Ён скоса паглянуў угору й даў нізкі поклічны сьвіст, а потым хвілю якую чакаў у шчасным засяроджаньні. Ягоныя роўныя белыя зубы сям-там паблісквалі залацістымі кропкамі. Залатавусны. [7] [12] Тут і далей у квадратных дужках пазначаны нумары бачынак беластоцкага выданьня 1993 г.: Джэймс Джойс, „Уліс”, І.
Залатавусны (у арыгінале больш выразна: Chrysostomos ) – адно зь некалькіх ключавых словаў у гэтым разьдзеле. Яно адклікаецца да грэцкай агіяграфіі (сьв. Ян Залатавусны) ды, будучы грэцкага паходжаньня, дае першы намёк на грэцкі міт, які ляжыць у аснове ўсяе кніжкі і сувязь зь якім трэба ўстанавіць неадкладна. Далей, гэтае слова іранічна падкрэсьлівае факт, што ў Малігана зубы з залатымі плёмбамі. Урэшце тое, чаго звыклы чытач можа ня ведаць, ня ведаючы біяграфіі Джойса: прататыпам постаці Малахі (Быка) Малігана зьяўляецца дублінскі лекар, літаратар і bon vivant Oliver St John (Сьв. Ян) Gogarty. Гэта дробны прыклад таго, як Джойс заплятаў усемагчымыя асацыяцыі і суаднясеньні ў сваім рамане.
Маліган адчувае сябе „грэкам” і „паганінам”, ягоная мара – „элінізаваць гэты востраў”, гэта значыць, Ірляндыю. Ён ахвотна ўзяў бы сабе ў памочнікі Стывэна, але той бачыцца яму як „страхотны езуіт”, „замораны езуіт”, „пракляты езуіт”, „жудасны бард” і Калібан (пачварына з Шэксьпіравай „Буры”). Гэта толькі пачатак напалову сяброўскіх і напалову зьдзеклівых зьнявагаў, якія сыплюцца на Стывэна. Падобныя зьнявагі мусіў цярпець у сваім доме Тэлемах ад жаніхоў, таму нічога дзіўнага, што Малігану ў гэтым эпізодзе адведзена роля Антыноя.
Маліган уводзіць новую важную тэму ў эпізод:
– Божа – сказаў ён ціха. – Ці ж мора ня ёсьць тым, чым назваў яго Элджы: [13] Маецца на ўвазе ангельскі паэт Элджэрнан Суінбэрн (1837–1909), які ўжыў у адносінах да мора выслоўе „вялікая ласкавая маці” (great sweet mother) у „The Triumph of Time” (1866).
вялікай ласкавай маці? Смаркатазялёнае мора. Яйцашчымлівае мора. Epi oinopa ponton . Ах, Дэдал, тыя грэкі! Я мушу цябе навучыць. Ты павінен чытаць іх у арыгінале. Thalatta! Thalatta! Наша вялікая ласкавая маці. Хадзі сюды й паглянь.
Стывэн устаў і падыйшоў да парапэту. Усьпёршыся на ім, ён глянуў уніз на ваду й паштовую лодку, якая выходзіла з прыстані Кінгстаўну.
– Наша магутная маці, – сказаў Бык Маліган.
Раптам ён адвёў вялікія дапытлівыя вочы ад мора й паглядзеў Стывэну ў твар.
– Мая цётка ўважае, што ты забіў сваю маці, – сказаў ён. – Таму яна ня хоча, каб я ўвогуле меў нейкія дачыненьні з табою.
– Хтосьці яе забіў, – панура сказаў Стывэн.
– Халеру б на цябе, Кінч, ці ж ня мог ты стаць на калені, калі маці памірала й прасіла? – сказаў Бык Маліган. – Я сам ня горшы гіпэрбарэйнік за цябе. Але ж падумаць адно, маці апошнім дыхам упрошвае цябе стаць на калені, згаварыць малітву за яе, а ты адмаўляесься. Ёсьць у табе нешта злавеснае… [9]
Гэта тэма Стывэнавай віны перад памерлай маці, калі ён, адстойваючы сваё сьвежа набытае вальнадумства, адмовіўся стаць на калені і згаварыць пацер ля яе сьмяротнай пасьцелі. Мора – „цьмяназялёная маса вадкасьці” – нагадвае яму пра „зялёную глейкую жоўць, якую яна вырвала з свае гнілое печані ў прыступах пакутлівага, з гучнымі стогнамі, ванітаваньня” [10]. Гэты лейтматыў у розных варыяцыях усплыве яшчэ некалькі разоў у кніжцы. Азмрочанасьць Стывэна паглыбляецца згадкай зь нядаўняга мінулага, калі завершаны матэрыяліст Маліган адрэкамэндаваў яго перад сваёй цёткай павальнай фразай: „А, гэта толькі Дэдал, у якога маці здохла. [12]
Стывэнава маці асацыюецца таксама з Маці-Царквой (тэма распрацаваная глыбей у далейшых эпізодах). Стывэн парваў з Царквой, але яна ўсё яшчэ пужае яго сваімі эсхаталягічнымі наступствамі і прапускае ягонае мысьленьне праз прызму сваіх догматаў і дактрыны. Дакорлівы пагляд „шкляных, мёртвых вачэй, каб пахіснуць і скарыць маю душу” [15] адносіцца пароўну да маці і да Царквы, як і наступная за гэтым бязгучная мальба Стывэна, каб маці „адпусьціла яго і дала яму жыць”. Пакінутая Маліганам місачка зь пенай нагадвае яму пра час, калі ён насіў кадзільніцу ў Клонгаўсе (у езуіцкай школе), прыслугоўваючы падчас імшы. Гэта падводзіць яго да высновы, што й цяпер ён слуга , а нават прыслужнік слугі (наступны ключ да эпізоду, які разгледзім).
У абарончай вежы [14] Вежа Мартэла над Дублінскім залівам, пабудаваная ангельцамі ў 1804 годзе для абароны перад францускім нападам з мора ў часе напалеонаўскіх войнаў. Цяпер у ёй музэй Джойса. Джойс жыў у ёй з Гогарты і ангельцам Трэнчам (прататыпам Хэйнса) у верасьні 1904. Вежу наняў у Міністэрства Вайсковых Справаў Гогарты. Для патрэбаў рамана Джойс перанёс час пражываньня на чэрвень і папрасіў у Гогарты дазволу зрабіць сваю асобу (гэта значыць, Стывэна) наймальнікам вежы.
жыве з Маліганам і Стывэнам яшчэ адзін малады чалавек, „англасракс” [15] Наша супольная зь Сяргеем Шупам знаходка для перакладу абразьлівага ангельцам слова Sassenach, ужыванага кельцкімі жыхарамі Брытанскіх астравоў.
Хэйнс. Хэйнс паказаны як прадстаўнік „тупадумных саксаў”, якія паводле Малігана „разрываюцца ад грошай і запораў”. Маліган перад Хэйнсам яўна запабягае, надумаўшы пакарыстацца ягоным кашальком. Стывэн баіцца яго, бо ангельцу па начах трызьніцца чорная пантэра, і ён спрасонку хапаецца за рэвальвэр ды страляе куды папала. Хэйнс належыць да нацыі, якая заваявала і падпарадкавала сабе ірляндзкі народ. Пастава Малігана, „блазна пры панскім двары” [29], маўкліва асуджаецца Стывэнам. Хэйнса перад поўным асуджэньнем ратуе ягоная гібэрнафілія. Ён шчыра зацікаўлены ў ірляндзкім фальклёры, нават вывучыў гэльскую мову, каб паразмаўляць з тубыльцамі. Такая нагода надараецца ў эпізодзе. Старая ірляндзкая жанчына прыносіць ім малако на сьняданак.
Читать дальше