33. Бельмавокая дзяўчынка
Хлопчык захварэў, ды так моцна, што доктарка выклiкала ў дзiцячы лагер машыну хуткай дапамогi. Хлопчыка павезлi з ляснога лагера ў гарадскую бальнiцу. Прывезлi яго позна ўвечары i аналiзы вырашылi рабiць ужо ранiцай. Хворага хлопчыка паклалi спаць у пустую палату. Уночы яму захацелася схадзiць у прыбiральню. Калi ён вярнуўся з прыбiральнi i лёг у ложак, дык пабачыў у кутку сваёй цёмнай палаты Бельмавокую дзяўчынку. «Хто тут ёсць?» – спытала сляпая дзяўчынка. Хлопчык стаiўся. «Я чую, што тут нехта ёсць. Ты хлопчык цi дзяўчынка?» Хлопчык маўчаў. «Ты дзяўчынка цi ты хлопчык?» Хлопчык не адзываўся. «Ты хлопчык цi дзяўчынка?» – яшчэ раз запыталася сляпая i падышла да ложка, на якiм ляжаў хворы. Хлопчык хацеў нацягнуць на галаву коўдру, але не паспеў.
«Задаўлю!» – крыкнула Бельмавокая дзяўчынка, скокнула на ложак i пачала душыць хворага хлопчыка. Той паспрабаваў закрычаць, ды не змог. Тады ён схапiў сляпую дзяўчынку за касу i наматаў тую касу на руку. Дзявочыя рукi крыху аслаблi. Хлопчык выцерабiўся з-пад Бельмавокай, сцягнуў яе на падлогу, сеў на яе конна i зламаў ёй шыю. Калi хлопчык зразумеў, якую незваротную шкоду ўтварыў, тады i пачаў крычаць. Ён так крычаў, што прыбеглi доктар i санiтарка. Хлопчык крычаў iм пра нейкую Бельмавокую дзяўчынку, якая хацела яго задушыць i якой ён зламаў шыю. Доктар зрабiў хлопчыку ўкол, каб той супакоiўся. Пасля ўколу хлопчык сцiшыўся i заснуў, а пад ранiцу ён памёр.
У Мiнску на пляцы Перамогi жыла пiянiстка Янiна. Працавала яна ў тэатры аперэты, заробак мела сцiплы, але ёй хапала на тое, каб эфектна апранацца i аплачваць маленькую аднапакаёвую кватэру, што дасталася ёй у спадчыну ад дзеда. Мэбля ў кватэры была не проста старая, яна была антыкварная, прывезеная з Кiтая. Янiна ганарылася той мэбляю, але мела патаемную мару пра яе продаж. Пiянiстка хацела прадаць свой антыкварыят i на атрыманыя грошы з’ехаць у Францыю. Янiна з юнацтва марыла жыць у Францыi, мусiць, таму яна выпякала сама сабе на свята торт «Напалеон». Аднойчы, напярэдаднi Калядаў, Янiна раскатвала цеста на каржы для торта, калi яе нехта паклiкаў: «Яня, даражэнькая, хадзi сюды!» Пiянiстка мела абсалютны слых, i яна магла паклясцiся, што пачула ў перадпакоi дзедаў голас. З качалкаю ў руцэ Янiна асцярожна, на дыбачках прайшла з варэльнi ў перадпакой. Зразумела, што там нiякага дзеда не было. Яня ўздыхнула з палёгкаю i зiрнула ў вялiкае Цёмнае люстэрка. Тут яна i скамянела. У кiтайскiм Цёмным люстэрку стаяла яна, толькi не ў хатнiм халацiку на голае цела, а ў доўгай чорнай канцэртнай сукенцы, i нiякай качалкi ў люстраной Янiны ў руках не было. «Удар мяне!» – уладным голасам загадала люстэркавая жанчына. Жывая Янiна з усяе моцы ўдарыла качалкаю па прывiду. Шкло трэснула i пасыпалася на падлогу, а разам са шклом пад ногi жанчыне пасыпалiся i залатыя манеты. Тых манет было так шмат, што Янiна змагла набыць сабе кватэру ў Парыжы. Цяпер кожную вясну свой травеньскi адпачынак яна праводзiць у французскай кватэры, а жыве Янiна там, дзе i жыла, – на пляцы Перамогi ў Мiнску, i працуе яна там, дзе i працавала, – у тэатры аперэты.
Мужчына ехаў па кальцавой дарозе, як раптам ягоны «мэрсэдэс» спынiўся. Нiякiх вiдавочных прычын для паломкi не было. Мужчына выйшаў з машыны i пабачыў жанчыну ў памаранчыкавай камiзэльцы. «Калi ты мне паабяцаеш прывезцi Чырвоную хустку, твой «мэрсэдэс» завядзецца». Мужчына паабяцаў прывезцi Чырвоную хустку. Рухавiк цiха замуркатаў. «Калi ты падорыш мне Чырвоную хустку, я змагу адказаць на любое тваё пытанне…» – паабяцала жанчына. Твар у яе быў шэры, як халодны i прыбiты дажджом попел. Мужчына сеў за стырно i паехаў далей па кальцавой дарозе. Дома ён распавёў жонцы пра Чырвоную хустку. Тая сказала, што варта завезцi хустку i задаць пытанне. «Адказ на якое пытанне ты хочаш пачуць?» – спытаў муж. «Цi будзе ў нас дзiця», – адказала жонка. Мужчына паехаў на кальцавую дарогу. Жанчына ў памаранчыкавай камiзэльцы стаяла ў тым жа ж месцы, дзе ён яе пакiнуў. Мужчына аддаў падарунак i спытаў: «Бог ёсць?» Жанчына павязала на галаву абнову i дастала з кiшэнi памаранчыкавай камiзэлькi чырвонага галуба. «Паглядзi, якi дзiвосны птах. Паглядзi, паглядзi… Больш нiдзе i нiколi ты яго не пабачыш». Мужчына злым голасам паўтарыў пытанне: «Бог ёсць?» «Бог для цябе ёсць!» – адказала жанчына ў Чырвонай хустцы i прапала, як i не было. Мужчына вярнуўся дадому, дзе яго чакала цiкаўная жонка: «Што яна сказала? Будзе ў нас дзiця?» Мужчына ўздыхнуў i выдыхнуў: «Будзе! Дзяўчынка…»
Читать дальше