Так-сяк я выбраўся на сухую грыву, абмыўся крыху ў травяністай калдобіне, павесялеў. Па дарозе ўзнік новы план: не даганю таго хлопца, пайду ў лес сам. Адна толькі перашкода — рака. Ды можа як-небудзь перабяруся. Знайду бервяно і пераплыву.
Як складуцца абставіны ў лесе, пакуль што цяжка сабе ўявіць. Але ў хлапечым сэрцы багата надзей. Зразумела, мне сустрэнуцца партізаны. I вось ужо ўяўленне малюе перад вачыма грозныя і радасныя падзеі самай бліжэйшай будучыні. Мы ідзём нячутна, як цені. Я — наперадзе, паказваю дарогу, за мной — камандзір атрада, за камандзірам — ліхія хлопцы з аўтаматамі, вінтоўкамі і гранатамі. На дварэ ноч, спяць сабе Няўмыка, Ахонька і ўся іх хеўра, спіць таўсташыі Санькаў фашыст, толькі ходзяць пад вокнамі вартавыя. Яны і не здагадваюцца, што іх чакае праз некалькі мінут.
I вось я даю сігнал узмахам рукі. Партызаны па камандзірскаму загаду рассыпаюцца па вуліцы, бягуць уздоўж платоў. I раптам — тра-та-та-та. Гэта стракоча наш кулямёт. Я ляжу побач з кулямётчыкам і падаю стужку з патронамі.
— Ці-у, ці-у,— спяваюць кулі. Кулямёт змоўк.
— Дзядзька, што з вамі, вы забіты?—падскакваю я.
— Не, — адказвае партызанскі кулямётчык словамі з песні, — я забіт не забіт, а цяжка ранены...
А немцы ўсё бліжэй і бліжэй. Яны думаюць, што іхняе ўзяло, весела гергечуць, але таго не ведаюць, што за кулямётам я.
— Тра-та-та-та. А, што? Не падабаецца, гады паўзучыя?
I вось я імчуся на добрым, баявым кані. Адкуль узяўся конь, пакуль што невядома. Ды гэта не так ужо і важна. Гараць хаты паліцэйскіх, а ўсе астатнія полымя не кранае. Людзі радасна сустракаюць вызваліцеляў.
— Глядзі ты?— здзіўляюцца яны.- Ды гэта ж Сырцоў Іван.
— Які?
— Ды Кірылаў большы хлопец!
— Вось і вазьмі яго за руб дваццаць. Яшчэ ўчора карову пасвіў, а сёння на табе, камандзір. Ці не галоўны ён у іх?
— Гэта ён за Саньку так помсціць.
I раптам варожая куля прабівае наскрозь мае мужнае сэрца. Нада мной схіліліся партызаны і аднавяскоўцы. Я нежывы, але добра чую, што яны гавораць:
— Геройскі быў чалавек, даваў немцам прыкурыць...
Праўда, я паміраю не зусім і хутка ачуняю.
Пад такія прыемныя думкі легка ідзецца. Далека за спіной засталася родная веска. Яна схавалася ў кучаравых шатах вербаў, і толькі школа стаіць на гары, як па далоні, глядзіць мне ўслед пустымі вокнамі.
Да лесу засталося трэць дарогі. Здалёк ён здаваўся сінім, шчарбатым парканам, цяпер можна разгледзець медныя, магутныя ствалы соснаў. Асабліва тых, што стаяць на самым пясчаным беразе.
Там, за ракой, ужо другая зямля, там, у густым бары, жывуць мае надзеі. Мне хочацца ўбачыць людзей, якім я нясу свае крыўды, але колькі ні ўглядаюся, пакуль што нічога не відаць. Не ходзяць між соснаў партызаны, не глядзіць іх разведчык на мяне ў бінокль.
На беразе старога рэчышча, уздоўж якога ідзе ўжо зарослая травой лугавая дарога на Старую Рудню, я падкасаў штаны і пайшоў шукаць броду. Вада ўжо халодная, пад нагамі распаўзаецца ліпкі глей. Ступіш убок і зусім загразнеш па пояс. Але пераправа прайшла удала. Намокла толькі адна калашына. Я выйшаў на супрацьлеглы бераг здаволены сам сабой. Адным водным рубяжом менш. Застаўся яшчэ адзін, але самы галоўны.
— Хальт! — аперазаў мяне бізуном па спіне нямецкі вокліч.
Іх было двое. Яны стаялі на той самай дарозе, дзе я толькі што падкасваў штаны. На грудзях аўтаматы, рукамі трымаюць веласіпеды. Дагнаць яны мяне не дагоняць, пакуль перабяруцца цераз раку, мой і след прастыне. Але дагоніць куля, тым больш, што мне трэба будзе яшчэ ўзбегчы на круты бераг. Для кулі рэчка не перашкода.
I я думаю: «Ну, што яны зробяць малому? Скажу, што прыйшоў лазы нарэзаць. Кошык трэба сплесці».
Немцы не сталі дапытвацца, чаго я бадзяюся па лузе. Яны загадалі мне ісці па дарозе, а самі селі на веласіпеды і, ледзь перабіраючы нагамі, паехалі следам. Мне давялося бегчы трушком. Адзін з іх увесь час наязджае на мяне колам, цаляе трапіць у босыя пяткі і камандуе:
— Шнэль, шнэль!
Якое там шнэль, калі і так дыхаць займае. Збягаючы з узгорка, я няёмка ступіў у глыбокую, зарослую травой каляіну і распластаўся на дарозе. Гэта рассмяшыла фашыстаў.
Кіламетры за два ад Старой Рудні, каля крутой пясчанай гары мяне спынілі. Хацелася зваліцца на зямлю і хоць крыху аддыхацца, але мне загадалі падымацца на гару. Следам карабкаюцца немцы, валакуць свае веласіпеды.
На схіле гары процьма народу капае акопы. Тут распараджаецца пажылы, у нейкім рудым абмундзіраванні салдат. Вінтоўка за плячыма, а ў руках бліскучы жалезны метр. Ён крытычна аглядае маю хліпкую постаць і падводзіць да кучы рыдлёвак.
Читать дальше