З тае пары ён гісторык, і бачыць душы ў зямлі і сьценах, у травах і зорах; глыбы эпохаў і ўзгор’і вялікіх падзеяў у любым грудку пад нагамі; з тае пары яму дастаткова аднаго доўгага позірку, каб у глыбіні краявіду заварушыўся волат велічынёй з гару. Краіна замкаў, круглы стол караля Артура, зямля Афір, Гіпербарэя і Атлантыда – усё гэта ўсплывала, калісьці, на сьвітанку часоў, патопленае ў балотах сэрца Еўропы.
Беларусь, зямная плоць ягоная, агромністае цела ягонае… І пакуль сьвет умяшчаецца ў ягонай галаве, пакуль ён жывы – самае важнае, цудоўнае і адзінае балючае для яго будзе тут, і найлепшае, і найвялікшае – чуеце, вы ўсе! – будзе тут, дзе жыву Я! Беларусь, прах ягоных невядомых продкаў, падмурак ягоных крокаў, плоць ад плоці ягонай, прастора ад зямлі да неба, месца, зь якім ён сальецца навечна, калі ўсё скончыцца – тут, у цэнтры сусьвету.
Але вось і ягоная гісторыя заканчваецца.
“Ты яе выгнаў?.. Зь дзіцём?!..Ты больш мне ня сын, чуеш!” – адкуль у яе гэтая гістэрыя, у вечнай ціхоні. Ведзьма. Сама за тры дзясяткі гадоў так і ня выдала, хто ягоны бацька.
Горкі попельны прысмак. Не, назад дарогі таксама няма.
Глыбей у змрок ён нават ня мог глядзець – бо гэта там, у цемрадзі, у лагчыне, пад вялізным дрэвам на паўнеба адбылося гэтае праклятае, праклятае, праклятае зачацьце.
Гэта ён сам зьвёў Волю зь Цімурам. Топ-мадэль для Чорнага квадрату. Патрэбная Танцаўшчыца, стары. Проста танцаўшчыца, нічога болей. Ды не. Кажу табе. Прыяжджае сур’ёзны госьць, напрыклад, і тут хоп: чачотка, танец жывата, ну такое… Патанчыла і зьнікла. Звыш-жанчына, ты разумееш, Осіфавіч? Гатовы плаціць мільён у год. Стары… Канечне, баксаў.
Белазор чакаў яе, курыў цэлую ліпеньскую ноч напралёт, палаў ад рэўнасьці вунь там, на траве ля Сьвіслачы, дзе цяпер заліты каток, зь відам на Цімураву чорную вежу, на адзінае асьветленае вока цыклопа. Зьнерваваны, зьедзены згрызотамі, прыніжаны – гэта ён моўчкі ўтаропіўся ў яе ненавісныя чорныя вочы на золку, сьцяў зубы і павёў у парк. Гэта ён заваліў яе ў зарасьнік ці яна яго?.. Хацеў згвалціць?.. Забіць?..
Адсюль, з гэтай чорнай начы, і зачаўся ў яе ўнутры дэман, маленькі цімур – і адсюль, менавіта адсюль у адказ на сёньняшні зьдзек ворага шпурнуў ён свой айфон проста яму ў твар, ды так, што ашкелкі ад башкі выбухам заіскрылі па офісе.
Успышка. Ярасны вагеньчык, вока злога. Рваў, зьдзіраў зь яе панчохі сетачкай. Халаднаватая, вільготная зьмяіная луска абвівала цела супраць ягонае волі. Намацвала ў ім жарсьць, сьцятую нянавісьцю. Язык зьвіваўся ў зубах, гатовых сьціснуцца да крыві. Клубок. Спруцяненьне.
Аж застагнаў ад роспачы. Зараз укусіў бы!.. І дыхнуў, як дракон – іскрамі.
А па-над усім, справа, аграмада гатэля “Беларусь”, слуп вагнёў, што з глыбіні водаў падымаецца ў неба, а насупраць бліскучая навальнічная вежа “Непагаснага” – і там начамі ня сьпіць, пазірае ў захоплены горад Цімур.
“Непагасны” – гэта ня бізнэс, – казаў Цімур, – і Белазор адводзіў вочы ад ягонага позірку. “Непагасны” – гэта спосаб даць чалавеку шчасьце. Ні больш, ні менш. Шчасьце. І я хачу, – Цімур зводзіў чэпкія, жалезныя пальцы шчэпцю, – каб адзін квадратны сантыметр “Непагаснага” даваў поўнае шчасьце кожнаму.
Пякучая, агністая справа… Узважваў цыгарэціну, і дыхавічна кшталтаваў дым. Агеньчык на вазе, ягоная апошняя зорка. Выпрабоўна выдыхнуў, спрабуючы разгледзець там свае выдыхнутыя думкі.
Вось Чалавек, думаў ён тады. Не высакалобы дзеяч, не саладзенькі барадаты бацюшка, не апоеная сабой глянцавая зорка – вось ён, Чалавек, які мае ЎСЁ, і думае не пра ўладу, раскошу, а пра Шчасьце. Для кожнага. Чалавечышча. Адсюль і моц гэтае строгае, чорнае постаці. Адсюль і страшны цяжар позірку, якога не вытрымлівае аніводзін сьмяротны – цяжкога, як сама сапраўдная чалавечнасьць.
Але горш за ўсё было там, за сьпінаю. Азірнуцца, нават паглядзець у той бок, да Гандлёвай, ён ня мог ужо некалькі гадзінаў. Месца, дзе сёньня… Клініка з радзільняй і абартарыем. Кроў, брунатна-чырвоныя пляскі на бліскучай белай кафлі, у-эээ, аж ванітуе!.. Што выблёўвае гэтае нутро, што, яшчэ жывое, пляскае ў памыйку – ягонае ці Цімурава ?..
Вагню заставалася ўсё менш і менш, непапраўна менш, яго калаціла дробная дрыготка. З астатняй цыгарэтай сыходзіла ўсё ягонае жыцьцё. Дым паглынаў мазгі, тлелі лёгкія, і ён ператвараўся ў бясплотную цьмяную істоту, і выдыхаў, пакідаючы ў сухім астатку толькі нянавісьць і зло.
Адзінае, ува што яму так і не ўдалося пранікнуць позіркам, выхапіць хоць іскарку сэнсу, хоць укол сутнасьці – гэта і быў чорны квадрат. Бездань, у якую вочы правальваліся з хуткасьцю свабоднага палёту. Гэта і захапляла.
Читать дальше