Заварушылася на саломе яшчэ некалькі чалавек.
— Вось саплякі! — прасіпеў нехта з мужчын прастуджаным голасам.
— Русь! Русь! — пагрозліва абазваўся за варотамі немец.
Апоўначы, калі ўсе, здаецца, заснулі, мы зноў узяліся за страху. На гэты раз прыцягнулі барану і асцярожна, каб не стукнуць, прысланілі яе зубцамі да сцяны. Зноу пасыпалася на галаву пацяруха.
— Ты перавясла шукай! — падае парады Максім, прытрымліваючы мяне знізу. Цяпер я дзейнічаю дзвюма рукамі, і справа падаецца лепш. Як толькі выцягнулася першая жменька саломы, другая пайшла лягчэй. Шмаргану адзін раз і замру. Слухаем, ці далека немец. Далека — яшчэ раз. Блізка — чакаем, пакуль зойдзе за вугал.
Так-сяк удалося прадраць невялікую дзірку. Дачакаўшыся, калі вартавы адышоў ад варот, я ўчапіўся за жардзіну і падцягнуўся колькі мог на руках, боўтаю ў паветры нагамі, хачу дастаць сцяну, каб адпіхнуцца. Добра, што знізу падсадзіў Максім.
Ноч дыхнула мне ў твар першым марозцам. Страха ўзялася інеем. Думаць няма калі. Знізу падштурхоўвае Максім:
— Давай...
I я, затаіўшы дыхание, сігануў у невядомую і страшную цемру. Або пан, або прапаў.
Падхапіўшыся на ногі, я пабег уздоўж агародаў, потым пералез цераз адзін штыкетнік, цераз другі, абадраў рукі аб калючы дрот. Сабакі ўзнялі страшэнны гармідар. Спачатку гаўкнуў у бліжэйшым двары, яму адазваўся на суседняй вуліцы, і пачалася пераклічка на розныя галасы. Ногі самі вынеслі мяне за вёску. Я мяшком скаціўся з гары і пашыбаваў, не выбіраючы дарогі, у хмызнякі, па балоту, па купінах, па калючай асацэ.
Дзесьці за спіной грымнуў стрэл, затым другі. У начной цішыні яны гулка пракаціліся па лузе да самага лесу і адтуль рэхам вярнуліся назад.
— Па Максіму, — здагадаўся я і яшчэ больш паддаў ходу. Чаўкае пад нагамі вада, усё глыбей і глыбей топяцца купіны, а далей і зусім не прайсці. Давялося бегчы ў абход.
34. САНЬКА ВІНАВАЦІЦЬ ВЕРАБ'Ёў
Саньку забралі са склепа яшчэ ноччу, кінулі ў машыну і кудысьці павезлі. Куды, ён не ведаў. Думаў, што на расстрэл.
I вось ужо другія суткі Санька сядзіць у цёмным падвале. Ад школьнага склепа ён адрозніваецца толькі тым, што пад самай столлю тут ёсць невялікае акенца. За бруднай шыбай хістаецца ад ветру тоненькая, яшчэ зялёная былінка і раз-пораз праходзяць то ў адзін бок, то ў другі салдацкія боты.
У падвале не так страшна, як у склепе, но так лезуць у галаву чорныя думкі. Тут многа людзей, і гэта супакойвае.
Побач з Санькам сядзіць на цэментаванай падлозе, прыхіліўшыся да цаглянай сцяны, аднарукі дзядзька, зарослы да самых вачэй чорнай шчацінай. Ён звесіў галаву на грудзі і, здаецца, спіць. 3 другога боку ляжыць дагары, падклаўшы рукі пад патыліцу, яшчэ зусім малады хлопец. А далей — шапкі, картузы, хусткі, дзіравыя боты, старыя, падвязаныя вяроўкай галёшы і нават лапці. Лапці належаць старому з шырокай, як лапата-хлебніца, барадой. Яна закрывае яму грудзі амаль да пояса. Стары ні на каго не глядзіць. Ён увесь час пазірае на свой дзіравы лапаць і вялізнымі, вузлаватымі пальцамі спрабуе запхнуць у дзірку брудную анучу.
Непадалёку ад яго — дзве дзяўчынкі. Яны прыціснуліся адна да адной і спалохана ўздрыгваюць, як только што ляпне за дзвярыма. Адна з іх ужо амаль дарослая, а другая — зусім горкае дзіця. Тварык дробненькі, абсыпаны вяснушкамі, нібы вераб'інае яечка.
Гэта толькі здаецца, што аднарукі спіць. Калі Санька прымасціўся побач, ён расплюшчыў вочы, пільна глянуў на свайго новага суседа і нібы даўняга знаёмага спытаў:
— А цябе за што?
Спытаў так, быццам Санька і не чалавек, быццам ён не можа нарабіць немцам шкоды. Расказваць не ахвота. Санька толькі ўздыхнуў і адвярнуўся.
— Не хочаш — не гавары, — не пакрыўдзіўся сусед і зноў заплюшчыў вочы.
Паветра ў падвале густое і вільготнае, пахне анучамі, сырой адзежай і потам. Ад усяго гэтага кружыцца галава. Як скрозь сон даносяцца крокі з-за бруднага акенца, бразгае замок на дзвярах, вішчаць, аж мароз ідзе па скуры, іржавыя завесы.
— Кандраценка, выходзь!
3 кутка падняўся дзядзька ў прамасленым, зашмальцаваным летніку і пачаў пераступаць цераз галовы, цераз ногі, цераз клункі. Завішчалі завесы, і дзверы праглынулі няскладную, згорбленую постаць Кандраценкі.
Санька спіць і не спіць. То яму здаецца, што ляжыць ён у Плёсах каля свайго будана, то паўстае перад вачыма тоўсты карак фашыста, складзены гармошкам над каўняром.
— Яны знайшлі ў бульбе пісталет, — узнікла ў Санькі здагадка, — і пільнавалі, калі я прыйду...
Читать дальше