Захварэў вядзьмак. Цяжкая хвароба ўбiлася ў старое цела. Смяротная хвароба напала на нямоглага стогадовага ведзьмака. Цiсне яна яго, круцiць i ломiць, а вядзьмак нiяк памерцi не можа. Пашарэў увесь, высах – скурка ды костачкi, валасы ўсе павыпадалi, у роце нiводнага зуба не засталося, а смерць не iдзе. Пачаў Шэры вядзьмак столь разбiраць. Над сваiм ложкам ён не толькi столь разабраў, а i дах зняў. Суседзi глядзяць на разабраны дом Шэрага ведзьмака i дзiвяцца. Ужо i неба з ложка вiдаць, i зоркi ў небе паблiскваюць, а смерцi як не было яму, так i няма. Тады Шэры вядзьмак каля свайго ложка ў жалезнай бочцы вогнiшча расклаў. Пачаў ён палiць кiпарысавыя цурбэлачкi ды ядлоўцавыя ягады. Увесь дом зацягнула сiнiм дымам, а потым i палова вулiцы тым дымам заплыла. І пабеглi праз той дым чорныя каты. Вялiзныя чорныя каты пабеглi праз сiнi дым – такiя вялiзныя каты, што можна было падумаць, што i не каты яны зусiм, а чэрцi. Разбеглiся тыя чэрцi-каты па суседнiх дамах – толькi тады памёр Шэры вядзьмак. Пахавалi яго за дзяржаўны кошт. Дах у ведзьмакоўскiм доме пачынiлi, але прадаць дом не могуць. Так ён i стаiць. Пэўна, чакае свайго новага ведзьмака.
У мужчыны быў сябрук Уладзя. Той Уладзя ажанiўся з Веранiчкаю. Не прайшло i месяца пасля вяселля, як Уладзя жонку разлюбiў. Справа ў iх амаль да разводу дайшла. Веранiчка прыбегла да мужчыны i кажа: «Ёсць у мяне дзядзька родны Мiхась Машнiцкi. Ён чарадзей адмысловы. Ён майго Уладзю ўзяўся прыварожваць да мяне. Толькi Уладзя нiбыта адчувае чарадзейства i не п’е, не есць дзядзькавых прысмакаў. Таму дам я табе бутэльку зачараванага вiна. Ты яе з маiм Уладзем i вып’еш. Адно папярэджу: вiно Чорнае. Таму я прынесла дзве бутэлькi: адну з вiном звычайным, а другую – з Чорным вiном…» Мужчына пагадзiўся дапамагчы сябрукам. Выпiў ён з Уладзем звычайнае i чароўнае вiно. Чорнае вiно падзейнiчала. Але не толькi на Уладзю. Яно i мужчыну прысушыла да Веранiкi. Пачаў мужчына чужую жонку праследаваць. Стаў у каханнi да яе прызнавацца. Хадзiў ён за ёю, хадзiў, бегаў ён за ёю, бегаў, лётаў ён за ёю, лётаў, пакуль не зляцелiся яны да самага найгрэшнага. Злюбiлiся яны моцна. Праз тую любоў i пачалi пакутаваць. Давялося Веранiчцы зноўку iсцi да дзядзi свайго Мiхася Машнiцкага, каб адчараваў мужчыну. Дзядзька нашаптаў на бутэльку белага вiна. Мужчына выпiў бутэльку белага i адчараваўся. Веранiчка засталася з Уладзем, але не надоўга, бо чары Чорнага вiна больш як месяц не дзейнiчаюць.
У доме каля могiлак прадавалi гарэлку. Гаспадары прымогiлкавага дамка наладзiлi начны гандаль, бо i самi любiлi выпiць. Гарэлачная справа рызыкоўная. Хто спрачаецца? Ды дзе ж ты бачыў лёгкiя i бяспечныя грошы? Гады два муж з жонкаю гандлявалi начной гарэлкаю, а потым бяда здарылася. Некаму той начной гарэлкi не хапiла, а ён вазьмi ды падпалi дом. Згарэла ўсё… І дом, i муж з жонкаю, i трое iх дзетак знiклi ў полымi. Падпальшчыка шукалi ды не адшукалi. А вось Блакiтнавокую ляльку на папялiшчы знайшлi. Кажуць, яна пасярод чорных вуглёў ляжала. Полымя яе чамусьцi зусiм не кранула. Блакiтнавокую ляльку гандляры начной гарэлкаю выстаўлялi ў акно. Калi лялька стаяла, дык можна было ў дом заходзiць. А як Блакiнавокай лялькi не было, тады ўжо «выбачайце».
Мужчына патурбаваў нябожчыц. Яму згадалiся iмёны старых вядзьмарак-шаптух – Пэлi Макоўскай i Тамары Машнiцкай. Успомнiлiся тыя шаптухi па-добраму, бо некалькi разоў ратавалi мужчыну – зашэптвалi сполах. Цяпер яны былi ў iншым свеце, а мужчына вазьмi ды паклiч iх. Шаптухi i прыйшлi. Першай з’явiлася Пэля i сказала, каб мужчына асцерагаўся новай кашулi. Праз дзень перад мужчынам паўстала Тамара i папярэдзiла, што варта баяцца Белай кашулi. Мужчына паслухаўся вядзьмарак-нябожчыц i занёс на сметнiк яшчэ не надзяваную Белую кашулю. Ён нават дакараў сябе за глупства i веру ў слова нябожчыц. Але дакараў ён сябе нядоўга, бо праз тры днi на сметнiку знайшлi задушанага смецяра. Усе рэбры ў яго былi пераламаныя. Задушылi яго не за горла. Нешта яму так сцiснула грудзi, што i рэбры патрушчылiся, i ён задохся. Труп смецяра быў у бруднай працоўнай форме, што i зразумела. Усiх здзiвiла тое, што кашуля на iм была новенькая – зусiм новая Белая кашуля.
У доме пачаўся капiтальны рамонт. Ішоў той рамонт марудна. Не дзiва, што людзям той рамонт нават снiцца пачаў. Аднаму мужчыну прыснiлася, што ягоны сусед падчас рамонту вырашыў зрабiць перапланiроўку. Замест трох пакояў сусед зрабiў ажно сем. Адзiн пакой атрымаўся зусiм вузкi i без акна. Ранiцай мужчына пайшоў да суседа, каб расказаць пра сон. Дзверы яму адчынiла суседава жонка. Яна, плачучы, i сказала, што яе муж ноччу разбiўся на машыне. Ён вёз з Вiльнi новыя разеткi з выключальнiкамi, заснуў за стырном i наехаў на дрэва.
Читать дальше