Юля адсунула свой кубак з недапітаю гарбатай і пачала хуценька запісваць. Настаў той момант, калі, як здалося журналістцы, жанчына разгаварылася, цяпер заставалася толькі разумна ставіць пытанне за пытаннем.
– Вы ў некага закахаліся?
– Так. Але ён аказаўся жанатым. І што я ў ім знайшла? Проста ачмурэнне нейкае навалілася. Ці мо інстынкты мною кіравалі? Жонка ў яго была раўнівая. Мой ліст да яго перахапіла, напісала на мяне данос куды трэба. Карацей, за ўсё трэба плаціць, – развяла рукамі жанчына, на твары яе было напісана пакаянне, як у грэшніцы, якая шкадавала аб сваім учынку.
– Разумею. А дзе ж вы працавалі пасля турмы?
– Уладкавалася ў бібліятэку дзіцячага дома. Сваіх дзяцей у мяне не было, усю любоў я аддавала гэтым сіроткам. Яны мне пасля лісты пісалі з усіх канцоў краіны.
– Вы так і не выйшлі замуж?
– Замужам я была, але мой муж, таксама былы арыштант, не хацеў дзяцей, меў слабое здароўе. Яго жорстка білі на допытах, мо найперш за тое, што меў шляхетнае паходжанне. Ён быў перакананы, што два старыя лагернікі не могуць нарадзіць здаровае дзіця. Зрэшты, пэўна, адчуваў, што мала яму гадоў адмерана. Пражыў ён пасля турмы ўсяго дванаццаць гадоў і аднойчы ціха сканаў у сне. Спынілася сэрца. А я ўсё жыву. Нішто ў маёй душы не змянілася ў адносінах да радзімы. Вы ведаеце, Юлечка, зараз некаторыя выходзяць з камуністычнай партыі, спальваюць білеты, а я хачу вярнуць свой партыйны білет.
– Нашто вам гэта? – здзівілася журналістка.
– Напэўна, хачу яшчэ раз вярнуцца ў маладосць. Пачакайце, зараз я пакажу вам сібірскія фотаздымкі. У мяне іх шмат.
Юля незаўважна для сябе праседзела ў Клаўдзіі Міхайлаўны да прыцемкаў, разглядваючы фотаздымкі, слухаючы яе аповед пра жыццё ў лагеры, пра сібірскую прыроду і тамашніх людзей, схамянулася, калі гаспадыня паднялася і ўключыла святло.
– Вой, я ў вас столькі часу забрала! Даруйце, калі ласка! Як надрукуюць матэрыял, я абавязкова патэлефаную, – спахапілася Юля.
– Можа, не трэба пісаць пра мяне? – зноў выказала сумненне гаспадыня.
– Трэба! Яшчэ як трэба! Дзякую вам за ўсё, – дзяўчына нечакана для сябе самой нахілілася і пацалавала старую ў шчаку як блізкага чалавека.
3
Юля з асалодаю ўдыхнула вечаровае паветра, напоенае пахам першай маладой лістоты. Колькі разоў яна абяцала сабе, што наступнай вясной возьме адпачынак і будзе назіраць, як распускаюцца і цвітуць дрэвы, як наступае лета, весці дзённік, запісваць усё да драбніц, кожную змену ў прыродзе. Але гэтыя абяцанні так і заставаліся няздзейсненымі, бо заўсёды навальваліся нейкія праблемы і справы, а потым прыходзіла лета, калі хацелася з’ехаць куды-небудзь на мора ці хоць на возера, каб не сядзець у задушлівым горадзе.
«Ужо раскісла. Думай пра атыкул, – загадала яна сабе. – Што ж я напішу пра Клаўдзію Міхайлаўну? Бабулька вельмі прыязная, сімпатычная. Але, здалося мне, нешта недагаворвала. Зрэшты, хто з нас гатовы расказаць пра сябе ўсю праўду-матухну? Ніхто. У кожнага свае грахі і тайны! Што расказала, тое і напішу. Гэта ж не дакументальная аповесць, а звычайны газетны артыкул-аднадзёнка, каб пацешыць падпісчыка, што некаму было горш, чым яму. Кажуць, гэта некаторым падымае настрой.
Юля дацягнулася рукой да галінкі, сарвала некалькі клейкіх лісточкаў, расцерла ў пальцах, удыхнула жывы і гаючы пах першай зеляніны.
– Грамадзяначка, пакажыце, калі ласка, вашы дакументы.
Юля здзіўлена падняла вочы і ўбачыла перад сабою маладога міліцыянера, на пагонах ягоных красаваліся дзве зорачкі.
– У нас што, камендацкі час? – здівілася дзяўчына.
– Мой час, – засмяяўся міліцыянер. – Я шмат гадоў марыў з вамі сустрэцца. А сёння паўдня праседзеў каля гэтага дома, чакаючы, калі ж вы выйдзеце. І што вы там так доўга рабілі? Няўжо бралі інтэрв’ю?
– Брала. А што, хіба мы знаёмыя?
– Так.
– Прабачце, я не магу ўспомніць, дзе мы сустракаліся.
– Некалі ў нашай вёсцы Заброддзе вы бралі інтэрв’ю ў майго бацькі падчас жніва. Ён быў камбайнёрам, а я – ягоным памочнікам.
– Першае маё інтэрв’ю, калі была на практыцы! Няўжо вы той самы хлопчык? Ніколі б вас не пазнала, – сказала журналістка, акідваючы позіркам танклявую постаць міліцыянера.
– Вы таксама змяніліся, яшчэ больш папрыгажэлі. Я ўвесь час сачыў за вамі. Маю на ўвазе газетныя публікацыі…
– Сачыць – ваша прафесійнае захворванне? – засмяялася Юля.
– Вядома. Не без таго. Дазвольце правесці вас дадому.
– Правядзіце, калі так хочацца.
Читать дальше