1 ...6 7 8 10 11 12 ...26 – Купі сабе што-небудзь… залаты кулончык ці ланцужок, – запіхваў ёй грошы ў станік. Вера моршчылася, але прымала гульню – ідэальных мужчын не бывае. Урэшце, ён не забірае, як Лёнчык, а дае. Вера трывожна цярпела загулы, хвалявалася, каб чаго не здарылася. Яна па-свойму кахала Віктора, без юнацкай жарсці, спакойным каханнем пасталелай, памудрэлай жанчыны. Радавалася, што буйныя здзелкі здараліся не вельмі часта. У астатнія дні Віктор алкаголь ужываў умерана…
У кватэры затарахцеў тэлефон. Грымеў стары тэлефонны апарат кватэрнай гаспадыні, з дырчатым дыскам на баку, пад кожнай дзіркай намаляваныя лічбы 1, 2, 3, 4… Зверху ўпоперак ляжала тэлефонная трубка. Вера ўзняла трубку і прыклала да вуха.
– Вера, добры дзень. Гэта Рыта.
Званіла кватэрная гаспадыня. Між сабой з Вікторам яны называлі яе Марго.
– Добры дзень, Рыта, добра, што вы пазванілі. Я сёння сама збіралася вам званіць. Вы ж павінны былі ўчора прыехаць па грошы.
Учора надышоў дзень аплаты, а Марго не з’явілася. Падрыхтаваныя грошы чакалі ў шкатулцы. Яны ляжалі паверх Верынай біжутэрыі, прыхлопнутыя накрыўкай у скарбонцы сціплых каштоўнасцяў.
– Нешта я заматалася. Няма часу вырвацца, – нібыта сама здзіўляючыся гэтай акалічнасці, прамовіла Марго. – Я прышлю па грошы Цёму. Ён зможа прыехаць к чатыром гадзінам. Як наконт чатырох? Атрымаецца ў цябе, будзеш дома?
Марго была жанчына пунктуальная. Паўгода кожны месяц прыязджала ў адзін і той жа дзень да кватарантаў па грошы. Але ж усякае здараецца.
– Добра, добра. Мне якраз гэты час падыходзіць. У чатыры буду дома, – пацвердзіла Вера.
– Цудоўна. Дамовіліся. Цёма пад’едзе.
Вера паклала трубку. Яна часта чула ад Марго пра Цёму. Цімафей – старэйшы сын Маргарыты Паўлаўны. Так гучала імя і імя па-бацьку кватэрнай гаспадыні. Але яе так ніколі ніхто не называў. «Якія мае гады», – любіла паўтараць саракагадовая Марго. Яе сыну было каля шаснаццаці гадоў. Вучыўся ў старэйшых класах. «Цёма тое, Цёма гэта… Цёмка мне дапамагае, Цёмка любіць малодшую сястру. Цёма ў краму збегае і кватэру прыбярэ», – сын Цёма не сыходзіў з языка Марго. Вера завочна палюбіла Цімафея. Залатое дзіця.
Без пяці хвілін чатыры ў дзверы пазванілі. Вера адклала шыццё і, шморгаючы тапкамі па падлозе, выйшла ў пярэднюю. У дзвярное вочка яна не зірнула, ведала, павінен прыйсці Цімафей па грошы. Вера расчыніла дзверы. На пляцоўцы перад ёй паўстаў цемнаскуры, кучаравы мулат, у чорнай куртцы. Чорныя, вугальныя зрэнкі з яркіх бялкоў спакойна глядзелі на Веру. Некалькі імгненняў яны моўчкі стаялі насупраць.
– Вы кагосьці шукаеце?.. Я магу вам дапамагчы? – расцягваючы і выяўна вымаўляючы словы для замежніка, што дрэнна разумее сказанае, вылузвалася Вера перад незнаёмцам.
– Я Цімафей! – адрэзаў мулат.
– Цёма?! – высокай нотай вырвалася ў Веры, яе вочы зрабіліся пулятымі зенкамі.
– Я па грошы прыйшоў. Мама сказала забраць.
– Так, так… канечне… – разгублена тарахцела Вера. – Марго тэлефанавала, казала, што ты прыйдзеш, ой… – Вера спахапілася, што назвала гаспадыню патаемным іменем Марго, і няўдала выправілася. – Маргарыта Паўлаўна… гэта… я хацела, хацела сказаць… Рыта.
– Я магу зайсці? – насуплена спытаў Цімафей.
Ён мужна зносіў непрыемную сцэну, быццам ён іншапланетнік. Не першы раз трапляў у падобную сітуацыю.
– Канечне, Цімафей, праходзьце калі ласка, – Вера разгублена звярталася да падлетка на «вы».
Цімафей зайшоў у пярэднюю. Вера адводзіла вочы, каб схаваць у іх здзіўленне. Цімафей глядзеў насуплена, але ўпэўнена. Ён не губляўся ў краіне белых людзей. У яго была надзейная апора – мама Рыта. Але ледзь улоўны смутак залёг ў глыбіні вугальных вачэй. Ён тут чужы.
– Можа быць, гарбаты? – прапанавала ўпалым голасам Вера. Яна не ведала, як рэабілітавацца за свае дурацкія паводзіны. Зладзіла сцэну з пулятымі вачамі: «Цё-ё-ма?!»
– Не, дзякуй. Мне трэба ехаць дамоў, сястру з садка забіраць, – буркнуў Цёма.
– Я зараз… хвілінку пачакай, – паспешліва прамовіла Вера і панеслася да шкатулкі, ляпнула адкінутай накрыўкай, ухапіла долары і электравенікам вярнулася да Цімафея, працягнула яму грошы. – Тут падлічана… якраз колькі я павінна заплаціць, без рэшты. І вось што, Цімафей, – нарэшце Вера саўладала з разгубленасцю і пацвярдзелым голасам дала даручэнне сыну кватэрнай гаспадыні: – Перадай, калі ласка, маме, што прыходзілі з ЖЭСа. Нешта там падпісаць трэба, няхай ім патэлефануе.
– Я перадам, – бліскануўшы з-пад смуглявага ілба бялкамі вачэй, паабяцаў Цімафей.
Читать дальше