* * *
Трэнер Сманцар, між тым, вырашыў давесці сваю добраахвотную місію да канца, вылавіў пасля гульні хлопчыка, прадставіўся і прапанаваў:
– Не супраць, калі я пагавару з тваімі бацькамі?
Пара табе, братка, рэалізавацца ў жыцці.
Высокі, пад сто восемдзесят – вызначыў Пётр Сманцар – хлопчык зацікаўлена агледзеў незнаёмага дзядзьку шэрымі вачыма, нерашуча правёў далонню па коратка стрыжанай светлавалосай галаве.
– Навошта? І пры чым тут бацькі?
– Табе варта пачаць ездзіць на трэніроўкі ў абласную футбольную школу. Упэўнены – цябе залічаць.
– Праўда? – вочы хлопчыка ўспыхнулі радасцю.
– Зуб стаўлю, – пажартаваў трэнер Пётр Сманцар. – Там у мяне сябра дырэктарам – Міхась Катовіч. Былы футбаліст. Можа, чуў пра такога?
– Чуў, – памаўчаўшы сказаў хлопчык, – ён калісьці гуляў за “Дынама”. Так?
– Добра, што ты ведаеш. Дык згода? Тады паехалі. Вунь і мая тачка стаіць.
Але адказам на прапанову была нечаканая зацятасць. Максіма нешта турбавала.
Усё высветлілася, калі трэнер Сманцар разам з хлопчыкам зайшлі да таго ў кватэру. Яшчэ ў кутку, у вітальні, ля вешака, ён мелькам убачыў сетку з пустымі бутэлькамі, убогую мэблю, пашарпаныя шпалеры, пачуў пах тытуню. І ўвогуле, пах неўладкаванасці і галечы.
Максімаў бацька, азызлы, з нездаровым тварам, сядзеў на кухні і паліў. Ад яго да таго ж ледзь улоўна несла алкаголем.
– У спартыўную школу? – спытаў ён. – Ну, дык у чым праблема? На здароўе. Няхай трэніруецца.
Трэнер Пётр Сманцар сеў на зэдлік, які яму прапанавалі, і пачаў тлумачыць. Да школы адсюль каля пятнаццаці кіламетраў. Туды ходзіць аўтобус.
Трэніроўкі спачатку па тры разы на тыдзень.
– Аўтобус бясплатны? – перапыніў яго бацька хлопчыка.
– Не. Білеты і ўзмоцненая пайка – гэта ўжо ваш клопат.
– Тады я – пас. Вам трэба – вы і аплачвайце. Нічога акрэсленага не сказала і маці хлопчыка, якая вярнулася з працы (бацька, як аказалася, быў увогуле часова беспрацоўны), крывіла вусны ў няшчырай усмешцы, таксама запаліла. Ёй было відавочна цяжка ад прысутнасці незнаёмца.
Трэнер Пётр Сманцар развітаўся і сышоў.
– Не крыўдуй на нас, Максімка, – адразу звярнулася да сына маці. – Прысядзь, паеш. Вось бацька ўладкуецца на працу – адразу замовім табе, што трэба.
– А пакуль тое, можа за бутэлечкай для вас збегаць? – з’едліва спытаў ён. – Ці пустую тару здаць? – І, грукнуўшы дзвярыма, выскачыў з кватэры.
Так, ён крыўдаваў на бацькоў. І не за тое, што не знайшлі сябе ў жыцці, а за тое, што пачалі піць.
З іншага боку – бацькоў не выбіраюць. Вось вырасце крыху – і ўсё будзе інакш. Гэ-х-х, як яму хочацца паступіць у тую знакамітую школу, стаць футбалістам! Галкіперам. Такім, як вялікі Луіс Чылаверт.
Напісаць бы яму ліст, спытаць парады. Але…
Максім спыніўся ў роспачы. Сонца перайшло ў зеніт. У двары было пуста. Пагаварыць з кім? Няблага б з Юляй, дзяўчынкай з паралельнага 6 “Б”, з якой зусім надаўна пачаў сябраваць. Дык яна, пэўна, на лецішчы. Пайду да цёткі – урэшце вырашыў Максім.
* * *
– Заходзь, – абрадвалася пляменніку цётка Люба. – Абедаў сёння? Гавары праўду.
– Не паспеў.
– Нешта ты змрочны. Зноў з бацькамі дрэнна? Ну, можаш не адказваць, і так усё бачна. Сядай за стол – будзеш есці.
Праз гадзіну ён выклаў цётцы ўсё. Любіў яе. І што бацькі п’юць, і што ён вельмі хоча трэніравацца ў спартыўнай футбольнай школе, і што няма грошай на праезд. І ўвогуле – у яго дома няма нават якога таннага камп’ютара і таго горш – ён не мае мабільніка. А ён так хоча глядзець у запісу матчы з удзелам свайго ўлюбёнага Луіса Чылаверта. І што надакучыла і сорамна прасіць, каб яму далі гэтых запісаў-праглядаў, асабліва чэмпіянатаў свету, у сяброў аднакласнікаў, калі заходзіць да тых у госці.
Цётка Люба слухала, ківала, думала нешта сваё.
А праз дзень уручыла яму мабільны тэлефон і грошы – на праезд.
– Месяцы на тры хопіць, – дадала яна, – а потым разбяромся. Не згубі мабільнік. Гэ-х ты, сваяк мой гаротны. А камп’ютар, ужо прабач, пабагацееш – дык купіш сам. Ахвярую – што магу.
Ён горача дзякаваў. Абяцаў цётцы дапамагаць, чым можа. Ведаў і ўвесь час памятаў, што цётчына дачка Вольга захварэла на анкалогію і памерла ў дзіцячым узросце, а муж сышоў да маладой, і што цётка Люба ўвесь час адна. І не сказаць, што заможная.
III
“Гранд-стадыён”. Францыя. Ліён
Корнер – гэта заўсёды вялікая небяспека для галкіпера. Не раз і не два Палыч, як трэнер, паўтараў яму, што асцярожнасць – не загана, і кожны выхад з варот на перахват мяча павінен быць маланкава і з матэматычнай дакладнасцю пралічаны на адпаведнасць, інакш ствараецца рэальная рызыка прапусціць крыўдны мяч. У кожнай камандзе існуюць засакрэчаныя найграныя камбінацыі на падачу вуглавога ўдару. Выконвае такі вуглавы звычайна адзін і той самы ігрок, альбо два. Перадусім ён калі-некалі сігналізуе, як будзе біць, у якую кропку ля варот, каб туды набягалі паўабаронцы, форварды ці падкраўся хто з высакарослых бэкаў, альбо проста разыгрывае мяч кароткім пасам на выхад у штрафную саперніка.
Читать дальше