— Цяпер, калі прыйдзе па кароў немец, пеканём, — рашуча заявіў Міцька і схаваў кулямёт у траву. Ніхто ў гэтым не сумняваўся: вядома, пеканём.
Вольныя ад службы хлопцы схадзілі на поле кіламетры за два, накапалі бульбы, і вось ужо войска, расчырванелае ад гарачыні вогнішчаў, перапэцканае ў сажу і вуголле, выкачвае з прысаку — хто лазіной, хто трэскай — печанку і з асалодай на яе дзьме. Эх, і смачная ж бульба, згатаваная сваімі рукамі ў лесе, на свежым, прыпраўлоным восеньскімі гаркаватымі пахамі паветры. Ядуць яе з тым, у каго што ёсць: хто з салам, хто з соллю, а хто і проста з такам — нішчымную. Мы з Санькам мачаем у соль на чыстай белай анучцы, а ў Міцькі соль у бляшанцы з-пад ваксы. Начальнік штаба ляжыць на баку, не спяшаючыся, самавіта разламвае надвае сопкую, гарачую бульбіну, акуратна соліць яе і накіроўвае ў рот.
Павячэраўшы, ён закрывае сваю бляшанку і кладзе яе, нібы табакерку, у кішэню. Начальнік штаба ніколі не разлучаецца са сваей паходнай салонкай. Ён без яе, як курэц без кісета.
Плыве над Плёсамі вераснёўская ноч, блудзіць па хмызняках вецер, то прыцішыцца, быццам прыслухоўваецца, то сарвецца з месца і пабяжыць, як ашалелы, палохаючы нашых вартавых. Мігаюць на небе далёкія, халодныя зоркі, цяжка ўздыхаюць каровы, пазашывалася ў буданы, спіць у сене Санькава войска. Не спяць толькі вартавыя. Яны расклалі маленькі агеньчык і туляцца да святла і цяпла: там, у цемрадзі, нібы хто ходзіць, нібы хто крадзецца, нібы хто прытаіўся за кустом.
А раніцой нашы камандзір і начальник штаба яшчэ раз паказалі нам, што ўсё гэта не гульня і не жарты.
Пецька Чыжоў, ці проста Чыжык, худы і хваравіты дванаццацігадовы хлапчук, страціў пільнасць і заснуў на пасту. Праўда, страшнага нічога не здарылася, калі не лічыць, што паўсвіткі вартавога згарэла ў той час, як ён спаў ля агню, але Санька патрабуе лютай кары.
— Ты ведаеш, чаму загінуў Чапаеў? — грозна вядзе камандзір свой допыт.
Чыжык стаіць у акружэнні «партызан», каб і хацеў даць лататы, ды няма куды. Таму ён кратае босай нагой сухі сучок і недагарэлым рукавом выцірае нос.
— Чапаеў загінуў, — бушуе Санька, — з-за такіх разяў, як ты. Яны таксама спалі на пасту. Іх саміх зарэзалі белыя і ўсіх чапаеўцаў акружылі. Ты здраднік і смаркач. Такіх расстрэльваць трэба.
Пачуўшы пра расстрэл, Чыжык навастрыў вуха.
— Правільна! — падтрымаў камандзіра начальнік штаба.
— А я дзеду скажу! — прыгразіў Чыжык начальству.
Тут Міцька не вытрымаў і даў няўдаламу вартавому пару разоў па шыі. На гэтым суд і расплата закончыліся.
Пакуль разбіраліся з Чыжыкам, дэзерціравала камандзірская каза. Мы аблазілі ўсе кусты і ямы, але знайсці нідзе не маглі. Вырашылі, што яна ўцякла дамоў. Санька даручыў атрад Міцьку, а сам са слязьмі і праклёнамі пайшоў у вёску. 3 ім пайшоў і я. Трэба даведацца, як там бабуля з Глыжкам, ды цяплей апрануцца. Ночы ядраныя.
30. САНЬКА АБЯЗЗБРОЙВАЕ ВОРАГА
Ляціць над лугам на павуцінні бабіна лета. Адцвітаюць у траве апошнія краскі. Сонца прыпякае, як у жніўні. А Санька нічога гэтага не хоча заўважаць, усю дарогу ён праклінае сваю збродлівую казу.
Пад самай вёскай на балоце, у густых зарасніках лазы, мы наткнуліся на незнаёмага чалавека. Ён выйшаў нам насустрач з-за куста так нечакана, што ўцякаць ужо было позна. Першае, што нам кінулася ў вочы, гэта перавязаная акрываўленай анучай рука. Разгледзелі больш уважліва — юнак гадоў васемнаццаці, абарваны, стомлены, мурзаты і худы.
— Вы з гэтага сяла? — спытаў ён.
— 3 гэтага, — насцярожана адказаў Санька.
— Немцы ёсць?
Мы з Санькам пераглянуліся: чаму гэта ён пра немцаў пытае? Хто ж ён такі?
— Не ведаем. Мы кароў у Плёсах пасвім, — растлумачыў я незнаёмаму.
— А хлеба ў вас не знойдзецца?
Хлопец акінуў нас галоднымі вачыма і, відаць, зразумеўшы, што пытанне гэта лішняе, уздыхнуў і сеў на купіну.
Крыху асвоіўшыся, мы асмялелі, і Санька спытаў:
— А ты хто такі?
— А ніхто, — адказаў хлопец. — Прынясіце лепш хлеба. I паглядзіце, ці ёсць немцы ў вёсцы.
— Ты, можа, партызан? — дапытваецца Санька.
— Можа, — паціснуў плячыма хлопец і загадаў: — А ну, хутчэй!
— А нас возьмеш з сабой? — таргуецца мой сябра.
Хлопец крытычна агледзеў нас з галавы да ног і адрэзаў:
— Без зброі не бяром. — А потым пужнуў: — Ну?!
Мы пусціліся з усіх ног выконваць яго даручэнне.
Нарэшце такі мы сустрэлі сапраўднага партызана! Цяпер трэба не ўпусціць моманту і прасіцца ў атрад, трэба штосьці такое зрабіць, каб паказаць, што мы баявыя, геройскія хлопцы. Тады нас прымуць без размоў, не паглядзяць, што няма і па трынаццаць.
Читать дальше