– А ну, – лагодна кажа адзін, – прадэманструйце, Галуба, што ў вас у торбачцы? – і ў сваю чаргу рухам добрай волі дэманструе мне нож.
– Сьцеражы-ы-ся!!! – раўнуў зь нябёс трубны голас. – Кідаю!
Бандыты сыпанулі ў розныя бакі. Я ледзьве пасьпела адскочыць, як гіпсавы конь грымнуўся аб зямлю і разьляцеўся на дробныя кавалкі. За шэдэўрам скульптурнага мастацтва з плоту саскочыў яго ўладальнік – багема з паднятым каўняром.
Пакуль я выбіралася з сумёту, куды трапіла, ратуючыся ад скакуна, бандыты ўжо абкружылі прыбылага. Але той не сумеўся, каго – праз галаву, каго – аб калена, і вось перад ім толькі двое. Што праўда, з нажамі. І ціснуць яго да плоту, як за хвіліну мяне. Ну, мяркую сабе, надышла пара ўсё ж такі прадэманстраваць, што ў торбе. Не марнуючы часу, падляцела ды прыгаломшыла абодвух малатком. Зьбіраючыся на дачу да артышока, я, бачыце, прыхапіла тое-сёе з інструмэнтаў, каб адчыніць, калі што, навалоглыя дзьверы.
Бамбізы з нажамі маляўніча працягнуліся ля маіх бурак. Чорная кроў лілася ў Свіслач. Хтосьці крануў мяне за плячо, я адрухова павярнулася і, зьбітая з ног страшэнным хукам, праляцела добрых тры мэтры ды спаўзла па сьценцы: гэта мяне прывітаў адзін з тых, каго багема з самага пачатку паклаў у снег. Праз хвілю бандыт ізноў апынуўся ў сьнезе й заціх. Багема памог мне ўзьняцца. Вочы мае засьціў крывавы дым, у вушах гуло нешта сярэдняе паміж прыбоем і бэнзапілкай.
– Там! – я з цяжкасьцю разьляпіла вусны. – Зух на плоце, «хуткую дапамогу» выклікаць трэба!
Я паматала галавой і трохі ачуняла. І што ж пабачыла, калі ружовы туман збольшага рассеяўся? Зух, які, як я думала, аддаваў канцы на вострых жалезных прутах агароджы, цэлы і здаровы, расьцьвітаючы чароўнай усьмешкай, дэфілюе цераз вуліцу, разьвітальна робіць ручкай і зьнікае за рогам!
Налётчыкі ў сьнезе заварушыліся.
– Ведаеце што, – далікатна звярнуўся да мяне багема. – Калі вы зможаце, то нам лепш адсюль уцячы.
Адзін з бандытаў узьняўся на кукішкі.
Як мы беглі! Сьвісцеў-гуў у вушах вецер, адляталі назад камяніцы і ліхтары, палаў захад… Раптам вуліца рэзка павярнула, і раззлаваны трамвай, пад колы якога мы ледзь ня трапілі, вылаяўся званком. Я ашалела азірнулася. «Хлеб, малако», «Белая вежа», людзі, аўтобусы і ніякіх прыкметаў Брэйгеля-старэйшага.
– Скончылася! – узрадавалася я. – Уфф!
– Прапаную па кілішку каньяку, – хуценька адазваўся мой выратавальнік. – «На ростанях». Заслужылі. І, дарэчы, дазвольце назваць сябе, – пратарахцеў чарговы трамвай, і імя я не пачула. – Паводле роду занятку – скульптар.
Швэйцар «На ростанях», пабачыўшы нас, адхіснуўся ад дзьвярэй, а шатніца, прымаючы паліто, зьбялела з твару. Люстэрка засведчыла, што гэта цалкам мая заслуга. Скульптар выглядаў зусім нядрэнна, невялікія драпкі нават рабілі яго няправільныя, але прывабныя рысы больш выразнымі. А вось што да мяне… Перапэцканыя нейкім мазутам штаны разарваліся ў бойцы, патлы зьбіліся ў каўтун, калодай распухла рассечаная губа, а пад левым вокам пераліваўся вясёлкай вялізны сіняк. У дамскім пакоі я прывяла сябе ў блізкі да чалавечага выгляд: ліквідавала дзірку, захінула стары швэдар больш маляўнічай хусткай, зрабіла прымочкі для губы і сіняка. І цьвёрда вырашыла ўцячы.
Але скульптар чакаў у вэстыбюлі і бяз доўгіх размоваў павёў мяне ў залю, дзе пры нашым зьяўленьні запанавала глыбокая цішыня. Нейкі юнак, тонкая душа, ускрыкнуў і паспрабаваў схавацца за парт’еру. Забіўшыся ў куток, за самы дальні столік, я назірала, як багема размаўляе ля стойкі з бармэнам, і са скрухай думала, што калі зараз ён прынясе гэтак званы жульен у садысцкіх глячках памерам з напарстак – узвыю. Такога выпрабаваным сялянская душа мая ўжо ня вынесе. Але не, гляджу – валачэ паднос, на якім зыходзяць смачнай парай дзьве прыстойныя талеркі, а паміж імі красуе пляшка «Белавескай». У мяне нават на душы цяплей стала. А пасьля кілішка духмянай гарэлкі стала цёпла і целу. І вельмі захацелася расплакацца. І есьці захацелася. Ад першага я зь цяжкасьцю, праўда, але ўстрымалася, затое дала сабе волі ў другім: калі жывеш адна, гатуеш вельмі рэдка. Умінаю і бульбу, і мяса за абедзьве пысы, падымаю вочы і сустракаю такі позірк… Я ажно папярхнулася.
– Вы, – кажу, – так на мяне не глядзіце, я да ўвагі не прывыкла, ад зьбянтэжанасьці магу нешта ня тое ляпнуць і сапсаваць вечар.
– Ну што вы, – супакоіў ён, не адводзячы вачэй, – хіба вы здольная нешта сапсаваць?
Тут я заўважыла, што «На ростанях» – даволі ўтульнае месьцейка: музыка ўперамешку з пасмамі тытунёвага дыму, ліхтарыкі на сценах…
Читать дальше