Летам 1978, калі мы з бацькам сушылі сена ў нас у Ляхах, [2] Назоўны: Ляхі; родны: Ляхоў. Магчымая этымалёгія: ляха, ст. славян. леха (градка, мяжа, баразна, поле, дол). На мапах, якімі немцы карысталіся ў вайне 1941 г., вёска выглядае даволі ізаляванай ад астатняга сьвету балотамі і імшарамі. Яны зьніклі дашчэнту недзе ў пачатку сямідзясятых, калі правялі мэліярацыю і дрэнажаваньне. Газоўкай (газьніком) у нас у хаце сьвяцілі да 1971 г. Абставіны былі, калі верыць Мележу і Наварычу, тыпова палескія, а можа нават ірляндзкія.
„Уліс” зьявіўся ў маім жыцьці зноўку. Лістанош прынёс вестку, што прыйшла пасылка з кніжкамі, якія я выпісаў на міжнародным кніжным кірмашы ў Варшаве ў траўні, ужо будучы студэнтам першага курсу фізыкі. Я тады першы раз убачыў столькі выданьняў на ангельскай мове і крыху адключыўся ад рэальнасьці, замовіўшы каля трыццаці кніжак самага таннага англамоўнага выдавецтва – „Penguin Books”. Кніжкі прыйшлі на пошту ў Кленіках [3] Назоўны: Кленікі. Дзяржаўная назва: Klejniki; магчыма, ад келейнікі. Не захавалася ніякіх сьведчаньняў, быццам у вёсцы калі-небудзь выраблялі клей. У XVI ст., калі Карона далучыла да сябе гэтую частку ВКЛ, вёска стала каралеўскай маёмасьцю і называлася Zygmuntowo (безумоўна, у гонар каторагасьці Жыгімонта). Перад Першай сусьветнай вайной у Кленіках сьвятаром быў Іван Хлябцэвіч. Пра ягоных сыноў, Яўгена і Ўладзімера, можна знайсьці інфармацыю ў беларускіх даведачных выданьнях (Яўген пісаў пра мае ваколіцы допісы ў „Нашу Ніву”). А Ўладзімер пра жыхароў мае айчыны адзначыў: По национальности трудно сказать, к какому определённому элементу они относились: по языку их можно было отнести к белорусам, но по наружности они на белорусов не совсем походили. Это может быть были потомки ятвягов, живущих на левом берегу Нарева, а может быть, и других народов („Białoruskie Zeszyty Historyczne”, 2 (4), Białystok 1995, бб. 142–143.)
(маміна родная вёска), і за іх трэба было заплаціць – 2500 злотых. Месячная студэнцкая стыпэндыя ў той час цягнула на 1200 злотых. Наступнага дня мама паехала па кніжкі роварам, а я капічыў сена, застаўшыся сам-насам зь невыносным цяжарам маўклівага бацькавага гневу. Сярод гэтых выданьняў, у асноўным раманаў Джозэфа Конрада, Уільяма Фолкнэра і Патрыка Ўайта, „Уліс” вылучаўся сваім большым фарматам. Акрамя таго, кніжкі мелі свой характэрны, кіславаты пах, вельмі адрозны ад паху польскіх і савецкіх выданьняў. Гэты пах заўсёды цьмяна адчуваецца мною ў водары сушанага сена.
Бальшыню з тады замоўленых кніжак я прачытаў на летніх вакацыях, рыхтуючыся да паўторных экзамэнаў у верасьні. (Наколькі памятаю, не было такіх вакацыяў, каб я не заваліў хоць аднаго экзамэну.) Такім чынам, чытаньне літаратуры, асабліва на ангельскай мове, спалучаецца ў мяне з пачуцьцём вінаватасьці і напружанасьці як умоўным рэфлексам. „Уліс” застаўся наастатак, калі я рыхтаваўся да самага апошняга, дыплёмнага экзамэну. Было гэта ўжо сярод іншых сьценаў і іншых галасоў, восеньню 1984 у Бельску. Жылося мне ў той час зусім безнадзейна: я штодня ўставаў а палове шостай і йшоў на цягнік, які за гадзіну і пятнаццаць хвілінаў дапаўзаў да Беластоку, дзе я вучыў ангельскай мове 300 дзяцей у пачатковай школе. Вяртаўся назад зноў у поцемках, сплючы ў запляваных і пракураных купэ. Біялягічны гадзіньнік будзіў мяне хвіліны за дзьве перад бельскім вакзалам. Дома чакала мяне заданьне вылічыць даўжыню сьпінавай хвалі, якую я ўзбудзіў у аморфным мэталічным фэрамагнэтыку падчас экспэрымэнту пры ядзерным рэактары каля Варшавы. Вынік трэба было запісаць у форме pracy magisterskiej . Я мусіў здаць свой апошні экзамен да траўня 1985, бо потым бралі мяне do wojska. Гэткія абставіны, акрамя генэтычнага ўспаміну аб часах прыгону зь іхняй адзінай магчымасьцю сацыяльнага авансу для прыгоньніка в солдатах , выклікалі ўва мне яшчэ й постфэўдальную, пралетарскую фрустрацыю. За маю настаўніцкую зарплату можна было купіць 15 бутэлек гарэлкі, калі ня браць пад увагу кошт пераездаў па маршруце Бельск-Беласток-Бельск.
Чытаньне „Ўліса” выратавала мяне ад апатыі і зьняверанасьці, што падсьцерагалі пасьля зьмены варшаўскага, студэнцкага жыцьця на ваўкавыйную аднастайнасьць маламестачковага гібеньня. Кніжка Джойса дазволіла адключыцца ад экзыстэнцыяльнай рэальнасьці (ці, дакладней, нерэальнасьці) і ўхапіць псыхічную раўнавагу паміж фізыкай (цьвёрдага цела) і мэтафізыкай у часе, калі я кожнай клетачкай свайго арганізму пачаў засвойваць, што свабода ёсьць усьвядомленая неабходнасьць . Я ня буду казаць, што я адразу раскусіў „Уліса”, стаўшы чытаць яго ў арыгінале, аднак жа першае ўражаньне было пачуцьцём захапленьня. Раман узьдзейнічаў на мяне сваім кумулятыўным літаратурным зарадам: неймаверна багатай мовай, якую, як мне наіўна ўяўлялася, я дастаткова вывучыў за 10 гадоў хай сабе нерэгулярнага і пазашкольнага, але ўсё ж настойлівага і сур’ёзнага падыходу; экстравагантнай фабулярнай завязкай; адмысловым стылем, сьпярэшчаным моўнымі гульнямі і надзеленым небывалай музычнасьцю; густашчыльнай сеткай літаратурных, культуралягічных, гістарычных, міталягічных, філязафічных, філялягічных, тэалягічных і іншых асацыяцый. Я не разумеў шмат чаго, але, калі пакарыстацца пэрыфразай Марсэля Пруста, „бачыў цьмяна ў захапленьні”. [4] Стылістычна пакручастая, але сэмантычна празрыстая творчасьць Пруста зьдзяйсьнялася пад эстэтычным дэвізам voir clair dans le ravissement.
Тэкст падаўся настолькі эстэтычна зладжаным, што мэлёдыя гучала нават для мяне, які ня ведаў бальшыні нотаў.
Читать дальше