22. Бландзiнка чартавокая
Такая сярод светлавалосых жанчын трапляецца на тысячу адна. Выглядае яна прыгажуняю, а вока ў яе кепскае. Злое ў яе вока. За ўсё жыццё я толькi аднаго разу сустрэў такую Бландзiнку чартавокую. Яна мне сама i распавяла пра сiлу сваю неўтаймоўную. Была ў Бландзiнкi малодшая сястра. Жанчынка як жанчынка, звычайная i цёмнавалосая. Вялiкага шчасця тая сястра не шукала: знайшоўся просты хлопец, прапанаваў шлюб, яна i не адмовiла. Праз год у iх нарадзiлася дзяўчынка з рудзенькiмi кудзеркамi. Прывезлi дзiця з радзiльнi, паклалi на ложак i распавiлi. «Ты чаго дзiця голае на ложку трымаеш?» – спыталася Бландзiнка чартавокая. «А што ёй зробiцца?» Бландзiнка толькi зiркнула на пляменнiцу i сышла. А дзiцёначак у крык. І раве, i раве, ажно заходзiцца. І раўла дзяўчынка рознымi галасамi, i супакоiцца не магла, ажно пакуль суседка – старая шаптуха – не прыйшла i не пачала папраўляць дзiцятка. Паправiла шаптуха дзiцятка, а сказаць пра тое, хто яго папсаваў, збаялася. Бландзiнка чартавокая сама сваёй сястры распавяла пра ўласную злавокасць. Сястра ёсць сястра, i малодшая зрабiла выгляд, што ўсё даравала старэйшай.
Дзяўчына чытала кнiгу, доўга чытала, ад пачатку i да канца, ад канца i да пачатку, а прачытаўшы, кнiгу спалiла. Парвала дзяўчына кнiгу i спалiла ўсю чыста разам з вокладкаю.
Спалiла яна кнiгу i лягла спаць, а пасярод ночы прахапiлася ды раўцi пачала: «Душаць мяне, душаць!!!» Бацькi паўставалi, паспрабавалi дзяўчыну супакоiць, а яна не супакойваецца, па падлозе качаецца, енчыць, вiшчыць, падскоквае, на сцены кiдаецца, па кватэры скача. Бацькi спрабавалi яе злавiць, ды не змаглi. Пабеглi бацькi да суседзяў, дактароў выклiкаць, а калi вярнулiся, дзяўчына ўжо на падлозе ляжала нежывая. У сцiснутых кулаках былi валасы павырываныя з галавы, а з рота тырчэў даўжэзны Сiнi язык. Дактары сказалi, што нiколi ў жыццi такога брыдкага трупа не бачылi. Поп, якi на пахаванне прыйшоў, моцна дзiвiўся, маўляў, Сiнi язык такi доўгi, страшны, што i да чалавечага не падобны. Прывезлi труну з дзяўчынаю на могiлкi, толькi ў ямiну апусцiлi, тут такая навальнiца пачалася, такi гром грымнуў, што нават далакопы i тыя ўцяклi. Калi залева спынiлася i людзi да магiлы вярнулiся, ды ямiна тая была поўная вады. У вадзе пустая труна плавала, а дзяўчыны з Сiнiм языком не было. Поп сказаў, што яе, пэўна, Пярун да сябе забраў. Сказаў – i сам сваiх словаў спалохаўся. Далакопы пустую магiлу сырым пяском закiдалi, бо ўсе пагадзiлiся, што лепей пра такое не гаварыць, лепей пра такое забыцца. Ды дзе ж ты забудзешся пра Сiнi язык…
Жанчына вярнулася з працы, паставiла машыну ў гаражы i ўзнялася па прыступках у варэльню. Жыла тая жанчына на ўскрайку сталiцы ў сваiм вялiкiм, на тры паверхi, доме. Зайшла жанчына ў варэльню, а тамака пагром. Посуд папабiваны, крупы парассыпаныя, лядоўня стаiць наросхрыст, лужына каля яе вялiзная, а каля той лужыны кот сядзiць. Жанчына хацела крыкнуць на свайго ката, бо вiдавочна, што ён той пагром i ўтварыў, але ж не паспела. Кот узняўся на заднiя лапы i пайшоў на сваю гаспадыню. Вочы кацiныя гарэлi зялёным агнём. Жанчына выскачыла з варэльнi i дзверы за сабою зачынiла, ды яшчэ ключ у замку павярнула тры разы. Праз два дамы ад жанчыны жыў ветэрынар. Ён параiў усыпiць ката. Але жанчыне стала шкада свайго, хай i ашалелага, але ж любiмца. Тады ветэрынар прапанаваў схадзiць да Сiвой Сольнiцы. Маўляў, тая Сольнiца можа на соль нашаптаць, а соль можа ката ад шаленства ўратаваць. Сiвая Сольнiца дала жанчыне маленечкi мяшочак з нашаптанай соллю i сказала той соллю тры разы на ката-шаленца сыпануць, а не адыдзе, то ўжо хай ветэрынар яго ў кацiны вырай выпраўляе, бо вылечыць кацiнае шаленства нiхто ўжо не зможа. Яшчэ Сiвая Сольнiца папярэдзiла жанчыну, што, калi будзе вяртацца дамоў, да яе можа падысцi вядзьмарка, якая ката зачаравала. Вядзьмарка з ёю загаворыць, але жанчына мусiць маўчаць. Так i здарылася: каля самага дома жанчыну пераняла суседка i пачала дарогу заступаць. Заступiць i пра рознае пытаецца, а жанчына маўчыць як вады ў рот набраўшы. «Што ж ты маўчыш? Што ж ты мяне зневажаеш так? Што я табе такога зрабiла?» – сыпала пытаннямi суседка. Жанчына ледзь было не сказала, што яна яе ката зачаравала i ў шаленства абрынула, але стрымалася.
Кот, пабачыўшы мяшочак з соллю, паспрабаваў уцячы, але жанчына спрытна сыпанула солi яму на хвост. Кот замёр. Жанчына яшчэ раз сыпанула на яго соллю, а калi сыпанула трэцi, дык з ката пасыпалiся ў розныя бакi вогненныя блохi. Блохi ссыпалiся з ката i расталi ў паветры. Кот стаў такiм, якiм быў заўсёды – ласкавым, добрым i муркатлiвым. Жанчына прыбралася ў доме, а, прыбраўшыся, затэлефанавала суседцы. «Яшчэ раз чэпiш майго ката, я табе хату спалю!» – сказала так i супакоiлася. Маленечкi мяшочак, прынесены ад Сiвой Сольнiцы, жанчына схавала ў сейф. Можа, яшчэ каму спатрэбiцца…
Читать дальше