– Вы не ўяўляеце, як хочацца, – адказаў ён, беручы яе пад руку.
Яна здзіўлена паглядзела на яго кірпаты профіль пад казырком фуражкі, адчула нейкі дзіўны спакой і абароненасць. Яны ішлі поруч, маўчалі.
– Я не магу ўспомніць, як вас завуць, – схамянулася Юля.
– Барыс Бабровіч.
– А бацька ваш Міхаіл Канстанцінавіч?
– Не, Кандратавіч.
– Склероз пачынаецца, – засмяялася яна. – А вы ведаеце, што я жыву ў мікрараёне, вас чакаюць транспартныя выдаткі.
– Я гатовы ехаць з вамі хоць на край свету, – адказаў хлопец, спыняючы таксі.
Як толькі селі ў машыну, Барыс назваў яе адрас. Юля моўчкі здзіўлена паглядзела на хлопца. Ехалі яны ўсяго хвілін пятнаццаць і за гэты час не прамовілі ніводнага слова, саромеючыся таксіста, толькі паглядвалі адно на аднаго, ніба вывучаючы рысы твару.
Барыс меў тую непрыкметную знешнасць, якая не вылучаецца ў натоўпе. Шэрыя вочы, кірпаты нос, свежы твар, валасы коратка стрыжаныя. Хлопец як хлопец. Калі выйшлі з машыны, Юля падзякавала за якасную транспартную дастаўку каштоўнага грузу.
– Я гатовы гэты груз да смерці на руках насіць, – запэўніў яе хлопец.
– Каму патрэбны такія ахвяры? – засмяялася Юля.
– Ахвяраванне ў гонар багіні кахання, – ці жартам, ці ўсёр’ёз адказаў хлопец.
– Адкуль вы ведаеце мой адрас?
– Я ж у міліцыі працую.
– Зразумела. Што ж, мне пара ў маю вавілонскую вежу, – сказала дзяўчына, ківаючы ў бок дзевяціпавярховага інтэрната.
– Нічога, у мяне ёсць магчымасць атрымаць службовую кватэру, трэба толькі ажаніцца.
– Нявеста ўжо ёсць? – спытала Юля.
– Ёсць, з тае першай нашай сустрэчы…
– Не размею.
– Не ўсё адразу, – усміхнуўся Барыс. – Можа, пойдзем у кафэ пасядзім? Ці вас правесці дадому?
Юлі не спадабалася, што гэты хлапчук раптам уварваўся ў яе жыццё і спрабуе распараджацца паводле свайго меркавання.
– Мяне дома чакаюць муж і дзеці, – схлусіла Юля.
– Не трэба выдумляць алібі, Юлія Максімаўна. Я сабраў пра вас усю неабходную інфармацыю. Сустрэча наша зусім не выпадковая. Разумею, што для вас гэта нечакана. Але ж у мяне не было іншага выйсця. Усе гэтыя гады я думаў пра вас.
Яна адчула сябе ніякавата, бо не мела звычкі хлусіць, а яшчэ таму, што гэты хлопец быў маладзейшы за яе.
– Давайце сустрэнемся заўтра ўдзень, – прапанаваў ён.
– Чаму ўдзень?
– У мяне заўтра выхадны. І пашпарт вазьміце з сабою.
– Навошта?
– А што ж я буду правяраць, грамадзяначка?
– Вам абавязкова трэба нешта праверыць? – засмяялася Юля не столькі са свайго пытання, колькі з-за прыхаванага падтэксту.
– Абавязкова. Прафесійнае захворванне, як вы заўважылі.
– Добра, але рыхтуйцеся ў такім разе расказаць і пра вясковае жыццё вашых бацькоў, і пра вашу міліцэйскую службу. Не буду ж я дарма час марнаваць.
– Усё, усё раскажу.
Яны дамовілі аб месцы і часе спаткання. Барыс пацалаваў ёй руку на развітанне.
Ліфтам Юля паднялася на сёмы паверх. Тут было шумна, у некага гарлапаніў тэлевізар, гаманілі дзеці, якія звычна бавілі час пасля садка на калідоры. Юля прайшла ў свой пакойчык. Есці не хацелася, гарбата з пачастункамі ў Клаўдзіі Міхайлаўны, пэўна, перабіла апетыт. Яна павесіла куртку, села за стол, стала праглядаць запісы, збіралася накідаць артыкул і раптам злавіла сябе на тым, што думае пра Барыса і ўсміхаецца.
«Вось паскудны хлапчук, – падумала яна, – зусім натхненне выбіў, перашкаджае працаваць. Даўно са мною такога не здаралася. Што ж будзе далей?»
4
Пасля візіту журналісткі ноч у Клаўдзіі Міхайлаўны выдалася бяссонная. Нават рэладорм не дапамог. Яна то клалася ў ложак, то ўключала святло, пачынала чытаць, але не магла адбіцца ад навязлівых успамінаў. Постаці людзей з яе далёка мінулага акалялі яе, пра нешта пыталіся, нечага патрабавалі. Паступова яна выбілася з сіл і больш не працівілася, а пачала размаўляць з імі, перагортваючы дні сваёй маладосці. І сама здзівілася, што так яскрава ўсё помніць з мінулага, у той час як звычайна забывалася пра тое, што здарылася зусім нядаўна.
Ёй згадаўся Сяргей Кедраў. Толькі яго аднаго яна і кахала ў сваім жыцці. У партызанскі атрад ён прыляцеў з Масквы ў снежні 1943 года ў новенькім белым кажушку, у шапцы з чырвонай зорачкай, чарнавокі і жвавы, як цыганчук, з кабурой на поясе. Паколькі ён узначаліў камсамольскую арганізацыю партызанскай брыгады, дык яна, сувязная і сакратар падпольнай камсамольскай арганізацыі Антопальскага раёна, атрымлівала ад яго заданні раскідаць лістоўкі, разведаць колькасць тэхнікі ў нямецкім гарнізоне. Клава была гатовая на ўсялякую рызыку, толькі б спадабацца яму. Упершыню яна перажывала такое моцнае захапленне. Калі раней, накіроўваючыся ў лес, апранала на сябе розную старызну, і ледзь сажаю твар не пэцкала, каб не кідацца ў вочы акупантам, дык цяпер прыбіралася, як на свята, у квяцістую хустку і цёмную світку, аздобленую пушыстым цыгейкавым каўняром. Аднойчы, калі яна, расчырванелая з марозу, шчаслівая ад прадчування сустрэчы з каханым, з’явілася перад Сяргеем, ён здзіўлена прамовіў:
Читать дальше