэта значыць, што ў нас яшчэ маецца бясконцая магчымасць будзе, з якога не перастануць вымыкацца ўсё новыя ёсць.
Але гэта толькі лагічная выснова, сканструяваная на подзе эмпірычнага досведу. Ніякіх «канкрэтных» сведчанняў пра будучае чалавек ніколі не меў, хаця ў Тэкставую эру ўжо лічыў сябе жыхаром трох часавых вымярэнняў.
Аднак я-чалавек напраўдзе стане жыць у трох часавых вымярэннях адно тады, калі ён будзе мець будучае як наяўнае рэальнае хаця б у той меры, у якой мае мінулае. (Зразумела, мінулага таксама няма як ёсць, але яно застаецца з намі ў фактаграфіі, матэрыяльных аб’ектах, памяці і г. д і да т. п.)
Дык вось, цалкам верагодна, што Віртуальная эра (і ў гэтым яе найвялікая навіна ад Тэкставай ды ўсіх папярэдніх) насамрэч унаявіць будучае (будзе) – і быццё я-чалавека стане часава трохмерным. Рэальна, а не гіпатэтычна трохмерным. Знакі будучага запрысутнічаюць у сучасным з той жа аднолькавай мерай сапраўднасці, што і знакі мінулага.
Уласна, ужо цяпер, адно балансуючы на пярэднім акрайчыку Віртуальнай эры, я-чалавек досыць упэўнена ведае не толькі прагноз надвор’я на бліжэйшыя дні, але і бальшыню тых падзеяў, што яго чакаюць наперадзе. Ён дакладна, да хвіліны, уяўляе, у колькі падыме яго будзільнік, якім транспартам паедзе на працу, колькі аперацыяў яму давядзецца выканаць на канвееры, якія тэлеперадачы будзе глядзець цягам тыдня… Але ён ужо ведае не толькі расклад сваіх дзеяў і паводзінаў на бліжэйшыя дні, але і шмат чаго з больш аддаленага. Па гадзінах на гады распісана праграма яго школьнай адукацыі, тое самае і з адукацыяй вышэйшай, задоўга да нараджэння вядомы пол дзіцяці, на дзесяцігоддзі наперад вызначаны тэрмін выхада на пенсію і г. д. і да т. п.
Читать дальше