— Лапата. Лапата. Арбайтэн. Фарштэен зі? — тлумачыць ён і вядзе да вялізнай ямы. А тыя двое расселіся на траве і не звяртаюць больш на мяне ўвагі.
— Варона ты, варона, а не партызан, — лаю я сам сябе. — Гэта ж трэба так уліпнуць!
Нас у яме чацвёра. На дне сівенькі сухарлявы дзядок і тоўстая рыжая дзяўчына. Яны бяруць гліну шуфлямі і кідаюць яе на выступ, падобны на прыпечак, па якім залазяць на чарэнь.
3 прыпечка яе шуфлем выкідвае наверх хлопец гады на тры старэйшы за мяне. Мы адразу пазнаёміліся: яго завуць Максімам.
— Цябе гэты татальнік схапіў? — ківае ён на немца ў рудым мундзіры, які ўвесь час вісіць над нашымі галовамі і лаецца на дзяўчыну, бо тая не гладка аскрабае сценку.
— А што гэта за татальнікі такія? — цікаўлюся я.
— Цю-у! Не ведае! — здзівіўся Максім.
Тут у размову ўмешваецца дзядок. Ён выцер далонню пот, абапёрся на рыдлёўку і растлумачыў:
— Вось не хапае, скажам, у чалавека бульбы. А голад — не цётка. I вось пачынае ён, скажам, есці тую, што пакідаў на насенне. Так і тут: падмятаюць пад венік сваю Германію.
— Ды пры чым тут бульба? — нездаволены дзедавым тлумачэннем, адгукваецца Максім. — Грабуць старых і малых, бо не хапае ўжо ў іх салдат.
— Арбайтэн, арбайтэн! — перапыніў немец гэтую дыскусію і сам рассеўся на свежым пяску над нашымі галовамі.
— А нам, скажам, не на пажар, — з насмешкай адказаў татальніку дзядок, але заварушыўся.
Вечарам нас прыгналі ў Старую Рудню. Насустрач па дарозе праехалі два грузавікі, гружаныя бярвеннем. Бярвенне не новае, пачарнелае ад дажджоў і вятроў, на ім папрыліпаў спрасаваны мох.
Дзядок дыбае побач са мной і ўздыхае:
— Вось разбураюць хаты, закапваюць у зямлю. Відаць, зімаваць збіраюцца.
На ўскраіне сяла, каля гумна, нас спынілі. Мясцовым загадалі выйсці заўтра на работу і адпусцілі па хатах. А такіх, як я, злоўленых на розных дарогах, загналі ў гумно. Мае спробы даказаць, што я таксама стараруднянскі, скончыліся дрэнна: зарабіў ад аднаго з веласіпедыстаў выспятка. Навучыліся, чэрці, як коні брыкаюцца.
Нас у гумне чалавек дваццаць: бабы, дзяўчаты, гаваркі дзядок і некалькі хлопцаў. Людзі, стомленыя за дзень цяжкай працай, моўчкі пападалі, хто дзе стаяў. Толькі дзядок, падсцілаючы пад бок салому, уздыхнуў:
— Во, кажу, трапіў у нерат — ні ўзад ні ўперад. Трэці дзень ужо раблю чорту лысаму.
Але ніхто размовы не падтрымаў, і дзядок пакрыўджана змоўк. Кожны думае пра сваё. Пра сваё думаю і я. Затрымлівацца на гэтых акопах мне няма разліку. Трэба неяк уцякаць, а як ты ўцячэш, калі вароты закручаны дротам і адзін з тых веласіпедыстаў непадалёку рыпае на губным гармоніку.
— Эх,варона ты, варона!
Мармыча нешта скрозь сон рыжая дзяўчына, пасвіствае побач са мной носам, падклаўшы пад галаву кулёк саломы, Максім, толькі мне не спіцца і не ляжыцца. Акраец хлеба, што захапіў з дому, я з'еў яшчэ на лузе, на баланду, якую даюць немцы на акопах, спазніўся, пазнавата мяне прыгналі, і цяпер страшэнна хочацца есці.
Густыя прыцемкі ахуталі зямлю. У гумне і зусім нічога не відаць. Асцярожна, каб не наступіць на каго-небудзь, я прабіраюся ў дальні куток, стараюся ў шчыліны паміж бярвеннямі разгледзець, што робіцца на вуліцы. Нічога не відаць.
Нечакана наткнуўся на штосьці вострае. Абмацаў рукамі — жалезны зубец, пад нагамі валяецца драўляная барана. Пачаў абыходзіць — спатыкнуўся і паляцеў на голы гліняны ток.
— Ціха ты, абармот! — злосна зашыпеў над самым маім вухам хтосьці з цемры, а потым паклікаў да сябе:
— Ідзі сюды. Толькі глядзі, тут нейкае ламачча...
Аказваецца, і Максім не спіць, шныпарыць па гумну.
— Можна падкоп зрабіць, ды доўгая песня,— шэпча ён. — Давай лепш страху драць. Мінулай ноччу я спрабаваў — аднаму нязручна. I галоўнае — ціха. Баба тут адна ёсць. Дужа баіцца смерці. Пачуе — лямант узніме.
Максім выгнуў дугой спіну, упёрся рукамі ў сцяну і скамандаваў:
— Лезь...
Стаяць на Максімавых плячах вельмі нязручна. Яны хістаюцца ўвесь час, нібы купіна пад нагамі на зыбкім балоце. Таму скубці салому даводзіцца адной рукой, а другой — трымацца за пераплёціну. Страха зроблена па-гаспадарску, пакрыта, як кажуць, пад грабёнку, трывала ўвязана. Пацягнуў раз, пацягнуў другі — пасыпалася пацяруха, запарушыла вочы. А тут яшчэ Максім пахіснуўся, знікла пад нагамі апора, хруснула пад рукой спарахнелая жардзіна, і я загрымеў на ток. У цемры трэснуўся аб нешта цвёрдае патыліцай, аж войкнуў.
— А божачка ж ты мой! — залямантавала баба. — Ды нас жа пазабіваюць і спаляць праз гэтых хлопцаў...
Читать дальше