Каменны тата хадзіў па лясах, і свае стралялі ў яго, але дарэмна. Кулі, як іскры, адскоквалі і гаслі. Тата моцнымі рукамі хапаў сваіх і сутыкаў ілбамі, каб тыя рассыпаліся. Твару ў таты больш не было. А ўсё таму, што свае выкралі яго і схавалі ў торбу.
Тата шукае свой твар.
Маленькая Меліціна злавалася, калі маці прыносіла робатам кацёл з гарачай і нясмачнай кашай. Яна адмаўлялася есці і нават лаялася на магічнай дзіцячай мове. Робаты давалі ёй патрымаць зброю, і яна адчувала, як становіцца іх часткай. Потым яна змерзла, і адзін з іх закруціў яе ў сцяг зрынутай рэспублікі.
Далей – высокая тэмпература і жаданне сагрэцца як мага хутчэй.
– Мы сыходзім з Югаславіі назаўсёды! – ён гэта маме крыкнуў на сваёй мове, але не быў сваім, таму што не страляў па татах дзяўчынак. Мама пайшла з ім і ўзяла Меліціну.
У новым горадзе, дзе было шмат машын, яна таксама думала, што ўбачыць такіх жа чорных і зялёных чалавечкаў без пачуццяў. Але дарэмна: гэта быў практычна Бялград (нават з падобнымі тварамі), але абсалютна ціхі.
– Тут не паляць хат і жывуць людзі, – казала маці Меліціне, падбадзёрваючы яе да новага жыцця. Дзяўчынка з цікаўнасцю аглядала шыі тысяч новых людзей і ўяўляла, як трэба іх роўненька абезгалоўліваць, каб не атрымалася ірваная папера. Неахайная ірваная папера, якую хочацца камячыць.
На шыю Аляксея яна таксама доўга глядзела, а потым узяла і правяла пальцам. Яму стала казотна, і ён пачырванеў. Настаўніца сказала строга некалькі слоў, і ў тую ж секунду дзеці пачалі глядзець у сшыткі і вельмі рэдка – адзін на аднаго. Меліціна закахалася ў яго шыю.
Яшчэ праз 10 гадоў яна ўпершыню заснула з маладым чалавекам і папрасіла не сціскаць яе горла, калі ён рабіў ёй добра. Раніцай яна доўга плакала і прасіла прабачэння ў свайго роднага таты, які да гэтага моманту ўжо быў у адной лодцы з айчымам.
Там, дзе ён вырас, мала хто чытаў дэкадэнцкую літаратуру і ўжо тым больш задумваўся пра нейкую хрэстаматыйную філасофію. Кафкам яго празвалі хутчэй выпадкова. І зусім не праз падабенства з вядомым пісьменнікам. Сам Кафка думаў, што яму далі такое імя праз бясстрашнасць, якую яго мама называла «адмарожанасцю».
Нос яго быў перабіты ў двух месцах. А адзін толькі погляд даваў зразумець, што ў любую секунду Кафка гатовы сціснуць кулакі і надаваць па твары і рэбрах выпадковаму мінаку. У іншых сітуацыях, сустракаючы сабе падобных, ён мог дастаць складанчык і пакінуць асабісты аўтограф на жыватах і тварах супернікаў.
Не, ён зусім не быў агрэсіўным хлопцам. І нават у першыя секунды зносін з вартавымі парадку стараўся паводзіць сябе ветліва і з павагай. Але нічога не дапамагала. Людзі ў форме, як галодныя дваровыя сабакі, кідаліся на яго з дубінкамі і шокерамі. Ён жа, нібыта быў тыграм у мінулым жыцці, упіваўся ў глоткі супернікаў, і тыя баязліва вішчалі, размахваючы сродкамі самаабароны.
– Такіх, як ты, не любяць, – казаў яму тоўсты прапаршчык, які пісаў чарговы пратакол.
– Такія, як я, наогул на мяжы вымірання, – адказваў Кафка, прыкусіўшы скрываўленую і распухлую губу. Рукі яго былі прыкаваныя да крэсла тугімі кайданкамі. За спінай стаяў змучаны сяржант з бліскучым ад поту тварам, ён раз-пораз біў Кафку цвёрдай дубінкай па галаве. Як толькі Кафка хацеў павярнуць галаву і адгыркнуцца, сяржант біў кулаком яго па шчацэ і пагражаў дастаць чорны пісталет Макарава, які пах машынным маслам.
Кафка ведаў, што гэтыя пачвары не наважацца пакараць яго смерцю. Максімум – ганебная клетка з сырой падлогай і сядзельцамі, запалоханымі сістэмай падаўлення. Сярод іх збіты бунтар яшчэ мацней адчуваў, як яго пажырае знутры полымя ўнутранай свабоды.
Калі ён ляжаў на пыльных нарах у вузкім ізалятары часовага ўтрымання, то на імгненне падумаў, што ў гэтым жыцці яму нічога не страшна. Нават смерць.
Але Кафка хлусіў.
Адзінае, ад чаго яму станавілася невыносна жудасна, гэта думкі пра дзяўчыну, чыё імя пачыналася на літару “Я” (але не Яна).
Ён уявіў, што калі Я. (не Яна) аднойчы прыйдзе да яго заплаканая і скажа «Кафка, пашкадуй мяне», то ён упадзе ў ступар, не ведаючы, што адказаць.
Кафка шмат разоў уяўляў сабе гэты стан поўнага бяссілля, кампенсаваны адноснай свабодай. Кожны раз, калі яму заломлівалі рукі, аблівалі халоднай вадой, білі драўлянай качалкай па ступнях, паклаўшы жыватом на стол следчага, ён уяўляў, як Я. (не Яна) глядзіць анёлам на ўвесь гэты жах i ўсміхаецца. А потым, калі сіл ужо не засталося і падзецца няма куды, – гладзіць яго па галаве і просіць пашкадаваць. Пасля гэтых слоў ён заўсёды губляўся – любіць і шкадаваць яго не вучылі.
Читать дальше