Доктар Ліхтштайнер, стары мудры нямецкі габрэй, ужо тады прачнуўся і паглядзеў на яго адпаведнымі выпадку квадратнымі вачыма. Ідэальны брэнд.
З адным чорным квадратам пад пахай, сьледам за афіцэрам аховы па гулкіх, яшчэ пустых залях Палацу, ён ледзь пасьпяваў за зданямі адлюстраваньняў па калідорах – і надломваўся ў плітах глянцу, у мармуровым тумане прывідны сьвет, які заўтра авалодае ўсёй краінай. Постаць перад агромністым, ва ўсю сьцяну, вакном, абярнулася – і калідор, бясконца адлюстраваны, праваліўся ў далячынь, разбураючы начны горад, і той, пра каго ўсе гаманілі, але ніхто ня бачыў, паглядзеў Андрэю Белазору ў вочы. Ён ледзь пасьпеў падхапіць сэрца, што раптам упала ў глыбіню.
Бяскроўны, моцна сьцяты рот і надламаныя бровы крывіліся, ня ў сілах прысутнічаць побач з расьсечанымі наўскось, нібы ўдарамі шаблі, чорнымі вачыма. Скулы западалі, і адно аграмадны лоб з залысінамі ды жалезабетоннае падбароддзе стрымлівалі гэты твар, каб ён не праваліўся ў цемень вачніцаў цалкам.
…Цяпер апошнюю цыгарэту, і ўсё.
Белазор нервова выбіў з пачаку астатні патрон тытуню, выскаліўся і паднёс запальнічку. Рука дробна дрыжэла. Агеньчык ледзь трымцеў, адчайна ўнікаючы канчара.
Ён заўжды ганарыўся сваёй здольнасьцю пранікаць у сутнасьць рэчаў, бачыць схаваны сэнс. А Беларусь – гэта суцэльны стоены сэнс! Зь “Непагасным”, цэлай імперыяй гандлёвых і забаўляльных цэнтраў, кіно і казіно, са сваёй тэлевізіяй, з хабам айці і падвалам лабараторыяў, са звышзадачай прыцягнуць сюды, у Беларусь, увесь сьвет – ён, маньяк-гісторык, сам тварыў гісторыю. Беларусь, адсутнасьць сутнасьці, ледзь бачнымі абрысамі на чорных квадратах, цяпер прыцягвала, як чорная дзіра, што паглынае зоры. І калі ўся краіна, за тры гады заселеная ягонымі ідэямі, задраўшы голаў, глядзіць на тваё , выхапленае пару тыдняў таму з галавы, – о, ад гэтага каму хочаш зьнясе дах.
Ад заробку, які павышаўся ў разы штомесяц, ад усіх гэтых тачак, пералётаў па еўропах ды пентхаўсаў на перамовах, а найбольш ад размаху працы – так, у яго рэальна зносіла. За шэсьць дзён, з панядзелка па суботу, ты мог стварыць цэлую галактыку: білборды, экраны, кліпы акуналі раёны, кварталы, жылыя масівы ў Белазоравы мроі. Ён жыў, еў і спаў у Палацы. Ён шалёна выдыхаў цыгарэтны дым у адчыненыя вокны, запальваў каманду крыэйтараў, кампутаровых геніяў ды прадусараў – і выдаваў на плазьменную сьцяну ў кабінеце Цімура новую эру.
Шкада гэтага агеньчыка. Шкада гэтай апошняй цыгарэткі. І самае галоўнае, шкада сябе самога, да сьлёзаў. Адзіны беларус, які меў шанец нарэсьце абеларусіць Беларусь.
Ён зло ўсмактаў ірдзеючае пекла ўсярэдзіну, і лёгкія перапоўніў ёдкі дым. Дым ня грэў, а выпальваў – і ён моцна выдыхнуў у твар усяму сьвету.
Дым на імгненьне затуманіў катлавіну Нямігі і выпарыўся. Нібы ў кашмары, па-над ім стаялі і глядзелі незьмігутна дзьве цыклапічныя постаці: вежа Цімура ў трыццацітрохпавярховай “Раял Плазе” і чорны гранёны крышталь “Хілтану, Дабл тры”, дзе цяпер месьціўся тэлецэнтр “Непагаснага”.
Ён сплюнуў. Грамавы голас, выбух ва ўласным сэрцы й імпэтны, ценкі звон ашкелкаў па ўсім офісе. Ажно засіпеў, скрывіўшыся ад унутранага болю.
А тады, увесну, было так сонечна… На Дзень Волі – той самы дзень, калі ён, бывала, падлеткам гарлаў на бел-чырвона-белых шэсьцях “Жыве Беларусь!”… Запомніў, бабкі гандлявалі “коцікамі” ля касьцёла, каталіцкае Дабравесьце… І жыла Беларусь, і лёгка каўталася сьвежасьць, пах зямлі, пранізьлівы, толькі вось з-пад сьнегу… Ён мераў вокам і крокам ад Цімура да Палаца той катлаван Нямігі, гнілы лог мінулага, які неўзабаве хіба адзін застанецца ад колішняга беларускага ўбоства – і на хвілінку, усяго на хвілінку прыпыніўся ўдыхнуць на поўныя грудзі.
І раптам, ці то з плыні Нямігі, дзе цёк сабе міма народ, ці то з-пад зямлі, зь пераходу метро, ці проста з золю і лёгкай сонечнай смугі – успыхнула. Ягоны акаём адразу зарэгістраваў нейкую беласьнежную істоту, што плаўна паднялася з правалу Нямігі проста перад ім, ахінула яго хрусталёвым зьзяньнем – і пачала лёгка адлічваць па гранітных прыступачках угару, на Верхні горад, цокат ягонага сэрца – цок, цок, цок.
Белая дзявочая постаць царквы дагэтуль на гары. Стройная. Уладарная.
Воля.
Белая-белая, сьнежнае сьвежасьці зь серабрыстым, яна падымалася да барокавых вежаў, яна таптала параю мармуровых калонаў, голых да аблягаючай сьцёгны спадніцы, усе правілы прыстойнасьці, паводзіла ідэальнымі клубамі так, што калыхалася глеба, яна ўсаджвала штокрок удары каралеўскіх шпілек, рана за ранай, з абыякавай асалодай халоднае прыгажуні – слабееш да млосьці – яму ў самую сярэдзіну, з кожным узмахам ягоных вейкаў успыхвала крыламі ўкладка сьветлых, з залацістым адлівам, валасоў – і, клянуся, яе анёлава постаць з кожным узмахам ледзьве краналася зямлі.
Читать дальше