Некалькі разоў Максім заходзіў да дзяўчыны на кватэру. Не ў параўнанне, яе бацькі былі заможнымі і ўсяляк песцілі дачку. Юлін брат Кірыл заканчваў школу і хацеў паступіць у прэстыжны прыватны сталічны інстытут. Было ў яго, як ведаў Максім, і тайнае захапленне: ён іграў на гітары, збольшага спяваў і складаў музыку. Зухаваты, са срэбранай завушніцай, моднай прычоскай і апрануты на поўны прыкід, ён выклікаў у Максіма дваістае пачуццё: з аднаго боку – павагу да творчай, як ён лічыў, рысы ў таго ў характары, а з другога – прыхаваны недавер да яго здольнасцяў. Спяваў Кірыл то па-англійску, то па-руску, і неяк, на яго думку, з чужых галасоў. І тэксты песняў былі, на яго погляд, слабаватыя. Папса. “Ты б на роднай мове паспрабаваў”, – параіў ён яму аднойчы, але Кірыл зняважліва адмахнуўся: “Несучасна, зараз усе па-англійску бацаюць”.
* * *
…Максімаў бацька сядзеў за бутэлькай піва, быў не ў гуморы. Маці яшчэ не прыйшла з работы.
– Ты б не паліў у хаце, – зрабіў заўвагу Максім.
У адказ бацька ўзняўся з зэдліка і адчыніў фортку. Хлопец заўважыў раптам, што той ужо на галаву ніжэй за яго.
– Чаму не на працы? – з’едліва пацікавіўся Максім.
– Не падышла, значыць. Шукаю лепшую.
– Маці пашкадуй.
– Уладкуюся. Абяцалі на днях. Паеш, там маці табе пакінула тое-сёе. Сам і разагрэй.
Максім хацеў расказаць яму пра размову з трэнерам, пра інтэрнат, але чамусьці перадумаў, вырашыў адкласці да вечара, калі прыйдзе маці.
Трэніроўка патрабавала адпачынку, але жаданне пабачыць Юлю было мацнейшае. Хлопец зайшоў да сябе ў пакойчык, пераапрануўся і выцягнуў з паліцы кніжку, між старонкамі якой ляжалі грошы, якія яму ахвяравала цётка.
Паловы грошай… не хапала. З хвіліну ён шукаў іх, але дарэмна. Урэшце, усё было і так зразумела: піва на стале, пад ім – пустая бутэлька з-пад гарэлкі. Ад крыўды перахапіла дыханне.
– Грошы браў? – спытаў ён у бацькі, ледзь стрымліваючыся.
– Пазычыў крыху, – не стаў той адмаўляцца. – На днях вярну, не сумнявайся.
Максім моўчкі агледзеў яго постаць, пакамечаную вопратку, непаголены твар і, праглынуўшы камяк у горле, выскачыў за дзверы. “У інтэрнат, – вырашыў канчаткова. – І неадкладна”.
* * *
З Юляй сустрэліся на цэнтральнай плошчы, ля помніка. Дзяўчына прыйшла крыху пазней, ён ужо хацеў тэлефанаваць ёй на мабільнік. Раптам, як ужо не аднойчы было ў апошні час, заўважыў, што яна амаль зусім дарослая: раздаліся па-жаночаму клубы, аформіліся грудзі. Толькі з твару была падлетак, і ад таго яшчэ больш мілавідная і пекная.
Бралася ўжо на вечар. Сонца на даляглядзе занырнула ў хмары, частка з тых хмар апынулася проста над галавой. Пырснула дробным летнім дажджом.
– Пайшлі ў кафэшку, пасядзім, пагаворым, – прапанавала дзяўчына.
– Згода, – падтрымаў яе Максім і абмацаў у кішэні – праверыў, ці захапіў з сабой грошы. Цётчыны грошы былі пры ім: усё, што засталося ад бацькоўскага наведвання.
У кавярні селі за свабодны столік. Дзяўчына замовіла каву і марозіва. Максім ад марозіва адмовіўся, сказаў, што толькі паеў дома. У цеснаватым памяшканні было няшмат наведвальнікаў, хіба што за здвоеным сталом у куце ўладкавалася шумная кампанія моладзі. Былі сярод іх і дзяўчаты. З музычнага аўтамата звыкла гучала расійская папса, якая даўно набіла аскоміну.
– У мяне навіна, – адразу пачаў Максім. Ён вырашыў не адкладваць размову на потым. – Палавіна яе – добрая, другая – дрэнная. З якой пачынаць?
– А ты яе раздзялі на дзве часткі. Дрэнную – выкінь.
– Не выпадае. Карацей кажучы, я буду залічаны ў інтэрнат спартыўнага профілю. На поўнае забеспячэнне. Жыць буду ў абласным цэнтры, трэніроўкі амаль штодня. Там і школу давядзецца заканчваць. Гэта – першая палавіна.
– А дрэнная?
– Тое, што будзем рэдка бачыцца.
– А я адразу і не падумала, – крыху памаўчаўшы сказала дзяўчына. – Дык не ўвесь час ты будзеш у свой футбол ганяць. А то тут на мяне ўжо, як кажуць, запалі.
– Гэта хто яшчэ? – насцярожана спытаў Максім.
– Ды так. Да Кірыла заходзіць той-сёй.
– Спадзяюся ты мяне ў архіў не здасі?
– Не здам, Максімка. Супакойся.
Яны доўга гаманілі ні пра што – перайшлі на іншыя тэмы, гаварылі пра настаўнікаў, дырэктара школы па мянушцы “Цыркуль”, пра тое, як паедуць на выхадныя на возера, але ў душы хлопца ўжо засяліўся цьмяны неспакой, і зноў на нейкія імгненні ён адчуў сябе самотным.
– Хіба я падобны на аўтыста? – спытаў раптам ён у дзяўчыны.
– Што так?
– Нешта не зусім мне файна бывае часам сярод людзей. Калі іх зашмат. Калі шуму многа.
Читать дальше