Ён моцна любiў яе, а яна дужа кахала яго. Яны пражылi доўга-доўга i шчаслiва-шчаслiва. Яны памерлi ў адзiн дзень i перайшлi ў Мацiцовы свет, дзе працягваюць бясконца любошчыцца.
Жанчына сфатаграфавала сотавым тэлефонам свайго аголенага каханка i пайшла чытаць лекцыю ў Акадэмiю мастацтваў. У час лекцыi з сотавага тэлефона выкладчыцы вылез голы мужчына. На вачах у знямелай аўдыторыi ён пазяхнуў, салодка пацягнуўся i выйшаў на калiдор.
Зiгфрыд падсунуўся да Мацы. Яна зiрнула на Зiгфрыда. «Шматабяцальна!» – мiльганула ў таго. Зiгфрыд памацаў Мацу. Тая палымяна зiркнула на Зiгфрыда. На што той сказаў: «Ты мяне позiркам не адсоўвай, у мяне не такi доўгi чэлес!»
Ёмка любiў Ямку, а Ямка кахала Ёмку. «Табе не ёмка?» – запытала Ямка ў Ёмкi. «Мне заўжды ёмка, калi я ў тваёй ямцы!» – адказаў Ёмка. Абаiм зрабiлася шчэ ямчэй.
У ложку ляжалi Гута i Густ. «Люблю!» – Густ пацалаваў Гуту. «Не веру!» – прашаптала Гута i прытулiлася да Густа. «Люблю цябе ўсё больш i больш!» – Густ абняў сваю Гуту.
«Не веру!» – паўтарыла Гута i яшчэ шчыльней прыцiснулася да свайго Густа. «Раней я цябе любiў год, а цяпер я цябе люблю ўжо цэлых сем гадоў!»
Гена Торф жыў у горадзе Тарфагене. Той горад Торф ненавiдзеў i бясконца паўтараў адзiн i той жа заклiк: «Тарфаген павiнен быць зруйнаваны!» Тарфагенянам Гена так надакучыў i абрыд, што яны яго прагналi. Цяперака заклiкач працуе на далёкiх балотах i займаецца торфанарыхтоўкамi, а ў горад Тарфаген ён наведваецца iнкогнiта.
Яна ўмее глядзець на сябе з боку. Ранiцай Сабiна выходзiць са свайго цела i зацiкаўлена, пiльна, прыдзiрлiва разглядае яго. Асаблiва ўважлiва яна разглядае ўласны твар, а той саркастычна пасмiхаецца i дзёрзка падмiргвае Сабiне. Каб крыху прыхаваць дзёрзкасць вульгарнага мiргання, цела памахвае сваёй гаспадынi ручкаю, пяшчотна памахвае, нiбыта пагладжвае падушачкамi пальцаў духмянае паветра. Задаволеная, Сабiна вяртаецца ў сваё ўтульнае цела i там жыве да наступнае ранiцы.
Ён нарадзiўся шэрым i жыў шэрым. Ён бы i памёр шэрым, каб не людзi. Грамада абурылася колерам Шэрага чалавечка. Людзi завезлi яго ў лес. Людзi сказалi так: «Мы далi табе вопратку i харч, мы далi табе iнструменты i жытло. Ты пажывеш у лесе адзiн, пакуль не зменiшся. А як зменiшся, тады i вяртайся ў грамадства». Шэры чалавечак узяў сякеру i пазасякаў людзей. «Я змянiўся!» – сказаў ён трупам.
У Швецыii пачалася задуха. Сто гадоў не было такой спёкi i гарачынi, а тут нi табе ўздыхнуць, нi табе выдыхнуць. Асаблiва пакутавалi тыя шведкi, якiя прызвычаiлiся займацца сэксам, лежачы на спiне. Мала таго, што сама ўспатнела да плюгнай слiзкасцi, дык i пот каханка цячэ на цябе ў тры ручаiны. Але тая жанчына, якая шукае, абавязкова знойдзе. Шведкi знайшлi выйсце: на сэкс яны пачалi запрашаць Карлсана, таго, што з прапелерам на спiне. Прапелер любоўнiкi выкарыстоўвалi ў якасцi вентылятара. Карлсан падняў расцэнкi за свой прахалодны i ветраносны сэкс i, дзякуючы доўгай i моцнай задусе, шмат зарабiў. На заробленыя грошы ён прыдбаў сабе Белы прапелер. З навюткiм Белым прапелерам ён стаў такiм дарагiм каханкам, што яго вiзiт маглi сабе дазволiць адно каралева з прынцэсамi. Тут гарачыня скончылася, пайшлi дажджы, сэкс з вентылятарам выйшаў з моды, Карлсан прадаў Белы прапелер, а на ўтаргаваныя грошы зрабiў у сваiм доме новы дах.
Маленькi павук навучыўся бегаць па паветры. Быў сонечны блакiтны ранак, павучок вылез з-пад пялёстка вяргiнi i пабег-пабег па свежым паветры. Як тое адбылося, ён i сам не ведаў. А калi даведаўся, дык ужо мог хутка бегаць па духмяным вераснёвым паветры.
«Якая ў цябе танюткая i Празрыстая павуцiнка…» – казалi маленькаму павуку iншыя павукi. Ён не спрачаўся. Нашто? Хай усе думаюць, што ён такi самы, як i ўсё, толькi ў яго Празрыстая павуцiнка.
У нашым доме, шэрым дзевяцiпавярховiку, дзеўка страшнатварая жыла. Глянеш на яе – вочы самi заплюшчваюцца. Закахалася гэтая страхалюдзiна ў хлопца з суседняга пад’езда. Хлопец быў гожы, спортам займаўся i ў цырку гiмнастам падпрацоўваў. Артыст, адным словам. Нiхто i падумаць не мог, што страшыдла выйдзе замуж за прыгажуна. Вяселле яны згулялi, а па раёне чутка папаўзла, што мацi брыдкатварай дзеўкi прысушыла артыста. Пасля вяселля цыркач пачаў хварэць. За якi месяц вырас у яго вялiзны Сiнi жывот. Куды ён толькi нi звяртаўся, якiм толькi дактарам i лекарам Сiнi жывот нi паказваў, а нiхто такой хваробы не ведаў i нiколi Сiняга жывата не бачыў. Хлопец з твару спаў, спорт i цырк кiнуў, памiраць сабраўся. Нiбыта дзед стары, ён выходзiў з дому i каля пад’езда на лаўцы пад бэзам сядзеў. Так бы i прычакаў ён смерць сваю, але iшоў неяк праз наш двор сiвы мужчына. Спынiўся каля прысушанага хлопца: «Бачу я бяду тваю i магу дапамагчы!» Павёў ён хлопца з Сiнiм жыватом у лазню. У парылцы ён так адхвастаў бярозавым венiкам Сiнi жывот, што з рота хворага павыскоквалi ажно трыццаць тры сiнiя жабы. Сiвы мужчына сабраў тых жаб у мяшок, завязаў мяшок тоўстай вяроўкаю i сышоў з лазнi. Хлопец ачомаўся, агледзеў сябе i ўзрадаваўся, бо не было больш у яго Сiняга жывата. Вярнуўся ён дамоў i прагнаў са сваёй кватэры страшную жонку. Тая да мацi ў суседнi пад’езд пакацiлася. Прыбегла, а мацi ўжо засiлiлася, ужо вiсiць пад столлю халодная. Брыдотная жонка прыгажуна схапiла вяроўку, зрабiла пятлю i побач са сваёй мацi – вядзьмаркаю – павесiлася. Такое цёмнае здарэнне адбылося ў нашым доме, звычайным шэрым дзевяцiпавярховiку.
Читать дальше