1 ...6 7 8 10 11 12 ...20 У пакоі пахла надзейна схаванымі шкарпэткамі, патрыятызмам і хлёркай. І ва ўсім гэтым быў дух такой галечы, такой непавагі і такой роспачы, што бацька нават ня стаў садзіцца – так і замёр, стоячы проста пад лямпачкай, у якой танчыў на сваіх вуглях яе стомлены раб, маленькі, танюсенькі залаты чалавечак. Нават лінолеўм пад нагамі адчуваць было непрыемна – ён ляжаў крыва і напаўзаў на прагнілы плінтус, як садраная насьпех шкура вялікай і хворай жывёліны.
Гасьцініца, каб паміраць. Усё тут гаварыла зь ім, пасьпешліва, навыперадкі, гаварыла пра ўбоства і асуджанасьць, пра тое, што нічога не атрымаецца, выйсьця няма і ня будзе. Гатэль для тых, хто вырашыў сысьці з жыцьця. Таму туалетная папера і “не ўваходзіць”. Нашто самагубцам папера? Можа, ім яшчэ сьметніцы паставіць, і вільготныя сурвэткі на стале пакінуць? Мёртвыя ня какаюць.
Бацька падумаў, што гэтая гасьцініца ў мястэчку – ідэальнае месца для расчараваных паэтаў і мастакоў, якія бавяць сваю апошнюю ноч. Калі ў вялікім горадзе, ва ўтульнасьці і неспакоі іхных кватэраў цяжка прыняць рашэньне – дык тут і праўда адразу ж разумееш, што ў цябе нічога ня выйшла і ісьці далей ня мае сэнсу. Прытулак для зьнявераных. Можна ўявіць сабе, як гэта – прачынацца з пахмельля ў гэтым пакоі восеньскай раніцай, калі яшчэ не ўключылі ацяпленьня і нудны дождж залівае шыбіны. Менавіта тут жыве і працуе яна – безнадзейнасьць. І ў яе руках ключы ад усіх пакояў.
Ён выскачыў з пакоя, спусьціўся ўніз, адміністратарка ўсё так жа нерухома сядзела пад сьвятлом настольнай лямпы, нібы надзеўшы яе сабе на галаву. У “Императора Павла” ён узяў сабе гарэлкі – тут гулялі штосьці, можа, нават вясельле: і кожны з гасьцей мог быць жаніхом або нявестай. Але яго пасадзілі і прынесьлі столькі хлеба, што ім можна было накарміць усіх тутэйшых галубоў, і салата была досыць смачнай, і крумканьне галасоў пасьля першых ста грамаў сышло некуды на той бок сэрца, і ўжо ня так раздражняла. Ён схадзіў пакурыць, пастаяў воддаль нейкай кампаніі, якая пазірала на яго з інтарэсам, але без варожасьці. Вярнуўся, сеў, замовіў яшчэ гарэлкі – дзіўна, ён прайшоў скрозь натоўп, не дакрануўшыся ні да воднага локця, ні да воднай сьпіны або рукі, быццам усіх гэтых людзей ён выдумаў сам.
“Дзевачьку не хаціце?” – спытаў нехта, нахіліўшыся да ягонага вуха, і бацька зноў, як нядаўна, у гасьцініцы, замахаў рукамі, так і не разглядзеўшы, хто зьвярнуўся да яго з прапановай. Давялося аддыхацца, супакоіцца, перш чым зноў узяцца за кілішак. Дзевачька – а ён і праўда ўявіў сабе дзяўчынку. Малое такое дзяўчо, зьмерзлае, галоднае, з агромністымі вачыма, у кожным зь якіх стаяў ён сам, п’яны, з бліскучай ад тлушчу ніжняй губой. Яму нельга шмат піць, заўтра трэба нешта зрабіць, знайсьці грошы, разабрацца з машынай, вярнуцца на лясную дарогу, ісьці ў гушчар, які ня мае ні адрэсы, ні сьценаў, ні вокнаў. Шукаць Лёсю і Лёччыка, знайсьці і давесьці задуманае да канца – уратаваць сваіх дзяцей. Дзевачька… Дзяўчынка. Дзяўчынка – слова чыстае, як вада, дзяўчынка можа быць толькі дачкой, сваёй або чужой. Гэта на Языку дзевачька – істота з ухмылкай, з коштам на грудзях, працавітая жанчына, прадукт. Мова расстаўляе свае пасткі, мова наогул. Ва ўсім, калі задумацца, была вінаватая толькі яна – мова.
Ён вярнуўся ў гасьцініцу і, скаланаючыся ад непазьбежнасьці вяртаньня ў непрытульны пакой, адамкнуў дзьверы. Недзе за сьцяной хадзілі масквічы, хадзіла іхнае маскоўскае мэтро, хадзілі куранты, хадзілі ходзікі і хадакі. Што робяць тут масквічы? Езьдзяць па лясах, прыглядваюць сабе лецішчы, гойсаюць па навакольлі, няўлоўныя, бо як можна злавіць расею. І цалкам магчыма, што заўтра, едучы па шашы, яны падбяруць дваіх малых, што будуць брысьці па ўзбочыне – пасадзяць у сваю машыну, палятуць на ўсход, пасьмейваючыся з маўчаньня гэтых загарэлых, непрыветных дзяцей; кожная расейская машына – прасторная, як Сібір, небясьпечная, як невядомасьць.
Бацька заскрыгатаў зубамі. Гарэлка дагарала ў ягоным нутры, а падкінуць дроваў не было як. Заўтра. Ужо заўтра. Хутчэй бы прачнулася гэтае нікому не патрэбнае мястэчка. Хутчэй бы зноў пайшоў час.
Ён лёг тварам на падушку.
А дзе ж твая дочка?
Думкі пра Лёсю былі лёгкія і крывавілі, і ён аддаўся ім з салодкім болем – і вось ужо дазволіў Лёсі самой стварыць сабе навакольле. Ён ляжаў і прыдумляў Лёсі будучыню.
І пакрысе перад ім узьнік вобраз вялікага гораду, дзесьці за мяжой. Ён уявіў, як Лёся, ужо зусім дарослая, можа быць, студэнтка, апранутая зусім па-замежнаму, прыгожа і трохі неахайна, уся ў цёмна-сінім, стаіць на ўзгорку і ўзіраецца ў каляровую дахоўку сьпічастых стрэхаў. А побач зь ёй хлопец, на выгляд – сапраўдны іншаземец.
Читать дальше