Цікава, што пасьля „Ўліса” мне цяжка прыгадаць хоць адно падобнае трымклівае захапленьне прозай, калі фіктыўны сьвет смакуе больш за сапраўдны. Раней, а як жа – Карсан МакКалерс і Ўільям Фолкнэр, француз Патрык Мадыяно і нарвэжац Тар’ей Вэсас, нават ГДР-авец Эрвін Штрытматар. Магчыма, гэта зьвязана зь векам. Томас Пінчан падабаецца, але ні ў чвэрці не выклікае тае жарсьці, што выклікаў Джойс. „Gravity’s Rainbow” is cool , – кажуць амэрыканцы. Менавіта…
Апошнія некалькі гадоў я стаў зь ціхім жахам заўважаць, што бяруся чытаць кніжкі з адной толькі мэтай – каб даведацца, што ў іх пішацца.
Сваю дыплёмную працу я самааддана дапісаў і пасьпеў скласьці апошні экзамэн за два дні перад адыходам у войска. Да гэтага часу я таксама здолеў перакласьці тры першыя эпізоды „Ўліса”. Пішучай машынкі ў мяне тады не было (о старажытная, дакампутарная часіна!), і я пісаў тушшу, сталёвымі пёрамі, паўсотні якіх закупіў яшчэ ў студэнцкую пару, калі запрагнуў вывучыць пэрсыдзкую мову. З пабочных дапаможнікаў у мяне былі пяцітомны слоўнік беларускай мовы і двухтомны ангельска-расейскі слоўнік прафэсара Гальперына. [5] Усё гэта, безумоўна, трывіяльнасьці, якія можна было б пакінуць збоку. Але ўрэшце хочацца сказаць камусьці і праўду. Пасьля выхаду першай часткі перакладу ў 1993 г., мне давялося распавядаць гэтую гісторыю з паўтузіну польскіх журналістаў, і я відазьмяняў яе ў залежнасьці ад пары году і настрою, аднак жа заўсёды падаваў яе ў мажорным ключы беларускага адраджэньня і з экзатычнымі матывамі накшталт глухой беларускай вёскі, у якой ствараўся пераклад, ну і зь іншым падобным сымонамузыканцтвам. Belarus ьber alles было поклічам часу, і я на гэты конт ствараў і разбудоўваў міт, які, маю надзею, застанецца ўсяго мітам. Насамрэч, пасьля студэнцкай пары я ўжо быў навонкі беларускага адраджэньня (гэта значыць, Беларускага Аб’яднаньня Студэнтаў), і „Ўліс” быў для мяне acte gratuit і прыватнай справай.
Дванаццацімесячны побыт у войску – якое ў той час заўзята выконвала ролю выхавальніка патрыятычна-сацыялістычнага духу і было своеасаблівым antidotum супроць падпольнай „Салідарнасьці” – падрыхтаваў мой мозг і душу да ўспрыняцьця Джойса так, як, мабыць, побыт у тыбэцкім кляштары рыхтуе маладога мніха да ўспрыняцьця навукі Буды і дасягненьня нірваны. Сутрамі былі палітычныя заняткі, а мантрамі выбраныя месцы з чатырох статутаў узброеных сілаў. [6] „Армія, падхаружыя, гэта адмысловая філязофская сыстэма” – казаў нам, ваякам з унівэрсытэцкімі дыплёмамі, адзін з нашых гуру ў мундзіры палкоўніка. Я зь ім шчыра пагаджаўся і, як цэлы легіён нешчасьлівых папярэднікаў, чапляўся за выратавальную выснову, што іманэнтная недасканаласьць чалавечай натуры аб’ектыўна не дазволіць ужыцьцявіцца гэтай сыстэме да канца.
Пасьля войска я адчуў сябе агромністай парожняй судзінай, якая ў змозе ўмясьціць усё што заўгодна – трапічны лівень, лад admirativus у альбанскай мове, наступнае беларускае адраджэньне, клясыфікацыю мінэралаў, вялікалітоўска-расейскі слоўнік Я. Станкевіча, шэсьць пунктаў ірляндзка-беларускага падабенства, паэзію Джона Шэйда, таўканіцу з кіслым малакам, мэлянхолію яцьвягаў ва ўрочышчах левабярэжнага Панароўя, etc ., etc . Стан падобнай віртуальнай ненасытнасьці ( virtual insatiability ) культуроляг І. Бабкоў мадэлюе на прыкладзе цяперашняй беларускай культурнай сытуацыі, зьвязваючы яе (ненасытнасьць) – як выдаецца, слушна – з посткаляніяльнай дзірой незапатрабаванага патэнцыялу ( postcolonial hole of unclaimed potential ), перад якім часова разамкнуліся палітычна-ідэалягічныя бар’еры. [7] I. Babkou, „A Hole To Be Filled Wholly, or Belarus as a Testing Ground for Radical European Integration”, Proceedings of the Central European Symposium on Postcolonial Outlooks, бб. 17–18, Ljubljana, 1996.
Я, на шчасьце, меў „Уліса”, каб упіхнуць яго ў зеўру свае неспатолі.
Праца над перакладам неяк арганізавала і надала кірунак маім штудыям у гуманітарнай сфэры, якая заставалася terra obscura на працягу доўгіх гадоў бясплённай трэніроўкі ў матэматыцы. Пасьля крышталёвых палацаў каралевы навукаў гуманістыка падалася мне разьлеглым дрыгвяністым балотам з размытымі грэблямі і багністымі астраўкамі, але іншага тут, мусіць, ня дадзена, і на іншае я не спадзяваўся. Цераз гэтыя размоклыя абшары я дайшоў да восені 1993, калі можна было здаць палову перакладу ў друк. Адзінай вядомай мне асобай, якая разьбіралася адначасова ў тарашкевіцы і ангельскай мове, быў Сяргей Шупа, які й зрэдагаваў пераклад. Дух Шупы, трэба тут выразна адцеміць, гуляе, непрыкаяны, у кніжцы. Першая частка перакладу, 400 бачынак, зь некаторымі прыгодамі выйшла пад канец 1993 г. у Беластоку ў колькасьці 1000 асобнікаў. [8] Коратка, наколькі магчыма: грошы на публікацыю кніжкі дало Міністэрства Культуры і Мастацтва ў Варшаве. У гэтым самым годзе мае знаёмыя і адначасова кіраўнікі гандлёвай фірмы „Omega” ў Бельску, Валянцін Сельвясюк і Міраслаў Целушэцкі, успамаглі мяне фінансава, даючы на дзевяць месяцаў фіктыўнае працаўладкаваньне і грошы, каб я ня мусіў шукаць дадатковага занятку да свае журналісцкае зарплаты ў „Ніве” і меў больш часу для Джойса. Вялікае ім дзякуй яшчэ раз. Кніжка мелася выйсьці пад грыфам Беларускага Літаратурнага Аб’яднаньня „Белавежа”, якое пад старшынствам паэта Яна Чыквіна якраз перажывала пік свае выдавецкае дзейнасьці (так званая бібліятэчка пад рэдакцыяй Яна Чыквіна). Без майго ведама і згоды старшыня залічыў і „Ўліса” ў лік сваіх рэдактарскіх дасягненьняў і пазначыў гэты факт наркамаўкай на адваротнай бачыне тытульнага ліста. Мой пратэст знайшоў разуменьне ў іншых сяброў „Белавежы”, і ў друкарні „ORTHDRUK” выразалі пад 1000 лістоў ды ўклеілі новыя, на якіх гэтым разам Я. Чыквін „выключыў” кніжку ўвогуле з выданьняў „Белавежы”. Я ўжо ня стаў пратэставаць, але з таго часу мае адносіны зь „Белавежай” і яе шэфам значна ахалодалі. Магчыма, нейкі дзясятак асобнікаў „Уліса” застаўся кружыць зь нявыразаным наркамаўскім надпісам (своеасаблівы выдавецкі рарытэт).
Читать дальше