Калі ўлічыць, што „Ўліс” – „кніжка, пра якую ўсе гавораць, але ніхто не чытае”, дык яе ўспрыманьне беларускім чытачом было зусім нармальнае, у рэчышчы эўрапейскай традыцыі. Адзінай асобай, якая мне прызналася, што чытала пераклад і не адолела яго да канца, была мая мама. Ейныя засьцярогі лучылі якраз у самую сутнасьць літаратурнага скандалу, што разыграўся 75 гадоў таму, пасьля публікацыі „Ўліса” ў Парыжы ў 1922. Мама сказала: „Непаважная кніжка. Усё едуць і едуць на тыя паховіны й даехаць ня могуць”. У сваім эсэ з 1932 Карл Густаў Юнг напісаў:
„Уліс” – гэта кніга-рака, што разьліваецца на 735 бачынках, струмень часу, што плыве 735 дзён, якія ўсе ўкладваюцца ў адзін-адзіны, бэссэнсоўны, самы звычайны і цалкавіта няважны дзень 16 чэрвеня 1904 году ў Дубліне – дзень, калі, кажучы па праўдзе, нічога не здараецца. Струмень выплывае зь нічога і губляецца ў нічым. […] Бязьлітасны, бесьперапынны струмень шугае паўз нас, а ягоная быстрыня ўзрастае ажно да зьнікненьня знакаў прыпынку на апошніх 40 бачынках, каб даць самую жорсткую выяву пусткі, што займае дых і гняце, пераліваецца цераз краі і зьяўляецца невыноснай. Гэтая абсалютна безнадзейная пустка ёсьць галоўным матывам усяе кніжкі. Кніжка ня толькі пачынаецца і сканчаецца нічым, яна ўся складаецца з самой нічогасьці. […] Кожны сказ разбуджвае спадзяваньні, якія ня спраўджваюцца; урэшце, ад чыстай зьнеахвочанасьці, чытач ужо не чакае нічога больш. [9] Carl Gustav Jung, „Ulysses”, „Europдische Review”, September 1932.
Und so weiter, und so fort. Падобны нігілістычны падыход да рамана дамінаваў у 20-тыя і 30-тыя гады сярод тых крытыкаў, якія хоць і прызнавалі за „Ўлісам” пэўныя літаратурныя вартасьці, але ў цэлым лічылі раман пякельным плодам вывіхнутага (паводле Юнга – шызафрэнічнага) інтэлекту. Невыпадкова, відаць, пісьменьнікі былі першымі, хто ўгледзеў у кніжцы геніяльнасьць і прызнаў, – неахвотна, але без маладушнасьці – што Джойс сваім раманам „пахаваў літаратуру XIX-га стагодзьдзя”.
Адам Глёбус сказаў мне, што тры першыя эпізоды (разьдзелы) „Уліса” – бадай, самыя важныя ў рамане і ключавыя для яго разуменьня. З гэтым мне пагадзіцца ня хочацца, але, з другога боку, не магу не прызнаць, што ў іх, у адмыслова згушчанай і зародкавай форме, утрымліваюцца шмат якія філязафічныя і літаратурныя лейтматывы ды тэхнічныя асаблівасьці кніжкі. Гэты момант сам па сабе мог бы паслужыць штуршком і апраўданьнем для напісаньня дадзенага эсэ аб завязцы „Ўліса”.
Ёсьць і другая прычына гэтага тэксту, больш агульнага пляну. Беларуская літаратура, якая ўвесь час шукала спажывы на могільніку расейскай літаратурнай традыцыі, у постсавецкі час апынулася „ў постмадэрнісцкай сытуацыі без свайго мадэрнізму” ды ў глыбокім сьветапоглядным каляпсе. Здаецца, нібыта выйсьця няма, і мазгі ўсім прапалошча хваля галівудзкіх баевікоў. У такія часы варта, па-мойму, прыгледзецца да досьведу іншых культурных фармацый і пабачыць, як яны рэагавалі на крызавае становішча. Джойса можна, безумоўна, разглядаць як ірляндца, але зразумець толькі як эўрапейца часу „зьмярканьня Захаду” (Освальд Шпэнглер). Заходнеэўрапейская культурная традыцыя (ня толькі, дарэчы, ХХ стагодзьдзя) амаль поўнасьцю праігнараваная беларускім культурастваральным патэнцыялам. Яна наогул не ўспрымаецца і не разумеецца (а нярэдка яна папросту невядомая). „Уліс” Джойса ўяўляе сабою ўнікальны сплаў заходнеэўрапейскай культурнай традыцыі і небанальную магчымасьць ўбачыць гэтую традыцыю ў дзеяньні, у якасьці жыватворнай асновы для літаратуры. Такім чынам, у нашай сытуацыі прачытаньне „Ўліса” сягоньня можа мець яшчэ й чыста практычны сэнс.
Гэты першы, сьціплы, самакрытычны падмурак пад беларускую джойсалёгію я прысьвячаю Сяргею Шупу, чый скептыцызм паўстрымаў мяне ад распаўсюджваньня першай часткі перакладу поўнасьцю і значна аслабіў тэмпы працы над другой. [10] У верасьні 1993 у Вільні, пасьля заканчэньня рэдактуры перакладу, С. Шупа кінуў наступную заўвагу (цытую з памяці, а сьведкаў пры тым не было ніякіх): „Ты павінен надрукаваць пераклад, балазе далі грошы, але потым закапаць увесь тыраж у скрыні ў зямлю і пачакаць гадоў дзесяць, аж падрастуць чытачы”. (Пра ягоную трактоўку скрыні глядзі: S. Schuppo, „Hausklamotten als Dinge an und fьr Sich, Vцlkische Weltanschauung in WeiЯrutenischen Mдrchen”, „Forschungen nach dem Wunderbaren”, Band 35, Gцttingen, 1995.) Лепшага часу ў наступным тысячагодзьдзі чакаюць яшчэ недзе пад 400 асобнікаў перакладу.
Гамэраўскія паралелі (Тэлемахія)
Незвычайнасьць „Уліса” для чытача бярэцца перш за ўсё з таго, што раман разгортваецца адразу і пасьлядоўна на чатырох узроўнях: міталягічным (гамэраўскім), натуралістычным (фабулярным), сымбалічным („рэканструкцыя” чалавечага арганізму структурай кніжкі; паралелі з „Боскай камэдыяй” Дантэ; біблейскія матывы) і паэтычным (мадуляцыя тону апавяданьня і стылю ў залежнасьці ад пары дня, месца, тэмы і прысутных пэрсанажаў). Усе гэтыя ўзроўні ўзаемна пранікаюцца і дапаўняюцца зь небывалым у літаратуры размахам, у матэрыяле карпатліва ўшчыльненым незьлічонымі літаратурнымі лейтматывамі і асацыяцыямі, мудрагелістымі стылістычнымі прыёмамі, моўнымі гульнямі. У беларускай літаратуры няма нічога падобнага да „Ўліса” хоць бы ў сотай дзельцы. Наша проза, нават тая дабротная, ад Максіма Гарэцкага праз Івана Пташнікава да Сакрата Яновіча сутаргава трымаецца натуралізму, зрэдзьчасу толькі зьвяртаючыся да агульнага сымбалізму, добра яшчэ, калі без аскомнага дыдактызму. [11] Але выняткі, на шчасьце, заўсёды магчымыя. „Дамавікамэрон” А. Глёбуса (1994) – бадай ці ня першы ўвянчаны посьпехам прыклад чытальнай прозы, якая праграмна і пасьлядоўна скарыстоўвае для сваіх мэтаў два пласты нарацыі: „галівудзкі натуралізм” і „беларускую дэманалёгію”.
Читать дальше