– Гэта для жанчын вайна скончыцца, а мужчыны пагоняць фашыстаў далей, на захад.
– Я заўсёды буду вас кахаць і чакаць, Сяргей Анатольевіч.
– Мне не трэба заўсёды, я хачу цябе зараз, – катэгарычна сказаў ён і памкнуўся абняць Клаву.
Яна адхіснулася і адказала:
– Я вясковая дзяўчына старасвецкага выхавання. У нас не прынята жаніцца па-сабачы без сватоў і шлюбу. Мне пара, бывайце.
Клава памкнулася да дзвярэй зямлянкі, але Сяргей абхапіў яе за плечы, затрымаў:
– Ну, куды ты, дурненькая? Я цябе не пакрыўджу. Нам будзе добра, пабачыш.
– Не хачу я вашага дабра, – адказала Клава, вырываючыся з ягоных абдымкаў.
– Я цябе нікуды не пушчу, – утрымліваў яе за рукаў Сяргей. – Ты будзеш мая, мая, уся, уся, – яго свавольныя рукі абмацвалі яе грудзі.
– А я заўтра ўсё камандзіру раскажу! Вы п’яны, і невядома што вырабляеце!
Клаве раптам здалося, што яна баіцца гэтых ачмурэлых вачэй і ўчэпістых рук. Яна бараніла сябе, сваю годнасць і пры гэтым кахала яго, такога жаданага і чужога.
– Ты не сувязная, ты даносчыца! Ты шпіёнка! – злосна прамармытаў Кедраў. – Заўтра ж напішу рапарт, каб цябе арыштавалі і расстаралялі за тое, што ты ў такі адказны час адмаўляеш савецкаму афіцэру ў самым неабходным!
Ён, няпэўна стоячы на нагах, раптам зарагатаў хрыпла і жорстка, быццам уявіў, як яе будуць расстрэльваць і зласліва радаваўся гэтаму.
– Пішыце зараз, калі ўтрымаеце аловак у пальцах, – з’едліва адказала Клава, вырвалася, адштурхнула Кедрава і памкнулася да выхаду.
– Змяя балотная! Тваю маць! – пачула яна ўслед і хуценька зачыніла за сабою дзверы, адбегла, схавалася за сасну, баялася, што Сяргей кінецца даганяць.
Зімовы лес насцярожана маўчаў, толькі зрэдчас патрэсквалі на марозе дрэвы. Неба завалакло хмарамі, там-сям праз іх дзіравы невад праглядвалі зоркі. Напэўна, на адлігу. Сувязная пастаяла ў нерашучасці, падумала, мо варта вярнуцца, я ж яму падабаюся. Ён так сябе паводзіць таму, бо напіўся. Але тут жа сама сабе сказала, што, калі кахае, дык будуць новыя сустрэчы. Ён яшчэ будзе прасіць прабачэння за сваё нахабства. Да чаго дадумаўся! Не трэба мне шчасця на адну ноч! Яна намацала рукою халоднае жалеза пісталета ў кішэні і рушыла ў зваротны шлях. З таго часу, як Алёша Здзітаўскі падараваў ёй гэтую цацку, яна звыкла хадзіць са зброяй. Прынамсі, сустрэчы з ваўком не баялася, больш асцерагалася звяроў двухногіх, якія палаюць лютай нянавісцю да партызанаў і ўсіх, хто ім дапамагае. Алёша жыў на ўскраіне Антопаля з бацькамі, трымаў гаспадарку. Ягоны агарод выходзіў на шырокі выган з рэдкім кустоўем, далей цягнуўся лес. Гэта дазваляла незаўважна сустракацца з партызанскімі сувязнымі. Клаве ён дапамагаў асабліва ахвотна. Разам яны аднойчы напаілі паліцая Сцяпана Дзеркача самагонкаю і пакралі ў яго патроны. Алёша для яе быў надзейным сябрам. У памяці выплыў гэты сціплы хлопец з прыязным позіркам зялёных вачэй, у картузе з прымятым казырком, невысокі з крываватымі нагамі. Дзе ж ён цяпер? Ці жывы?
Пазней пры сустрэчах Кедраў быў з Клаваю падкрэслена сухі, гаварыў толькі пра справы. У хуткім часе, ён заняў Клавіну «пасаду», стаў лічыцца сакратаром Антопальскага падпольнага райкама камсамола, хоць з тэрыторыі размяшчэння партызанскага атрада не высоўваўся і да вызвалення не ведаў, як той Антопаль выглядае. Клава па-ранейшаму выконвала неабходную работу, якую ёй даручалі як сувязной. Яна таксама ніяк не выяўляла сваіх пачуццяў, хоць шмат думала пра Сяргея, пакуль не ўпэўнілася канчаткова, што ён яе не кахае. Здарылася гэта Восьмага сакавіка. Камсамолкі вырашылі наладзіць невялікі канцэрт у партызанскім атрадзе. Клава таксама далучылася да гэтага гурту. Сцэнаю была невялічкая палянка, акружаная высокімі елкамі, за якімі дзяўчаты пераапраналіся і прыхарошваліся. Клава выйшла на сцэну, каб праспяваць «Кацюшу», і раптам убачыла Кедрава. Ён стаяў побач з Вандай Вышанскай, сувязной з Антопаля, пра нешта з ёю гутарыў, усміхаўся і, здавалася, зусім не звяртаў увагі на тое, што адбывалася на ўяўнай сцэне.
Клава не помніла, як даспявала песню, як схавалася за елкамі, ускінула на плечы світку і паспяшала дамоў з адзінаю думкаю ў галаве: «Чаму я ў гэты дзень не захварэла?! Не трэба было спяваць. Вышанская, бадай, аказалася больш згаворлівай. Няхай жывуць. Такі лёс. Заблудзілася маё шчасце недзе, ніяк мяне не знойдзе. А я ж на Сяргея гатовая была маліцца».
Цяпер Клаўдзія Міхайлаўна разумела, што няварты быў Кедраў яе светлага кахання. Але што зробіш са сваёю апантанаю душою? Як ні ўгаворвай яе, якія доказы ні прыводзь, а яна цягнецца, бы кветка да сонца, да адзіна каханай асобы.
Читать дальше